6 траўня 2024, панядзелак, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: цыгарэты-самастрэлы ад алігарха Тапузідзіса

31

Фірма «Тытунь-Інвест», якая належыць аднаму з «кашалькоў» Лукашэнкі, выпускае цыгарэты з не прылепленым фільтрам.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў чытач.

«Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Надоечы моцна смяяўся і сумаваў, калі купіў новую прадукцыю вытворчасці «Тытунь-Інвест» - «Winston без фільтра». Па крайняй меры, так атрымалася дэ-факта. Па дарозе дадому набыў пару пачкаў «Winston Blue» у краме ў раёне Пушкінскай плошчы. На вуліцы прыкурыў, зацягнуўся, звыклым рухам пстрычкай змахнуў попел... І цыгарэта святлівай ракетай паляцела ў змрок. Паміж пальцаў самотна застаўся фільтр. Добра, справа жыццёвая. Закурыў наступную, і зноў цыгарэта стрэліла ў паветра пры першым няўдалым дотыку. Адна дзіўная цыгарэта - выпадковасць, дзве - супадзенне, але ў майго «Winston» была заканамернасць», - піша чытач.

Ён адзначыў, што правёў больш дэталёвае даследаванне, якое паказала, што ў дзевяці з 20 наяўных у пачку цыгарэт, фільтр апынуўся не прылепленым да самой цыгарэты.

«Адкрыў другі пачак, і тая ж гісторыя: восем цыгарэт апынуліся бракаванымі. Працягнуў даследаванне і на наступны дзень набыў яшчэ два пачкі. Не дарма кажуць, што пастаянства - прыкмета майстэрства. Наступныя два пачкі апынуліся такімі ж непаўнацэннымі. Тут і стала сумна. Бо заплаціў я за кожны без малога 10800 рублёў. А калі лічыць кошт за нармальныя цыгарэты, якія паліць можна? Атрымліваецца амаль у два разы даражэй. Вось табе і вядомы брэнд. Пры гэтым кіраўніцтва «Тытунь-Інвест» на ўсіх вуглах выхваляецца, як «эфектыўна» працуе: купляе па тандэце былое ва ўжыванні абсталяванне і інвесціруе атрыманы прыбытак у свае «Кароны». А потым мы здзіўляемся, чаму «Winston» у іншых краінах свету адрозніваецца ад беларускага. Проста робяць яго там больш прыстойныя прадпрыемствы», - перакананы чытач.

Нагадаем, набліжаны да беларускага кіраўніка бізнесмен Павел Тапузідзіс з'яўляецца старшынёй праўлення кампаніі «Тытунь-Інвест» - адзінай прыватнай кампаніі, якой у Беларусі дазволены выпуск цыгарэт. Кампаніі належыць у тым ліку сетка гандлёвых цэнтраў «Карона», Robinson Сlub і гандлёва-забаўляльны комплекс «Замак», які затапіла ў пачатку лета.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках