19 траўня 2024, Нядзеля, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія ўлады забаранілі 50 пікетаў

10
Віцебскія ўлады забаранілі 50 пікетаў

Апошнюю адмову ад адміністрацыі Першамайскага раёна атрымалі Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў.

29 кастрычніка яны хацелі правесці пікет салідарнасці з палітвязнямі, піша ПЦ «Вясна».

Каардынатар Руху «За свабоду» Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэта ў стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раённых уладаў было мінімум падстаў адмовіць. Пікет салідарнасці з палітвязнямі быў прызначаны на будні дзень, бо ў перадапошні раз актывістам не ўдалося ўкласці дамову на абслугоўванне акцыі з медыкамі. З цэнтральнай гарадской паліклінікі адказалі, што ў выходныя няма магчымасці арганізаваць дзяжурства машыны хуткай дапамогі, бо іх на працы і так няшмат.

«На гэты раз медыкі адмовілі нам ізноў. Але ўжо не паказаўшы ніякай прычыны наогул - проста напісалі, што немагчыма ўкласці з намі пагадненне, ды і ўсё! З міліцыі на наш запыт мы наогул не дачакаліся адказу. Дарэчы, ліст аб забароне акцыі з Першамайскай раённай адміністрацыі мы ўжо атрымалі, а з упраўлення МУС - не. Хоць лісты ў адказныя структуры мы разаслалі раней, чым падавалі заяўку. Такім чынам, з усіх адрасатаў станоўчы адказ мы атрымалі толькі ад структуры ЖКГ, яны не супраць укласці з намі дамову на ўборку пасля пікету», - распавёў Аляксей Гаўруцікаў.

Папярэдняе заключэнне дагавораў на абслугоўванне акцый рэгламентавана пастановай гарвыканкама №881 «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Віцебску». Яна была прынятая тры з паловай гады таму, а з таго моманту ў Віцебску не было дазволена ні адной акцыі з ініцыятывы апазіцыйных актывістаў. Хоць колькасць пададзеных за гэты час заявак складае дзесьці паўсотні, працягвае Гаўруцікаў:

«У 2011 годзе мы з Жаляпавым падавалі заяўкі штомесяц. У мінулым годзе, можа, крыху радзей. У гэтым годзе - зноў штомесяц. Акрамя нас, актыўна падаюць заяўкі сябры Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, праваабаронцы. Адным словам, штук 50 заявак дакладна было пададзена. Але - безвынікова. Бо пастанову гарвыканкама выканаць нікому не ўдаецца: адказныя структуры - а гэта міліцыя, ЖКГ і медыкі - адмаўляюцца з намі супрацоўнічаць, спасылаючыся на розныя прычыны, а то і наогул без тлумачэнняў, як апошнім разам, калі нам забаранілі праводзіць пікет салідарнасці з палітвязнямі».

Віцебскія актывісты мяркуюць, што пастанова гарвыканкама стала перашкодай для рэалізацыі права на свабоднае выказванне меркаванняў і права на мірныя сходы. Неаднаразова яны звярталіся ў гарвыканкам і аблвыканкам, каб змяніць пастанову №881. Але ўлады не згаджаюцца. Не дапамагаюць і звароты ў суд з тым, каб прымусіць адказныя структуры да ўкладання дамоў: суды не падтрымліваюць патрабаванняў актывістаў. Суддзі сцвярджаюць, што заключэнне дагавораў для апазіцыянераў - справа абавязковая, а для дзяржаўных структур - не, і таму яны могуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва. Звяртацца ў нейкія альтэрнатыўныя службы таксама не даводзіцца: у пастанове гарвыканкама «Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Віцебску» выразна прапісана, што дамаўляцца трэба толькі з канкрэтнымі ўстановамі, і ніяк інакш.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках