1 траўня 2024, Серада, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Stratfor: Супраць каго сябруюць Масква і Менск?

32
Stratfor: Супраць каго сябруюць Масква і Менск?

Расейская авіябаза ў Беларусі перавядзе рэгіянальнае канкурэнцыю ў галіне бяспекі на новы ўзровень.

Яна размешчаная паміж цвёрда арыентаванымі на Захад Польшчай і краінамі Прыбалтыкі - Эстоніяй, Латвіяй і Літвой. Масква ўспрымае Беларусь як ключавую буферную дзяржаву і даўно выкарыстоўвае яе як фарпост для сваёй вайсковай моцы. Беларусь - адна з самых надзейных удзельніц расейскага вайсковага блоку - Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспекі. Паміж ёй і Расеяй таксама існуе шэраг дзвюхстаронніх пагадненняў у сферы бяспекі - у іх агульная сістэма супрацьпаветранай абароны, і яны часта праводзяць супольныя вайсковыя вучэнні і трэнінгі, піша аўтарытэтнае амерыканскае выданне Stratfor (пераклад - Inosmi.ru).

Планы размяшчэння ў Беларусі зенітна-ракетных сістэм ды знішчальнікаў і асабліва перамовы аб стварэнні расейскай вайсковай базы пераводзяць гэтае супрацоўніцтва на новы ўзровень. Мабыць, гэта звязана з ростам абароннага супрацоўніцтва паміж іншымі краінамі рэгіёну, асабліва паміж паўночнымі і прыбалтыйскімі дзяржавамі. Менавіта гэтыя размешчаныя паблізу ад Расеі краіны, усе з якіх, акрамя Швецыі і Фінляндыі, уваходзяць у NATO, служаць для Масквы галоўным заходнім выклікам у сферы бяспекі. Апошнім часам яны нарошчваюць маштабы і інтэнсіўнасць свайго вайсковага супрацоўніцтва. У лістападзе Польшча і прыбалтыйскія краіны правядуць вайсковыя вучэнні Steadfast Jazz, у якіх будуць удзельнічаць 5000 жаўнераў NATO.

Рост уцягнутасці Швецыі і Фінляндыі ў рэгіянальнае абароннае супрацоўніцтва - у прыватнасці, іх абяцаны ўдзел з 2014 года ў патруляванні паветранай прасторы Ісландыі, а таксама стварэнне рэгіянальнай арганізацыі бяспекі Паўночнае абароннае супрацоўніцтва (Nordic Defense Cooperation) - прымушае Расею турбавацца яшчэ мацней.

Гэта пралівае святло на шэраг крокаў, якія Масква робіць у рэгіёне апошнім часам. Расея абвясціла, што ў 2013 годзе яна правядзе супольна з Беларуссю вайсковыя вучэнні «Захад». У 2009 годзе, калі яны апошнім разам праводзіліся, яны мадэлявалі ўдар па Польшчы і Прыбалтыцы. Расея таксама пачала актыўна праводзіць паветраныя вучэнні. Надоечы яна арганізавала палёты ля мяжы шведскай паветранай прасторы, прымусіўшы базаваныя ў Літве - як у краіне NATO - данійскія знішчальнікі адсочваць расейскія самалёты, бо шведы, с чутак, былі не гатовыя да з'яўлення расейцаў. Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт (Carl Bildt) заявіў, што ягоная краіна не будзе запытваць у расейскага ўрада тлумачэнні, аднак шведская міністарка абароны Карын Энстрам (Karin Enstrom) адзначыла, што расейскія вучэнні «сталі адбывацца часцей» і што Швецыя сочыць за імі вельмі ўважліва.

Расею таксама турбуюць выклікі панаванню Масквы ў энергетычнай сферы, якія кідае балтыйскі рэгіён. Польшча і Літва будуюць тэрміналы для імпарту звадкаванага прыроднага газу і судзяцца з «Газпромам» праз кошт і манапалізацыю рынку. І хоць у энэргетычных пытаннях Расея вядзе з гэтымі краінамі перамовы і дэманструе пэўныя ківы на прагматызм, Масква наўрад будзе гэткай жа згодлівай, калі гаворка будзе ісці пра рост супрацоўніцтва і супольныя дзеянні ў сферы бяспекі.

Краіны Поўначы і Прыбалтыкі таксама падтрымліваюць беларускую апазіцыю, якая выступае супраць Лукашэнкі. У 2012 годзе адна з шведскіх праваабарончых арганізацый зладзіла скід з самалёта плюшавых мядзведзяў, каб прывабіць увагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Гэтая акцыя падкрэсліла слабасць беларускай супрацьпаветранай абароны. У дадатак у снежні 2012 года Беларусь зняла з узбраення астатнія ў яе знішчальнікі Су-27 праз нястачу сродкаў на іх абслугоўванне. Раней яна так жа зрабіла з Су-24. Гэта дадаткова паменшыла і без таго невысокую здольнасць Беларусі абараняць сваю паветраную прастору і дало Маскве дадатковы стымул узмацніць беларускую сістэму СПА.

Адпаведна, абароннае пагадненне паміж Масквой і Менскам - толькі чарговае звяно ў доўгім ланцугу захадаў, меркавана ў адказ адзін на аднога, якія робяць з аднаго боку краіны Поўначы і Прыбалтыкі, а з другога - Расея і Беларусь. Але калі Расея сапраўды размесціць у Беларусі авіябазу з знішчальнікамі, гэта перавядзе рэгіянальную канкурэнцыю ў галіне бяспекі на новы ўзровень. Паўночным і прыбалтыйскім краінам давядзецца прыдумляць крок у адказ, што будзе няпроста. Большасць краін рэгіёну - за выняткам Польшчы - скарачаюць цяпер свае абаронныя бюджэты дзеля еўрапейскага фінансавага крызісу. Да таго ж рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне бяспекі па-ранейшаму ажыццяўляецца ў рамках структур NATO і Еўрапейскага Звязу. Не варта таксама забываць, што рост актыўнасці гэтых краін можа зрабіць Расею яшчэ больш агрэсіўнай.

Такім чынам, апошнія заявы Расеі, мусіць, павінны падкрэсліць, што яна ўважае рост супрацоўніцтва ў галіне бяспекі паміж краінамі Поўначы і Прыбалтыкі за сур'ёзную пагрозу і гатовая рабіць рашучыя крокі, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках