29 красавiка 2024, панядзелак, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прыдамавыя ноў-хаў» у Менску прафінансуюць за кошт жыхароў

11
«Прыдамавыя ноў-хаў» у Менску прафінансуюць за кошт жыхароў

Усталёўка дамафонаў, рамонт у пад'ездах, добраўпарадкаванне парковачных месцаў - для чаго яшчэ могуць прапанаваць прыцягваць сродкі грамадзян сталічныя ўлады?

Партал interfax.by прасачыў за развіццём гэтай ініцыятывы.

У каго ёсць грошы, той і дапаможа

Старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька заявіў пра неабходнасць больш актыўна прыцягваць грамадзян да ўдзелу ў фінансаванні будаўніцтва парковачных месцаў у рамках правядзення капітальнага рамонту дамоў. У планах капрамонтаў ужо на наступны год неабходна вызначыць, колькі парковачных месцаў будзе створана за кошт сродкаў менчукоў.

Прапанова дальнабачная, улічваючы, што ў цяперашні час у Менску вядзецца капітальны рамонт 128 дамоў, прычым на 33 аб'ектах не выконваюцца тэрміны завяршэння работ. Прычына - адсутнасць дастатковага фінансавання.

Дарэчы, у 2012 годзе пры капітальным рамонце дваровых тэрыторый за кошт сродкаў ЖРЭА арганізацыямі іншых формаў уласнасці створана 8200 машына-месцаў, у тым ліку звыш 1000 - за кошт сродкаў грамадзян.

«Пробным шарам» былі дамафоны

Такім чынам, паркоўкі побач са шматпавярхоўкамі «павесяць» на жыхароў. Аднак гэта не першая «фінансавая павіннасць», якую практыкуюць у беларускай сталіцы.

Дастаткова ўспомніць, што яшчэ ў 2001 годзе Менгарвыканкам прыняў рашэнне № 920 «Аб дадатковых мерах па рамонце і падтрыманню парадку ў пад'ездах жылых дамоў». У дадзеным дакуменце адзначалася, што на 1 студзеня 2001 года «82,3% агульнай плошчы жыллёвага фонду знаходзіцца ў недзяржаўнай уласнасці». Аднак «выдаткі на эксплуатацыю жылля і яго ўтрыманне ажыццяўляюцца пераважна дзяржаўнымі жыллёвымі арганізацыямі з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, а доля сродкаў, якія ўкладаюцца грамадзянамі ў бягучае ўтрыманне жылля, нязначная». Адсюль зніжэнне ўзроўню тэхнічнага стану жыллёвага фонду.

Аўтары дакумента спасылаліся на практыку, у адпаведнасці з якой «там, дзе грамадзяне ўдзельнічаюць ва ўтрыманні і рамонце пад'ездаў сваімі сродкамі, становішча паляпшаецца карэнным чынам». І прывялі ў прыклад працу па прыцягненні грамадзян да ўдзелу па захаванасці жыллёвага фонду ў рамках праграмы «Зачынены пад'езд». Маецца на ўвазе ўсталёўка металічных дзвярэй з замочна-перагаворнымі прыладамі.

Хто заплаціць за рамонт пад'езда?

Пасля правядзення растлумачальнай працы і фармавання паадраснай праграмы выканання работ пад'езды ў Менску ўсё ж такі былі зачыненыя. Аднак з цягам часу спатрэбілася навесці парадак з агідным фінансаваннем капрамонту саміх пад'ездаў.

У адпаведнасці з рашэннем Менгарвыканкама № 1135 ад 20 траўня 2010 года «Аб утрыманні і рамонце жылых дамоў» у мэтах больш шырокага прыцягнення грамадзян да захаванасці жыллёвага фонду і іх маёмасці, скарачэння бюджэтных расходаў, рэкамендавана на рамонт пад'ездаў прыцягваць сродкі насельніцтва. Спецыялісты жыллёва-камунальных службаў праводзілі сходы з насельнікамі пад'ездаў па пытанні рамонту дадзеных памяшканняў з долевым удзелам сродкаў жыхароў. Грамадзянам падавалі каштарыс на рамонт, у якім паказвалі долю ўдзелу кожнай кватэры ў працах. Пасля згоды жыхароў з упаўнаважанай асобай заключалася дамова на рамонт пад'езда з прыкладаннем пакватэрнага апытальнага ліста. Прынятае рашэнне з'яўлялася абавязковым для ўсіх уласнікаў, у тым ліку і для тых, якія не прынялі ўдзелу ў галасаванні альбо галасавалі супраць.

Паводле інфармацыі ГА «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка», за 9 месяцаў 2013 года праведзена 2342 сходы па заключэнні дамоваў на рамонт пад'ездаў з прыцягненнем сродкаў грамадзян, што дазволіла падобным чынам адрамантаваць 1665 пад'ездаў на суму Br7243,32 млн (адсотак удзелу жыхароў у фінансаванні работ па рамонце пад'ездаў склаў 73,3%). Усяго за 9 месяцаў 2013 года адрамантавана 1849 пад'ездаў, што складае 73% ад гадавога плана.

Наступны этап - двары

У рамках плана капітальнага рамонту добраўпарадкавання на 2013 год у Менску запланавана, у прыватнасці, выканаць працы па рэканструкцыі дзіцячых гульнявых пляцовак на 47 дваровых тэрыторыях, усталяваць 547 адзінак новага дзіцячага гульнявога абсталявання.

Аднак хутчэй і больш эфектыўна зрабіць дзіцячую пляцоўку ў двары за кошт жыхароў.

Напрыклад, ЖРЭА Партызанскага раёна сталіцы нядаўна прапанавала ўсім жадаючым прыняць долевы ўдзел ва ўсталёўцы новага дзіцячага абсталявання, размешчанага на дзіцячай пляцоўцы свайго дома, а таксама ў стварэнні новага парковачнага месца для аўтамабіля.

Задавальненне не з танных. Затое варыянтаў для аплаты нямала. Хочаш - за арэлі заплаці, хочаш - за экапаркоўку. За дадатковай інфармацыяй жыхарам прапануюць звярнуцца ў ЖЭС па месцы жыхарства.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела добраўпарадкавання, санітарнага стану і працы з насельніцтвам ГА «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» Зінаіды Ставер, на тэрыторыі 10 менскіх ЖРЭА да канца 2013 года плануецца зрабіць каля 11 000 дадатковых месцаў для часовага размяшчэння аўтамабіляў. У тым ліку ў дварах жылых дамоў-новабудоўляў.

У будучыні, мяркуючы па словах кіраўніка Менгарвыканкама, будаўніцтва парковачных месцаў у дварах пасля капрамонту дамоў будзе пастаўлена на планавую аснову. Цікава, якія яшчэ выгоды ў перспектыве прадставяць менчукам за дзвярыма і пад вокнамі кватэр за іх жа кошт?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках