29 красавiка 2024, панядзелак, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Падвышэнне заробкаў не ўтрымае рабочых у краіне

17
Андрэй Стрыжак: Падвышэнне заробкаў не ўтрымае рабочых у краіне

Чалавек не можа рэалізаваць сябе ў Беларусі, нават калі ён чамусьці навучыўся за мяжой.

Такім чынам каардынатар моладзевай сеткі Прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэй Стрыжак пракамэнтаваў сайту charter97.org заяву міністра працы, што выезд беларусаў на заробкі мае пазітыўныя наступствы.

«Цікава, якім чынам працоўная міграцыя наўпрост дапамагае беларускай эканоміцы? Калі глядзець з пункту гледжання таго, што людзі набываюць там новыя навыкі і ўменні працаваць менавіта паводле нейкіх новых тэхналогій, то можа быць і так. Але калі глядзець праўдзе ў вочы, то большасць працоўных мігрантаў - гэта людзі, якія займаюцца будаўніцтвам і даволі нізкакваліфікаванымі тыпамі працы. Адзінае, з чым можна пагадзіцца, што напраўду гэта з'яўляецца адмысловым экспартам паслуг, які дазваляе прыцягваць у Беларусь гатовую валюту», - мяркуе прафзвязавы актывіст.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсё адно сем'і гэтых людзей застаюцца ў краіне, і тыя грошы, якія яны прывозяць сюды, выдаткоўваюцца тут.

«Выходзіць, што гэта проста экспарт працоўных рук у Расею, Польшчу ці яшчэ кудысьці. Але, безумоўна, сітуацыя з тым, што беларускі рынак рабочай сілы не можа даць адэкватнага заробку тут на месцы, таксама нараджае сацыяльнае напружанне. Бо ненармальная сітуацыя, калі сям'я вымушана жыць у такім разрыве, што бацька працуе недзе ў Расеі, жонка жыве без мужа, а дзеці гадуюцца без бацькі», - адзначыў Андрэй Стрыжак.

Ён перакананы, што ў такім плане гэта абсалютна ненармальна.

«У гісторыі часта было так, што, напрыклад, у Польшчы ці іншых краінах, якія перажывалі трансфармацыю, нейкі час было бязладдзе, бо дзяржаўныя прадпрыемствы ўжо раскідаліся, а прыватныя яшчэ не выраслі. Людзям проста не было дзе працаваць, і яны з'язджалі. І калі гэты працэс будзе пастаўлены такім чынам, што чалавек, які з'ехаў, зарабіў грошы, прыехаў дадому, адкрыў тут сваё прадпрыемства і скарыстаўся тымі навыкамі, якія ён набыў за мяжой, то гэта добра. Але ў рэальнасці атрымліваецца, што чалавек не можа сябе рэалізаваць у Беларусі, нават калі ён нечаму навучыўся за мяжой. Таму што калі ён прыязджае сюды і хоча адкрыць прыватнае прадпрыемства, то адразу сутыкаецца з процьмай праблем, і пахадзіўшы туды-сюды, ён разумее, што яму нават больш выгадна кінуць тут усё і вярнуцца. Гэты патэнцыял, на жаль, не выкарыстоўваецца», - дадаў актывіст.

Ён мяркуе, што проста павышэнне заробкаў не ўтрымае працоўных у краіне.

«Калі падвышаць заробкі і не падвышаць якасць той прадукцыі, якая ў нас зараз вырабляецца, то адно з двух: альбо гэта будзе штучна і давядзецца адцягваць ад чаго-небудзь іншага, датаванага з бюджэту. Альбо проста трэба рабіць так, каб прадпрыемствы працавалі цалкам у рынкавых варунках. А на гэты момант у нашым паўсацыялізме гэта амаль немагчыма», - упэўнены Андрэй Стрыжак.

Нагадаем, некалькі дзён таму намеснік міністра працы і сацыяльнага забеспячэння Пётр Грушнік пацвердзіў, што беларусаў, якія афіцыйна не працуюць на радзіме, прымусяць цалкам аплачваць датаваныя дзяржавай сацыяльныя паслугі - праезд, камуналку, медыцыну. Але цяпер ён і ўвогуле знайшоў у часовым выездзе беларусаў на заробкі за мяжу «пэўныя пазітыўныя наступствы».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках