Ульяна Захаранка: «Я заўсёды чакаю Юру. Усе гэтыя 5114 дзён і начэй»
20- 8.05.2013, 11:31
89-гадовая жанчына чакае вяртання сына.
Карэспандэнт «Салідарнасці» пабываў у гасцях у маці экс-міністра МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, якая жыве ў Васілевічах Гомельскай вобласці. Ульяна Рыгораўна падзялілася: думала, што гэта ў вайну перажывала свае самыя страшныя гады. Але не.
Увесь гэты час матчына сэрца Ульяны Захаранка не ведае спакою, увесь гэты час 89-гадовая жанчына чакае.
Чакае, што аднойчы рыпнуць дзверы звычайнага вясковага дома ў Васілевічах Рэчыцкага раёна, на парозе з'явіцца яе Юра і скажа: «Мама, я дома…».
Ульяна Рыгораўна сустракае гасцей на парозе роднай хаты. Тут нарадзіўся і вырас будучы міністр МУС Беларусі, тут яго да гэтага часу памятаюць суседзі, сябры, знаёмыя...
- У сваіх сыноў Юру і Валодзю мы з мужам выхоўвалі чалавечнасць, працавітасць, добрае стаўленне да людзей, - дзеліцца жанчына. - Тут яны нарадзіліся, тут пайшлі ў школу. Мы вельмі ганарыліся за сыноў, са школьнай лавы не маглі нарадавацца. Іх партрэты віселі ў мясцовай школе: Юра і Вова былі лепшымі вучнямі, іх ставілі ў прыклад, на іх раўняліся. Сыны ніколі не цураліся працы: трэба араць - аралі, сеялі. Юра нават калі міністрам быў, прыязджаў - любіў хадзіць за плугам, казаў: «Гэта мая праца з дзяцінства». Спраўныя дзеці ў мяне выраслі…
На долю самой Ульяны Рыгораўны выпалі нялёгкія выпрабаванні. 15-гадовай дзяўчынкай яна была сагнаная ў Германію:
- У гады вайны тут гаспадарыў немец, мясцовых зганялі на працу ў Германію. Памятаю, наш бацька сказаў, што дамовіўся з паліцаем, маўляў, калі цягнік з палоннымі кранецца, на хаду з яго можна будзе скакаць... Але нас завялі ў вагон, які наглуха зачынілі, і ўцячы ніякай магчымасці не было. Так я патрапіла ў Кёльн. Думала, што перажываю самыя страшныя гады жыцця, - за вайну прайшла не адну бамбёжку, бачыла, як гінуць людзі, сама ледзь не загінула. Аднойчы нас сталі бамбіць, і адна з бомбаў звалілася перада мной. Я паспела забегчы ў царкву, а бомба так і не разарвалася... Вайна - гэта страшна. Думала, што разам з ёй скончылася ўсё самае жудаснае ў жыцці. Не ведала, што сапраўдны кашмар чакае наперадзе…
Спачатку Ульяна Захаранка страціла мужа, потым памёр сын Уладзімір, затым знік і сам Юрый Захаранка.
- У апошні раз я бачыла сына 6 траўня 1999 года, - успамінае яна. - Юра заўсёды радасны сюды прыязджаў, казаў, што родны дом даражэй за ўсё. Я яму ў машыну гасцінцаў склала, дык ён сказаў: «Мама, ты так яе загрузіла, што колы сагнуліся». Адказала: калі памру, так яны падскокваць будуць. На развітанне ён абняў мяне, і сказаў: «Мама, вярнуся 9 траўня, дапамагу пасадзіць бульбу». А на наступны дзень яго забралі.
«Забралі» - кажа Ульяна Рыгораўна. Не выкралі, не забілі, а менавіта «забралі».
- 7 траўня 1999 года мне патэлефанавала нявестка, і сказала «Юру забралі», - працягвае суразмоўца. - Ведаю, што на машыне пад'ехалі нейкія людзі, схапілі сына за ногі, кінулі ў машыну і павезлі. Ён гучна крычаў «Памажыце!», людзі гэта бачылі... Хто? За што яго забраў? Ён жа не злачынца, ён самы лепшы сын…
Цяпер Ульяна Рыгораўна жыве ўспамінамі і надзеяй. На стале ў вялікім пакоі дома ляжыць фотаальбом: «Я ўсё фатаграфіі ведаю на памяць, - кажа яна. - Вось Юра з Генадзем Карпенкам, вось у форме міністра МУС... Гляджу і плачу».
Як напамін аб жывым сыне ў двары дома расце бяроза, пасаджаная Юрыем:
- Гляджу на яе, і ўвесь час думаю пра Юру. Не верце нікому, хто кажа, што час лечыць. Няпраўда гэта - боль з гадамі толькі мацнее. Я вам скажу, што з таго дня, як Юру забралі, не магу спаць. Не сплю начамі, я заўсёды яго чакаю. Думаю: забралі яго, трымаюць недзе, а ён не можа сказаць, што жывы... Думаю: паўключаю лямпачкі ў хаце - колькі пакояў, столькі лямпачак, ён прыйдзе і ўбачыць, што я яго чакаю…
Ульяна Рыгораўна любіць чытаць газеты. Але суседзі, якія дапамагаюць ёй па хаце, хаваюць ад яе публікацыі, у якіх сцвярджаецца, што Юрыя Захаранкі ўжо няма ў жывых. Пасля чытання падобных тэкстаў жанчына пачынае плакаць, баліць сэрца. Прыходзіцца піць таблеткі, якія дапамагаюць літаральна пару гадзін, а потым боль вяртаецца.
У тым, што здарылася з яе сынам, Ульяна Рыгораўна нікога не вінаваціць: «Я толькі не магу зразумець, за што яны так з Юрам? Калі б мне сказалі, хто яго забраў, я б запыталася ў таго чалавека, чаму ён так зрабіў і дзе мой сын».
У гэтым тэксце наўмысна не хочацца называць ні прозвішчаў, ні пасад людзей, якія, магчыма, маюць дачыненне да знікнення Юрыя Захаранкі. Пра гэта і так даволі шмат напісана. Хочацца толькі адказаць таму, хто з экрана тэлевізара запэўнівае нас, што «Захаранка адбухаў сабе асабняк і прыпяваючы жыў у Германіі».
«Палац» былога міністра МУС Беларусі - гэта звычайны вясковы дом з некалькімі невялікімі пакоямі. У адной з іх стаіць канапа, якой некалькі дзесяткаў гадоў, і седзячы на якой Ульяна Рыгораўна са слязамі на вачах разглядае фатаграфіі сына і прымае гасцей. Яшчэ адзін пакой - самога Юрыя Захаранкі.
Тут да гэтага часу стаіць яго ложак, на якім ён любіў чытаць. Уся сцяна ў яго пакоі ўвешаная фатаграфіямі: дзіцячымі, юнацкімі, дарослымі. А яшчэ ва ўласнасці генерала Захаранкі ёсць гараж - звычайная жалезная скрынка на ўчастку мацярынскага дома. Вось і ўсё генералава «багацце».
Знаходзячыся пры высокай пасадзе, натуральна, маючы для гэтага ўсе магчымасці, генерал Захаранка, будучы сапраўдным афіцэрам, не палічыў патрэбным узбагаціцца за кошт дзяржавы. Не стаў ператвараць мацярынскі дом у асабняк. Дарэчы, у родным доме Юрыя Захаранкі да гэтага часу няма цэнтралізаванага газазабеспячэння. Жыллё ацяпляецца дровамі, якія Ульяна Рыгораўна вымушана купляць за сваю пенсію ў памеры 2.050.000 рублёў у месяц.
- Спраўляюся ціхенька, - кажа яна. - Вясной-летам агарод паліваю. Тут растуць гародніна, зеляніна, ёсць фруктовыя дрэвы. Узімку да мяне сацыяльны работнік прыходзіць. Купляе прадукты, лекі. Неяк выкручваемся.
Сама Ульяна Рыгораўна ні пра што не прасіла журналістаў і праваабаронцаў, якія прыехалі да яе ў госці ў гадавіну знікнення сына.
Але, на адваротнай дарозе ў Менск, разам з праваабаронцамі Алегам Волчакам і Раісай Міхайлоўскай было вырашана: дапамагчы Ульяне Захаранка не толькі словам, але і справай. Паколькі МУС Беларусі не лічыць неабходным і магчымым дапамагчы маці былога міністра, гэтую дапамогу павінны аказаць неабыякавыя людзі.
Для газіфікацыі дома Ульяны Захаранка патрэбныя грошы. І па беларускіх мерках, немалыя - больш за 20 мільёнаў рублёў. Але калі кожны з нас дапаможа чым зможа, то справа будзе зроблена.
Паштовы перавод можна адправіць па адрасе: 247550, Беларусь, Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён, горад Васілевічы, вуліца Куйбышава, 10. Захаранка Ульяне Рыгораўне