3 траўня 2024, Пятніца, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна можа забараніць беларускую «малочку»

27
Украіна можа забараніць беларускую «малочку»

Украінскія вытворцы малочных прадуктаў дамагаюцца ўвядзення абмежаванняў імпарту беларускай прадукцыі.

У адказных установах пачалі задумвацца аб рэалізацыі такіх захадаў, піша Forbes.ua.

Характэрна, што прэм'ер-міністр Мікалай Азараў падчас перамоў са сваім беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам, якія праходзяць у Менску, адзначыў зацікаўленасць у нарошчванні супрацоўніцтва з Беларуссю. «Далёка не з усімі краінамі ў нас такія добрыя стасункі», - дадаў ён. У прысутнасці прэм'ераў краін у Менску сёння была падпісаная дарожная карта развіцця прамысловай кааперацыі на 2014-2015 гады.

Пры гэтым Forbes падае вытрымку з ліста першага намесніка міністра аграрнай палітыкі Юрыя Бісюка да Мінэканамразвіцця. «З мэтай абароны нацыянальнага таваравытворцы... была ўнесеная прапанова Мінэканамразвіцця Украіны разгледзець пытанне аб магчымасці ўжывання ліцэнзавання на імпарт некаторых тавараў групы 04 (малако і малочныя прадукты) на гэты год», - сказана ў дакумэнце.

Лукашэнка ўпэўнены, што краіны-чальцы Мытнага саюза Адзінай эканамічнай прасторы (Расея, Беларусь, Казахстан) павінны працягваць супрацоўніцтва з Украінай пасля падпісання ёю пагаднення аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю з Еўрапейскім Звязам.

Гэты ліст з'яўляецца рэакцыяй Мінаграхарчу на скаргі Дзяржкоштінспекцыі і Звязу малочных прадпрыемстваў, якія прасілі зрабіць захады для абмежаванні імпарту беларускай «малочкі». За студзень-жнівень 2013 года ва Украіну з Беларусі пастаўлена 12 530 тон малочных прадуктаў на агульную суму $ 27 млн - больш, чым было пастаўлена з краіны за ўвесь мінулы год.

«Паводле нашых ацэнак, аб'ём нелегальнага імпарту з Беларусі - у два-тры разы большы», - адзначае прэзідэнт Асацыяцыі вытворцаў малака Андрэй Дзікун. З ягоных слоў, сведчаннем масавых «шэрых» паставак «малочкі» з суседняй краіны з'яўляецца розніца паміж відавочнай колькасцю гэтых прадуктаў у раздробным гандлю і дэклараванымі аб'ёмамі імпарту.

Як адзначае выданне, у Беларусі з насельніцтвам блізу 9 млн чалавек перапрацоўваецца блізу 6 млн тон малака штогод, ва Украіне (48 млн чалавек) - блізу 4,5 млн тон. Акрамя таго, згодна з ацэнкай генеральнага дырэктара кампаніі Інфагра Васіля Вінтаняка, літр высакаякаснага малака ў Беларусі каштуе ў доларавым вымярэнні 35 цэнтаў, ва Украіне - 50 цэнтаў. Розніца тлумачыцца планавай эканомікай у малочнай галіне Беларусі - дзяржава жорстка кантралюе індустрыю і ўсяляк спрыяе нарошчванню экспарту. «Коштамі нам досыць складана канкураваць, бо фактычна мы спаборнічаем не з канкрэтнымі вытворцамі, а з дзяржаўнай машынай», - канстатуе кіраўнік рады дырэктараў Звязу малочных прадпрыемстваў Вадзім Чагароўскі.

Тым не менш, перспектывы звароту Бісюка вельмі няпэўныя. Як адзначае Вінтаняк, дзель беларускіх тавараў на легальным рынку Украіны пакуль яшчэ не крытычная і складае блізка што 1%. «Таму ніхто не будзе на дзяржузроўні займацца ні антыдэмпінгавымі расследаваннямі, ні расследаваннямі субсідавання імпарту», - мяркуе экспэрт. Аднак, паводле ягоных прагнозаў, праз год яна складзе ўжо 3%.

Нагадаем, што 2 верасня Чарнігаўская і Жытомірская мытні Украіны забаранілі ўвоз на тэрыторыю Украіны тавараў, якія падлягаюць ветэрынарна-санітарнаму кантролю - малочных прадуктаў і яек.

Фото: belta.by

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках