29 красавiка 2024, панядзелак, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская кароткаметражка «Туфлікі» пазмагаецца за «Оскар»

8

У беларускім кіно такая падзея адбываецца ўпершыню.

«Кароткаметражны фільм рэжысёра Канстанціна Фама «Туфлікі» (SHOES), створаны з удзелам Беларусі, Расеі, Чэхіі, Польшчы і ЗША, прысвечаны памяці ахвяраў Халакоста, прайшоў кваліфікацыйны адбор Амерыканскай Кінаакадэміі і цяпер зможа пазмагацца за прэстыжную прэмію «Оскар» у намінацыі «кароткаметражнае кіно», - паведаміў сапрадзюсар праекта Юрый Ігруша «Інтэрфаксу».

У беларускім кіно такая падзея адбываецца ўпершыню. Лонг-ліст прэтэндэнтаў стане вядомы ў сярэдзіне студзеня 2014 года. Далей застанецца толькі пяць прэтэндэнтаў-фіналістаў. Уручэнне прэміі «Оскар» пройдзе традыцыйна ў Лос-Анджэлесе. У гэты раз урачыстасць прызначаная на 2 сакавіка.

«Праходжанне адбору Акадэміі - гэта ўжо велізарная перамога. Мы прайшлі складаную працэдуру, звязаную з выкананнем тэхнічных патрабаванняў, кваліфікацыйнага пракату ў ЗША, які адбыўся ў вядомай міжнароднай сетцы кінатэатраў Landmark, і паспелі своечасова да дэд-лайну падачы 1 кастрычніка», - распавёў Ігар Лапацянок, сапрадзюсар праекта з амерыканскага боку.

Трэба сказаць, што фільм «Туфлікі» кардынальна адрозніваецца ад таго кіно, якое мы прывыклі бачыць. У кадры глядач бачыць толькі ногі герояў. Менавіта такім незвычайным спосабам рэжысёр фільма Канстанцін Фам паспрабаваў інтэрпрэтаваць гісторыю пары жаночых туфлікаў, якая пачынаецца ў вітрыне крамы і сканчаецца ў брацкай магіле вязняў канцлагера Асвенцым.

«Для мяне самым важным у гэтым праекце было расказаць пра тое, што за кожнай безаблічнай парай гэтага абутку стаіць чалавечае жыццё, якое абрываецца ў адзін момант», - прызнаецца рэжысёр.

У дадатак да незвычайнага візуальнага шэрагу, у фільме няма ніводнага дыялогу або маналогу, гучыць сімфанічная музыка, адмыслова напісаная кампазітарам Ягорам Раманенкам.

Ужо нашумелы фільм «Туфлікі» з'яўляецца першай навэлай кінаальманаха «Сведкі». Дзве наступныя гісторыі - «Брут» і «Скрыпка» - працягнуць апавяданне пра катастрофу яўрэйскага народа. У здымках «Брута» прадзюсары спадзяюцца задзейнічаць вядучых галівудскіх актрыс - Наталі Портман і Мілу Куніс.

«Як толькі будзе гатовы сцэнар на англійскай мове - будзем даваць сцэнары і ім, і іншым актрысам. З упэўненасцю магу сказаць, што мы перадамо агентам гэтых актрыс сцэнар, а потым ужо будзем глядзець на цэннік, ідэалагічныя пажаданні і гэтак далей», - падкрэсліў рэжысёр Канстанцін Фам.

На сённяшні момант кароткаметражка «Туфлікі» ўжо стала ўдзельнікам і лаўрэатам больш чым трыццаці міжнародных кінафестываляў і аглядаў. Яна запрошаная ў калекцыю мемарыяла памяці Яд-Вашэм у Ерусаліме, разам з карцінамі вялікіх майстроў сучаснага кінематографа - Стывена Спілберга, Рамана Паланскі і Раберта Бяніньі.

У бліжэйшых планах - еўрапейская прэм'ера фільма з жывым сімфанічным аркестрам у горадзе Нюрнбергу (Германія) на Арэне Люітпольд у зале з'ездаў НСДАП (у месцы, дзе Адольф Гітлер 15 верасня 1935 года абвясціў расавыя законы Трэцяга Рэйху).

Пра беларускую прэм'еру фільма «Туфлікі» пакуль не паведамляецца, расейская запланаваная на лістапад гэтага года.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках