2 траўня 2024, Чацвер, 2:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для КДБ «выбары» ўжо пачаліся

18
Для КДБ «выбары» ўжо пачаліся

Апошнія некалькі тыдняў пад увагу спецслужбаў трапіла некалькі актывістаў дэмакратычных арганізацый, а таксама быў узламаны сайт магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Аднаму з каардынатараў «Лятучага ўніверсітэта» ў Магілёве (прозвішча не называецца на просьбу актывіста) супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі працаўладкавацца ў іх структуру, аднак маладзён адмовіўся, паведамляе ПЦ «Вясна».

Яшчэ аднаму актывісту, студэнту гістарычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі стаць іх інфарматарам, аднак і гэты хлопец не пагадзіўся прыняць такую прапанову.

Студэнтцы гэтага ж універсітэта спецслужбы прызначылі сустрэчу, аднак, калі дзяўчына распавяла сваім знаёмым, у тым ліку праваабаронцам пра гэта, самі супрацоўнікі КДБ не прыйшлі на сустрэчу ў прызначаны час.

Акрамя таго, на электронныя адрасы магілёўскіх актывістаў дэмакратычнага руху, журналістаў і праваабаронцаў невядомы пачаў рабіць электронную рассылку з артыкуламі, якія дыскрэдытуюць дэмакратычных лідараў. Рассылка ішла з мэйла, які быў сугучны з электронным адрасам актывіста Яўгена Бойкі, які пазней публічна заявіў, што не мае да гэтай рассылкі ніякага дачынення і абвінаваціў у гэтым магілёўскія спецслужбы.

Апошнім акордам стаў выпадак са ўзломам сайта магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна». Невядомыя здолелі змяніць пароль на сайце і выставіць тры артыкулы пра журналіста Алеся Буракова і праваабаронцу Барыса Бухеля. Адміністратарам сайта давялося адключыць яго на пэўны час, каб выправіць пашкоджаны змест.

Журналіст Алесь Буракоў кажа, што спецслужбы актывізаваліся, бо ўжо цяпер рыхтуюцца да выбараў 2015 года.

«Сітуацыя нагадвае 2010 год, калі ствараліся сайты, якія дыскрэдытавалі лідараў дэмакратычнага руху і вербавалі маладых актывістаў. Гэта можна расцэньваць як знак - для КДБ выбары ўжо пачаліся», - кажа журналіст.

Алесь Буракоў адзначае, што калі ягоная асоба трапіла ў поле ўвагі спецслужбаў, то ён, як і праваабаронца Барыс Бухель дзейнічаюць і працуюць у правільным кірунку, што выклікае нервовасць у КДБ.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках