26 красавiка 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

150 гадоў таму ў Беларусі пачалося паўстанне Каліноўскага

23
150 гадоў таму ў Беларусі пачалося паўстанне Каліноўскага

1 лютага 1863 года Літоўскі правінцыйны камітэт заклікаў да паўстання супраць царскай улады.

Першыя паўстанцкія атрады былі створаныя на тэрыторыі заходніх паветаў Беларусі яшчэ ў канцы студзеня, а на астатняй тэрыторыі - у сакавіку - красавіку 1863 года. Яны фармаваліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Атрады паўстанцаў, якія ўзначальвалі Валерый Урублеўскі, Фелікс Ражанскі (Гарадзенская вобласць), Зігмунд Серакоўскі, Антанас Мацкявічус (Ковенская губерня), Антон Трусаў (Менская губерня), Людвіг Звяждоўскі (Магілёўская губерня), Максіміліян Чарняк (Віленская губерня), імкнуліся далучыць да паўстання як мага больш сялян, спрабавалі рэалізаваць аграрную праграму.

Кіраўнікі паўстання, асабліва Кастусь Каліноўскі, мелі намер распаўсюдзіць паўстанне на прыбалтыйскія і расейскія губерні. Для гэтага прадугледжвалася стварэнне новых атрадаў - у Латвіі і Эстоніі.

На дапамогу Звяждоўскому з Пецярбурга і Масквы прыбылі афіцэры Будзяловіч, Жабраўскі ды іншыя з мэтай распаўсюджвання паўстання ў Смаленску і Маскве.

Расейскія ўлады ўжылі надзвычайныя захады для падаўлення паўстання. Колькасць салдат на ахопленых імі тэрыторыях была павялічаная. У Беларусь, Літву і Польшчу перакідваліся войскі з цэнтральных абласцей імперыі. За выдачу паўстанцаў былі абвешчаныя ўзнагароды. Тыя вёскі, якія дапамагалі паўстанцам, цалкам спальваліся, маёмасць распрадавалася з аўкцыёнаў, а жыхары накіроўваліся на пасяленне ў цэнтральныя рэгіёны Расеі альбо ў Сібір. Дзякуючы рэпрэсіям, уладам удалося здушыць паўстанне.

28 жніўня Польскі нацыянальны ўрад аддаў загад аб спыненні ваенных дзеянняў.

Узброеная барацьба ў Беларусі доўжылася яшчэ амаль год. Улетку 1864 была ліквідаваная апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце.

Удзельнікі паўстання зазналі бязлітасныя рэпрэсіі. Іх сядзібы руйнавалі, маёмасць канфіскоўвалі. Больш за сотню паўстанцаў былі пакараныя смерцю, 800 высланыя на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек выселеныя, у тым ліку 500 - у Сібір.

Тым не менш, паўстанне прымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Польшчы, Беларусі і Літве. Паўстанне значна паўплывала і на ажыўленне рэвалюцыйнага руху як у Расейскай імперыі, так і ў Заходняй Еўропе, а таксама на рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, літоўцаў і палякаў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках