Беларускія музыкі запісалі дыск «Сімвалы веры і свабоды»
7- 21.05.2013, 15:21
Выйшаў у свет музычны дыск «Сімвалы веры і свабоды», прысвечаны нацыянальным сімвалам - бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня».
Прэзентацыя зборніка адбудзецца 31 траўня ў 18.00 на Управе БНФ (Чарнышэўскага, 3). Пра гэта БелаПАН паведаміў прадзюсар Віталь Супрановіч.
У прэзентацыі прымуць удзел Кася Камоцкая, Андрэй Мельнікаў, Эдуард Акулін, Ігар Сімбіроў, Уладзімір Някляеў, Вітаўт Мартыненка і іншыя.
«Ідэя праекта вельмі простая - сабраць песні, прысвечаныя нацыянальным сімвалам - сцягу і гербу - на адным дыску, - распавядае Віталь Супрановіч. - Песні, сабраныя на дыску, вельмі рознастылёвыя. Калі мы збіралі гэты дыск, аказалася, што ёсць вельмі шмат песень, прысвечаных бел-чырвона-беламу сцягу і «Пагоні». Было вельмі цяжка выбраць з усіх гэтых сапраўды вартых твораў самыя лепшыя. Мы зыходзілі з крытэраў эксклюзіўнасці і вядомасці».
Адказваючы на пытанне, чаму прадзюсар лічыць тэму нацыянальнай сімволікі актуальнай, Супрановіч адзначыў: «Гэтая тэма будзе актуальная заўсёды, пакуль нацыянальная сімволіка не верне сабе статус дзяржаўнай. Таксама гэта важна ў сувязі з апошнімі падзеямі - забаронай выкарыстання нацыянальнай сімволікі на спартыўных мерапрыемствах у Еўропе, крымінальнай справай у дачыненні да Сяргея Каваленкі за вывешванне ў Віцебску бел-чырвона-белага сцяга. Дарэчы, на дыску будзе песня, прысвечаная Сяргею Каваленку, тэкст напісаў Вітаўт Мартыненка, а выканаў выдатны бард Ігар Сімбіроў».
Выданне дыска «Сімвалы веры і свабоды» праходзіць у рамках кампаніі папулярызацыі нацыянальнай сімволікі, якую праводзяць «Беларуская музычная альтэрнатыва», «Арт-сядзіба», «Рок-салідарнасць». «У рамках кампаніі таксама будуць збірацца подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнай каштоўнасці», - адзначыў Віталь Супрановіч.
Сярод музыкаў, песні якіх склалі дыск, Зміцер Вайцюшкевіч, «Песняры», Аляксей Шадзько, Віктар Шалкевіч, Ліка Ялінская, IQ-48, Сяржук Сокалаў-Воюш, Лявон Вольскі і іншыя.