5 траўня 2024, Нядзеля, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Observator finansowy»: Абвал беларускага рубля не за гарамі

10
«Observator finansowy»: Абвал беларускага рубля не за гарамі

У адрозненне ад большасці ўсходнееўрапейскіх краін, беларуская эканоміка загразла ў стагнацыі.

У другім квартале 2013 года ВУП Беларусі скараціўся на 0,6% у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года, а ў трэцім квартале ВУП вырас толькі на 0,7% у гадавым вылічэнні. Гэты вынік значна адрозніваецца ад двухзначнага росту, які закрануў беларускую эканоміку перад крызісам. Адкуль узялася такая розніца, тлумачыць эканаміст Аляксандр Аляхновіч у польскім выданні Obserwator finansowy (пераклад - charter97.org). Прыводзім вытрымкі з артыкула:

Па-першае, такія слабыя паказчыкі ВУП выцякаюць з эфекту высокай базы. Са студзеня па жнівень 2012 года Беларусь паўлегальна рээкспартавала нафтапрадукты з расейскай нафты без выплаты пошлін у бюджэт Расеі ў памеры каля $1,5 мільярда - 2,4% ВУП. Спыненне гэтай дзейнасці пад ціскам Расеі адбілася на моцным абмежаванні на экспарт. У студзені-жніўні 2013 года экспарт упаў на 22,4%. Беспрэцэдэнтны ў найноўшай гісторыі краіны прырост чыстага экспарту тавараў (1,8 мільярда даляраў у студзені-жніўні 2012 года) хутка ператварыўся ў дэфіцыт (-2,8 мільярда даляраў у студзені-жніўні 2013 года). Экспарт таксама зніжаецца з-за заняпаду ў эканоміцы самага важнага экспарцёра беларускай прадукцыі - Расеі, а таксама ў выніку раптоўнага падзення продажаў беларускіх калійных угнаенняў, аднаго з самых важных элементаў экспарту, у выніку канфлікту з «Уралкаліем». Але скарачэнне прадукцыі адзначаецца не толькі ў нафтахімічнай галіне, але і ва ўсёй прамысловасці. У I -III кварталах падзенне прамысловай вытворчасці склала 4,6%.

Па-другое, беларуская эканоміка губляе канкурэнтаздольнасць з-за папулісцкай грашовай палітыкі. На фоне нізкіх тэмпаў росту ВУП і прадукцыйнасці працы (1,1% і 2,2% I-III кварталах бягучага года), высокі рост рэальнай заработнай платы (каля 20%) стварае моцны інфляцыйны ціск.

Па-трэцяе, Нацыянальны банк Беларусі (НББ), нягледзячы на серыю паніжэнняў стаўкі рэфінансавання з 30% у сакавіку да 23,5 у чэрвені, рэалізуе адносна жорсткую грашова-крэдытную палітыку. НББ трымае пад кантролем і паступова скарачае крэдытаванне камерцыйных банкаў. Нарэшце, у верасні 2013 года інфляцыя спажывецкіх коштаў склала 15,4% на працягу года ў параўнанні з 59,2% у 2012 годзе.

Усе тры прыведзеных фактары ўзмацняюць дысбаланс рахунку бягучых аперацый. Па дадзеных НББ, у першай палове года дэфіцыт склаў 3,1 мільярда даляраў (9,4% ВУП). Па дадзеных даследавання «макраманіторынгу СНД» Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), дэфіцыт можа пагоршыцца ў выніку сезоннага росту імпарту энергіі ў другой палове гэтага года.

Для стымулявання беларускай эканомікі, а таксама ўраўнаважвання плацёжнага балансу неабходная дэвальвацыя беларускага рубля. Паводле прагнозаў Міністэрства эканамічнага развіцця Расеі, курс беларускага рубля можа быць аслаблены на 37% у 2014 годзе. Дадатковым аргументам на карысць гэтага з'яўляюцца вялікія выдаткі на абслугоўванне валютнай пазыкі ў 2014-2015 гадах.

У апошні час усё больш людзей пачалі мяняць свае ўклады ў беларускіх рублях на валютныя. Беларусы вынеслі добры ўрок з нечаканай 20-адсоткавай дэвальвацыі ў самым пачатку 2009 года, а таксама 180-адсоткавай дэвальвацыі ў 2011 годзе. Калі ў 2009 годзе 2/3 зберажэнняў захоўвалася ў нацыянальнай валюце, то цяпер роўна наадварот. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў сцвярджае, што 72% беларусаў лічаць магчымым абвал беларускага рубля.

Пра магчымую дэвальвацыю таксама сведчыць той факт, што нават фармаванне бюджэту на 2014 год было скарэктавана з разлікам на большае паслабленне беларускага рубля. Калі першапачаткова на наступны год быў запланаваны сярэднегадавы абменны курс на ўзроўні 9500 рублёў за адзін даляр, то на мінулым тыдні абменны курс быў павышаны да 9800 рублёў за даляр. У параўнанні з сярэднім паказчыкам у першых трох кварталах 2013 года гэта азначае 12-адсоткавую дэвальвацыю. На думку многіх беларускіх эканамістаў, нават такі курс можа быць цяжкім для ўтрымання.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках