30 красавiка 2024, aўторак, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежны спецназ атакаваў базу ісламістаў у Самалі

24
Замежны спецназ атакаваў базу ісламістаў у Самалі

Спецпадраздзяленні сёння ноччу атакавалі ў Самалі базу баевікоў ісламісцкага руху «Аль-Шабаб».

Менавіта ён раней узяў на сябе адказнасць за напад на гандлёвы цэнтр у сталіцы Кеніі Найробі. Тады сілы бяспекі паўднёвага суседа Самалі змаглі ўзяць яго пад кантроль толькі праз некалькі дзён. Аб спецаперацыі спецназа невядомай краіны паведамілі прадстаўнікі тэрарыстычнай арганізацыі, якая мае сувязі з «Аль-Каідай», паведамляе AFP.

Баявікі сцвярджаюць, што напад на іх базу ў порце Барава ўдалося адбіць. Ісламісты паведамілі аб адным загінулым з іх боку. Інфармацыю пра страты з боку спецназа яны прывесці не змаглі, але заявілі, што здолелі як мінімум параніць некалькіх чалавек, бо пасля бою выявілі на пазіцыях вайскоўцаў плямы крыві, паведамляе BBC.

Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, перастрэлка працягвалася 10-15 хвілін. Мэтай спецназа быў будынак, у якім, як мяркуецца, знаходзіліся вышэйшыя чыны ісламісцкага руху. Некалькі вайскоўцаў высадзіліся да яго з верталёта, аднак, як сцвярджаюць ісламісты, адступілі, сустрэўшы жорсткі супраціў з іх боку. У паведамленні адзначаецца, што адначасова яшчэ дзве групы спецназаўцаў падплылі да базы на лодках з вайсковага карабля, які стаіць на рэйдзе, але не змаглі ўзяць штурмам берагавыя ўмацаванні і таксама былі вымушаныя адысці, паведамляе Lenta.ru.

Дзяржаўная прыналежнасць спецпадраздзяленняў, якія праводзілі аперацыю, не ўстаноўлена. Ісламісты мяркуюць, што афіцыйныя ўлады краіны дачынення да нападу на іх базу не маюць, а за нападам стаіць Захад. Раней падобныя аперацыі ў Самалі неаднаразова праводзілі амерыканскія і французскія спецпадраздзяленні, аднак пакуль ніводная з гэтых дзяржаў сваё дачыненне да інцыдэнту не пацвердзіла. Незалежных дадзеных аб колькасці загінулых і пацярпелых падчас аперацыі таксама няма.

Звязаны з «Аль-Каідай» рух «Аль-Шабаб» узяў на сябе адказнасць за напад на гандлёвы цэнтр у Найробі, які адбыўся 21 верасня. Тады ісламісты ўзялі ў закладнікі наведвальнікаў і работнікаў супермаркета «Уэстгейт» у цэнтры горада. На наступны дзень мясцовы спецназ пачаў штурм захопленага будынка, які расцягнуўся на некалькі дзён і завяршыўся толькі 24 верасня. Паводле афіцыйных дадзеных, у выніку інцыдэнту загінулі 67 чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў лічацца прапаўшымі без вестак.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках