30 красавiка 2024, aўторак, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Светлагорску ашалелы конь накінуўся на людзей

23

Конь падкідваў людзей капытамі, як паветраныя шары, некалькі чалавек шпіталізаваныя.

Увечары 9 траўня адзін з коней, на якіх каталіся адпачывальнікі каля Набярэжнай Светлагорска, нечага спалохаўся, вырваўся з рук канаводаў і панёсся праз натоўп. У выніку інцыдэнту пацярпелі як мінімум тры чалавекі, паведамляе мясцовая тэлекампанія «Ранак».

«Мы бачылі, як дзяўчына, якая трымала каня за повад, спрабавала пераканаць некалькіх падвыпілых хлопцаў, што ў такім стане нельга катацца на кані, - сказаў адзін з відавочцаў інцыдэнту. - У гэты час нейкі напаўп'яны «джыгіт» паспрабаваў ускочыць на каня з іншага боку. Жывёла спалохалася, ускінулася на дыбкі, і паскакала праз натоўп людзей у горад. Дзяўчына, як ні старалася, не змагла ўтрымаць каня».

Гэта здарылася ў сёмай гадзіне вечара, калі да Набярэжнай накіраваўся паток адпачываючых. Конь ляцеў, не разбіраючы дарогі, збіваючы людзей. Па выразе відавочцы, «ён людзей падкідваў капытамі, як паветраныя шары».

«Мы з дзіцем шпацыравалі каля крамы «Жаклін», і літаральна ў метрах 20-ці пачулі тупат капытоў, убачылі, як падае жанчына каля прыпынку, - распавяла жыхарка Светлагорска Вольга. - Я імгненна адштурхнула дзіцяці, і конь праскакаў па тратуары міма нас. Я павярнулася і ўбачыла, як наступнай ахвярай стала бабуля: конь падкінуў яе, бабуля перавярнулася праз сябе і ўпала на асфальт. Калі мы падбеглі, гэтая жанчына не рухалася, а на асфальце з'явілася лужына крыві».

Вольга патэлефанавала ў хуткую дапамогу і стала чакаць прыбыцця медыкаў. На выклік прыехалі дзве карэты.

«Бабулю тут жа паклалі на насілкі і павезлі, а за жанчынай прыехала іншая хуткая, - распавядае Вольга. - Туды ж пасадзілі і яшчэ кагосьці: напэўна, яго пасля бабулі конь збіў, але мы не бачылі каго».

«Сапраўды, у 18.30 9 траўня з месцаў масавага гулянні дзвюма брыгадамі хуткай дапамогі ў ЦРБ былі дастаўленыя дзве пацыенткі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці, - сказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Ярмоленка. - На момант паступлення ў абедзвюх была дыягнаставаная закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені цяжкасці са страсеннем галаўнога мозгу. Былі аператыўна праведзеныя ўсе неабходныя абследаванні, у тым ліку рэнтгенаграфія і кампутарная тамаграфія галаўнога мозгу. Сур'ёзных паталогій не выяўлена. У цяперашні час іх стан здавальняючы, яны знаходзяцца на лячэнні ў траўматалагічным аддзяленні ЦРБ».

Лекар адзначыла, што самі пацярпелыя жанчыны не змаглі распавесці медыкам, пры якіх абставінах атрымалі свае траўмы - яны проста нічога не памятаюць.

«У абедзвюх назіраецца рэтраградная амнезія, што з'яўляецца тыповай з'явай для ЧМТ са страсеннем галаўнога мозгу, - кажа Ярмоленка. - Тым не менш, прагноз па іх спрыяльны, толькі трэба прайсці нармальны дзесяцідзённы курс лячэння пад наглядам лекараў».

Праз некаторы час у прыёмны пакой райбальніцы звярнуліся жыхары горада, чыё дзіця таксама пацярпела ад ашалелага каня.

«У яго была нязначная павярхоўная траўма галавы, - удакладніла Людміла Ярмоленка. - Хутчэй за ўсё, са слоў бацькоў, яго закранула збруяй каня. Дзіця не мела патрэбу ў шпіталізацыі, яму аказаная першасная медыцынская дапамога, і ён адпушчаны дадому».

Што тычыцца вінаватага гэтых падзей, то ён паскакаў у бок школы мастацтваў. Потым уцекача бачылі на шостым мікрараёне, у раёне пасёлка Светач. Каня атрымалася злавіць толькі пад раніцу каля старых могілак.

Супрацоўнікі Светлагорскага РАУС праводзяць праверку абставінаў здарэння. Хутчэй за ўсё, практыка катання на конях у цэнтры горада будзе спыненая.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках