29 красавiка 2024, панядзелак, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: У Беларусі без пераменаў

2
Amnesty International: У Беларусі без пераменаў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя не заўважыла змяненняў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» галоўнымі пунктамі ў справаздачы аб Беларусі за 2012 год адзначыла парушэнне правоў актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў, забарону на свабоду выказвання, сходаў і асацыяцый; вязняў сумлення, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі і асуджэнне на дадатковыя тэрміны за парушэнне імі турэмных правілаў, перадае «Радыё Свабода».

У справаздачы гаворыцца, што ў зняволенні застаюцца, па меншай меры, чатыры вязня сумлення, асуджаныя ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Гэта Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. У справаздачы гэтак жа называюць асуджанага на 4,5 гады зняволення старшыню праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага, якому ў студзені 2012 года суд адмовіў у апеляцыі.

У дакуменце адзначаецца, што беларускія праваабаронцы сутыкаліся з рознымі формамі пераследу, у тым ліку, з забаронамі на выезд з Беларусі, а на працягу 2012 года пятнаццаць праваабаронцаў, журналістаў і апазіцыйных актывістаў былі асуджаныя па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскіх месцах.

У частцы, прысвечанай свабодзе асацыяцый згадваецца аб ліквідацыі беларускім судом праваабарончай арганізацыі «Платформа» і дзеючым артыкуле 193 (1) Крымінальнага кодэкса, які забараняе дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Беларусь працягвала прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды ва ўмовах абсалютнай сакрэтнасці, калі родныя не апавяшчаюцца пра дату пакарання смерцю, ім не выдаецца цела асуджанага, яны не ведаюць, у якім месцы яно пахавана, гаворыцца ў справаздачы.

Праваабаронцы пішуць, што асуджаных за выбух у менскім метро Уладзіслава Кавалёва і Змітра Канавалава пакаралі смерцю ў сакавіку 2012 года, нягледзячы на запыт Камітэта ААН па правах чалавека, які прасіў не прыводзіць прысуд у выкананне, пакуль Камітэт не разгледзіць іх справы. Справядлівасць суда па гэтай справе выклікала сур'ёзныя сумневы.

Нагадаем, дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс заявіў пра тое, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, а «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» аказаў станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці». Зыходзячы з гэтага, ён прапанаваў пашырыць кантакты з беларускімі чыноўнікамі, падрыхтаваць «дарожную мапу» па развіцці дыялогу з афіцыйным Менскам, уключаючы міжпарламенцкія адносіны, выключыць з «чорных спісаў» ключавых чыноўнікаў для наладжвання дыпламатычных каналаў.

Дадзеныя рэкамендацыі змяшчаюцца ў дакладзе, падрыхтаваным Палецкісам і апублікаваным на сайце Еўрапарламента.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках