5 траўня 2024, Нядзеля, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катаванні ў РУУС: паказанні «выбівалі» кастэтам і газам

126
Катаванні ў РУУС: паказанні «выбівалі» кастэтам і газам

Затрыманага менчука міліцыянты збілі да страты прытомнасці.

27 сакавіка 2013 года менчук Ілля Зубеня, разам са сваім сябрам Яраславам і знаёмай дзяўчынай ішлі з адкрытымі бутэлькамі піва на вуліцы.

Знаходзячыся на вуліцы з бутэлькамі піва ў руках, яны прыцягнулі ўвагу нарада ППСМ, які патруляваў тэрыторыю. Супрацоўнікі міліцыі зрабілі маладым людзям заўвагу за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы і папрасілі выкінуць бутэлькі. Паблізу не аказалася сметнікаў і маладыя людзі перайшлі на другі бок вуліцы. Пры гэтым яны абмяркоўвалі тое, што адбылося. Нецэнзурных слоў ніхто не ўжываў, аднак бесстаронні выраз з нагоды міліцыянтаў быў агучаны Іллёй, піша праваабарончы сайт «Платформа».

Відавочна, ён і прыцягнуў увагу двух людзей у цывільным адзенні, якія падышлі ззаду да хлопцаў, адзін з іх паляпаў Іллю па плячы.

Не прадстаўляючыся, чалавек у цывільным адзенні запатрабаваў паўтарыць тое, што было сказана Іллёй пра міліцыянтаў і прайсці з імі ў апорны пункт. Маладыя людзі папрасілі «цывільнага» прадставіцца. Лейтэнант міліцыі Лапцеў В.В. (А гэта быў менавіта ён, але пра гэта яны даведаліся толькі праз некалькі гадзін) дастаў пасведчанне, прадэманстраваў яго на ўзроўні пояса і зноў запатрабаваў паўтарыць і прайсці.

На просьбы прадставіцца яшчэ раз Лапцеў рэагаваў нервова, патрабаваў прайсці з ім у апорны пункт і спрабаваў паваліць Іллю на зямлю. Калі яму гэта не ўдалося, ён прадэманстраваў менчукам пісталет у кабуры, відавочна, як доказ таго, што з ім лепш не спрачацца.

Хапаючы маладога чалавека за рукаў курткі і робячы падножкі, Лапцеву В.В. усё ж удалося пакласці яго тварам у зямлю і сесці на яго зверху. У гэты момант пад'ехаў нарад ППСМ, які раней рабіў маладым людзям заўвагу за распіццё піва. «Цывільны», які сядзеў на Іллі, папрасіў у аднаго з ППСМаўцаў кайданкі і апрануў іх на Іллю. Хлопцаў пагрузілі ў міліцэйскую машыну, а потым... адкрыўшы пярэднюю дзверцу, папырскалі пярцовым балончыкам прама ў твары.

Праз 10 хвілін, калі пярцовы газ выветрыўся з машыны, Ілля і Яраслаў былі дастаўленыя ў 23-ы пункт аховы грамадскага правапарадку.

У апорным пункце «цывільны» вёў сябе раскавана і з выклікам. Падышоўшы да закутага ў кайданкі Іллі, ён яшчэ раз паўтарыў сваё пытанне: «Так што ты сказаў пра мянтоў?». Не чакаючы адказу, ён з усяе сілы ўдарыў Іллю кулаком у твар. Са слоў затрыманага, ён на імгненне страціў прытомнасць, стукнуўшыся галавой аб сцяну, пасля чаго яго левае вока цалкам заплыло і ён ім больш нічога не бачыў. Затым Лапцеў схапіў Іллю, кінуў на падлогу і працягнуў збіваць затрыманага.

Наступствы збіцця добра бачныя на фота.

Фотаздымак Іллі праз тры дні пасля збіцця

Затым міліцыянт узяў са стала сурвэтку і нешта дастаў з шуфлядкі стала. Толькі падышоўшы да Іллі, які сядзеў на лаўцы, ён прадэманстраваў кастэт, якім стаў вадзіць па галаве збітага, кажучы, што цяпер ён згатуе справу, а ДНК будзе належаць Іллі. У пацверджанне сваіх слоў Лапцеў пачаў крычаць на ўвесь апорны пункт, патрабуючы ад іншых супрацоўнікаў пацверджання, што яны бачылі, як ён знайшоў у кішэні ў Іллі кастэт. Супрацоўнікі апорнага пункта пацвярджалі, што кастэт знойдзены ў іх прысутнасці. Не вядома чым бы ўсё скончылася, не апыніся Ілля чалавекам упарта не жадаючым «узяць на сябе» чыйсьці кастэт. Тым не менш, лейтэнант Лапцеў В.В. яшчэ некаторы час патрабаваў ад Іллі прызнальных паказанняў.

Трохі прыйшоўшы ў сябе, ён схаваў «прыладу злачынства» і перайшоў да новых пагрозаў.

У прыватнасці, Лапцеў В.В. пагражаў Іллі крымінальным тэрмінам пакарання па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак). Спрабуючы зламаць упартае адмаўленне затрыманым здзяйснення нейкіх злачынстваў, лейтэнант Лапцеў В.В. зноў дэманстраваў Іллі сваю табельную зброю, намякаючы на тое, што можа яе ўжыць.

У адносiнах да другога затрыманага, Яраслава, Лапцеў В.В. абмежаваўся пагрозамі і псіхалагічным ціскам, спрабуючы прымусіць таго даць паказанні супраць Іллі. Табельная зброя, як метад запалохвання, выкарыстоўвалася ім і пры зносінах з Яраславам. Аднак, зламаць Яраслава яму таксама не ўдалося і, пасля складання пратаколу, лейтэнант Лапцеў В.В. адпусціў яго дадому.

А Ілля Зубеня, які неаднаразова прасіў выклікаць яму хуткую дапамогу, быў дастаўлены ў Ленінскі РУУС, дзе таксама звяртаўся да супрацоўнікаў міліцыі, з просьбай аб выкліку хуткай. Затым Ілля быў дастаўлены ў ГАМ № 2 (гарадскі аддзел міліцыі) па вуліцы Леніна, дзе і знаходзіўся да суда. На неаднаразовыя просьбы затрыманага аб выкліку медыцынскіх работнікаў ніхто так і не адрэагаваў.

Правёўшы двое сутак без ежы і медыцынскай дапамогі ў розных установах міліцыі, Ілля Зубеня быў дастаўлены ў суд толькі 29 сакавіка, і быў пакараны штрафам у памеры 2 базавых велічынь за правапарушэнні, кваліфікаваныя па артыкулах 17.1 (Дробнае хуліганства), 17.3 (Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы або на працы ў стане ап'янення) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.

У выніку «зносін» з лейтэнантам Лапцевым В.В. у Іллі Зубені канстатаванае страсенне мозгу. Праз тры тыдні ў тканінах верхняга века левага вока так і засталося ўшчыльненне, якое відавочна пройдзе яшчэ не хутка.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках