4 траўня 2024, Субота, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улляна Захаранка дзякуе за салідарнасць

8

Актывісты апазіцыі наведалі маці генерала Юрыя Захаранкі, выкрадзенага ў 1999 годзе.

Улляна Захаранка жыве адна ў вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, нагадвае ucpb.org.

Дзякуючы дапамозе, якую маці былога міністра ўнутраных спраў атрымала ад дзясяткаў неабыякавых людзей з усёй краіны, цяпер у ейным доме з'явілася гарачая вада. Таксама былі ўсталяваныя новыя вокны. Пра гэта паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які наведаў Улляну Захаранку ў ейнай вёсцы.

«Вельмі-вельмі дзякуюць усім добрым людзям за дапамогу. Атрымліваюць пералічэнні з усіх канцоў краіны: з Пружанаў, Баранавічаў, Абухава, Барысава, Гародні, Рэчыцы, Менска, Мазыра, Наваполацка, Буда-Кашалёва, Берасця, Віцебска, Менскай вобласці, Гомеля, Баяраў, Маладзечна, Слоніма, Светлагорска, Клецка, Магілёва, Койданава ды іншых. Сумы самыя розныя: 10 млн з Менскай вобласці, два пералічэнні па 2 млн, некалькі па 1 млн, але збольшага - сумы ад 20 да 100 тысяч. Выяўляецца, у нас мноства неабыякавых людзей, ахвочых рэальна падтрымаць у бядзе добрага чалавека. Вельмі кранальна, калі да пералічэння ў 20 тысяч ідзе прыпіска: «Колькі магу з пенсіі», - паведамляе прэс-служба АГП.

Генерал Юрый Захаранка бясследна знік 7 траўня 1999 года. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

За некалькі гадоў да гэтага Захаранка быў звольнены са сваёй пасады, бо падзяляў пункт гледжання Лукашэнкі і ягонага атачэння. Экс-сілавік карыстаўся павагай у асяроддзі сваіх калегаў, займаўся стварэннем Звяза афіцэраў. Таму ягоная апазіцыйная дзейнасць мела асаблівую небяспеку для ўлад.

Шмат хто ў Беларусі і ў свеце мяркуе, што яго выкралі з палітычных прычын і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не скончанае, і прычыны выкрадання Захаранкі, як і ягоны лёс, невядомыя.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках