Ермакова: Спіце спакойна і не хвалюйцеся
171- 28.12.2013, 16:45
- 120,835
Напярэдадні Новага года старшыня Нацбанка паспрабавала супакоіць насельніцтва краіны.
Надзея Ермакова адказала на пытанні чытачоў афіцыйнай газеты «Звязда» падчас онлайн-канферэнцыі, якая прайшла на сайце выдання. Натуральна, беларусаў хвалявалі пытанні, звязаныя з дэнамінацыяй і дэвальвацыяй нацыянальнай валюты.
- А ці не плануе Нацбанк правесці аднаразовую дэвальвацыю ў пачатку наступнага года? - пацікавілася жыхарка Ляхавічаў.
- Не, не плануе, - адказала старшыня Нацыянальнага банка.
- А кошт даляра, напэўна, будзе павялічвацца з кожным месяцам?
- Так, патроху будзе. У эканамічнай сітуацыі, якая складваецца як у нашай краіне, так і за яе межамі, паступовая дэвальвацыя нацыянальнай валюты - працэс аб'ектыўны. Аднак нейкага рэзкага падзення курсу беларускага рубля мы не чакаем, паколькі падстаў для гэтага няма, - сказала Надзея Ермакова.
- Скажыце, калі ласка, што будзе з беларускім рублём пасля Новага года? Аб укладах турбавацца не трэба? - спытала чытачка з Віцебскай вобласці.
- Нічога дрэннага з нацыянальнай валютай пасля Новага года не адбудзецца. Не будзе той дэвальвацыі, якая была ў 2011 годзе. Так што калі ў вас уклад у беларускіх рублях, спіце спакойна, вашым зберажэнням нічога не пагражае. Сустракайце Новы год і не хвалюйцеся, - сказала старшыня Нацбанка.
- У нашых кашальках хутка не будуць змяшчацца ўсе тыя мільёны, якія мы атрымліваем. Ці плануецца правядзенне дэнамінацыі? Я чула, што ўжо і новыя грошы надрукаваныя..., - спытала жыхарка Берасцейскай вобласці.
- Дэнамінацыя будзе, але не заўтра. Гэта не аднадзённы працэс. Адной з галоўных умоў для правядзення дэнамінацыі з'яўляецца нізкі ўзровень інфляцыі - менш за дзесяць адсоткаў у год. Ні ў гэтым годзе, ні ў наступным мы на такі паказчык не выйдзем. А значыць, і дэнамінацыю праводзіць пакуль рана, - адзначыла Ермакова.