3 траўня 2024, Пятніца, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кола прэтэндэнтаў на «Уралкалій» звузілася да трох

Кола прэтэндэнтаў на «Уралкалій» звузілася да трох

У гонцы за пакетам Сулеймана Керымава ва «Уралкаліі» засталіся Уладзімір Коган, тандэм Уладзіміра Еўтушэнкава і Міхаіла Гуцарыева, а таксама Міхаіл Прохараў.

Як стала вядома «Ведомостям», на фінішную прамую ў перамовах аб куплі 21,75% «Уралкалію» ў фонду Сулеймана Керымава выйшлі тры групы прэтэндэнтаў. Гэта прадпрымальнік Уладзімір Коган, які выступае ў партнёрстве з арабскім дзяржфондам, тандэм уладальнікаў АФК «Сістэма» Уладзіміра Еўтушэнкава і «Руснафта» Міхаіла Гуцарыева, распавёў высокапастаўлены чыноўнік.

Паводле яго слоў, $1 млрд Когану на здзелку гатовыя даць арабcкія інвестары. Трэці прэтэндэнт - «Анэксім» Міхаіла Прохарава, ведае чалавек у адным з дзяржбанкаў і знаёмы Керымава. Усе прэтэндэнты маюць дастаткова сродкаў для куплі, удакладняе дзяржбанкір.

Сам Керымаў разлічвае прадаць пакет Прохарава, калі той атрымае адабрэнне Крамля на гэтую здзелку, кажа знаёмы прадпрымальніка. Паводле яго слоў, іншыя два прэтэндэнты ўжо атрымалі такі дазвол. З Прохаравым у Керымава склаліся даўнія добрыя адносіны, да лютага гэтага года яны былі партнёрамі ў Polyus Gold, нагадвае яго знаёмы. Пакет па-ранейшаму прадаецца з ацэнкі ў $20 млрд за ўвесь «Уралкалій», ведаюць суразмоўцы.

Фонду Керымава Suleyman Kerimov Foundation належыць 21,75% акцый «Уралкалію», яго партнёры Філарэт Гальчаў і Анатоль Скураў кантралююць 7% і 4,8% адпаведна. Іх долі таксама выстаўлены на продаж, казала раней крыніца, блізкая да аднаго з прэтэндэнтаў на куплю акцый «Уралкалію». У такім выпадку пакупніку можа дастацца 33,55% акцый «Уралкалію». Зыходзячы з ацэнкі ў $20 млрд пакеты трох акцыянераў каштуюць $6,71 млрд.

Прафінансаваць здзелку гатовы ВТБ з разліку 30% уласных сродкаў і 70% крэдытных, ведае чыноўнік. Паводле яго звестак, крэдыт адобраны па меншай меры двум пакупнікам - Когану і Гуцарыеву з Еўтушэнкавым. А ў «Анэксіма» павінны быць свае грошы. Узімку кампанія Прохарава прадала 38,7% акцый Polyus Gold Зелімхану Муцоеву і Гаўрылу Юшваеву за 6 млрд. Прохараў тры гады таму ўжо мог стаць саўладальнікам «Уралкалію» - тады ён разам з Керымавым збіраўся купіць 63,5% «Уралкалію» ў Дзмітрыя Рыбалоўлева, распавядала крыніца, блізкая да Nafta Moskva. Але ў апошні момант Прохараў адмовіўся ад удзелу ў дамоўленасці.

ВТБ гатовы прафінансаваць куплю акцый «Уралкалію», пацвярджаў 30 верасня прэзідэнт дзяржбанка Андрэй Косцін тэлеканалу «Москва 24». Патэнцыйны пакупнік павінен ужо мець «пару мільярдаў ў кішэні», дадаваў ён. Гэтая лічба як раз роўная 30% ад кошту доляй Керымава, Гальчава і Скурава.

Пра тое, што пакет Керымава прадаецца, стала вядома пасля таго, як у кампаніі ўзніклі праблемы з беларускімі партнёрамі. У канцы ліпеня гендырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер абвясціў аб змене збытавай стратэгіі: «Уралкалій» адмовіўся прадаваць калій праз СП з дзяржаўным «Беларуськаліем» - Беларускую калійную кампанію (БКК).

Праз месяц беларускія следчыя арыштавалі Баўмгертнера ў Менску пасля перамоваў з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. З СІЗА КДБ яго перавялі пад хатні арышт на здымную кватэру ў Менску. У пятніцу «Прайм» паведаміў, што справа супраць яго неўзабаве можа быць перададзена ў Расею.

Прадстаўнікі «Уралкалію», «Руснафты», Onexim, АФК «Сістэма» адмовіліся ад каментароў. Прадстаўнікі двух арабскіх інвестыцыйных дзяржфондаў - Invest AD і Abu Dhabi Investment Authority - не адказалі на запыты «Ведомостей». З прадстаўніком Когана звязацца не ўдалося.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках