6 траўня 2024, панядзелак, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шклоўскія граблі для Крамля

24
Шклоўскія граблі для Крамля

Лукашэнка зробіць усё, каб атрымаць крэдыт, не выконваючы умоваў Расеі.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктар Івашкевіч, каментуючы charter97.org магчымасць выдзялення Расеяй крэдыту Беларусі толькі пад сумесныя праекты і на жорсткіх умовах.

«Справа ў тым, што Беларусі ўсё роўна прыйдзецца выбіраць, з кім супрацоўнічаць. Калі супрацоўнічаць з Захадам, то трэба выпускаць палітвязняў, праводзіць дэмакратызацыю і рынкавыя рэформы. Калі ж супрацоўнічаць з Расеяй, то трэба аддаваць Крамлю ўладу, хай і часткамі і паступова, але прыйдзецца. Лукашэнка стаіць перад дылемай: і так не можа і так не хоча», - лічыць палітык.

Ён упэўнены, што сітуацыя будзе прымушаць беларускага дыктатара прымаць адпаведныя рашэнні.

«Лукашэнка мае вялікі вопыт зводзіць усе жорсткія патрабаванні Расеі да яе капітуляцыі ў канчатковым выніку. Гэта значыць Масква дае грошы, а беларускі кіраўнік не выконвае ніякіх умоваў. Я думаю, што і ў гэты раз можна падпісаць якія заўгодна дамовы, якія ў яго паняцці з'яўляюцца пустымі паперкамі. Ды і рускія выдадуць чарговы крэдыт. Можна сказаць, што Расея зноў наступіць на тыя ж самыя шклоўскія граблі», - падкрэсліў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Ён адзначыў, што Расея не можа не падтрымліваць Лукашэнку, і ён гэта ведае.

«Дыктатар Пуцін не можа прымаць жорсткія меры ў дачыненні да беларускага калегі, таму што сам душыць дэмакратыю і знаходзіцца ў канфрантацыі з апазіцыяй. Таму Крэмль не можа пайсці на дзеянні, якія паставяць пад пытанне існаванне рэжыму Лукашэнкі, і не дапусціць, каб у Беларусі ўзнікла сітуацыя шматварыянтнасці развіцця палітычных падзей. Расеі трэба падтрымліваць дыктатуру ў межах сваіх геапалітычных інтарэсаў, а аказваць падтрымку дэмакратычным сілам для яе смерці падобна», - падсумаваў Віктар Івашкевіч.

Нагадаем, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расея разгледзіць пытанне выдзялення рэсурсаў Беларусі, але паставіць Менску жорсткія ўмовы.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках