Ці забяруць у Лукашэнкі «Майбах»?
57- 6.06.2013, 14:57
- 170,580
Заплюшчыце вочы і ўявіце, прыходзіць пракурор Дыско да грамадзяніна Лукашэнкі і тыкае ордэрам у «Майбах 62».
У кабінетах улады любяць пагаварыць на тэму барацьбы з карупцыяй. Гутарка даўжынёю ў 19 гадоў...
Вось і пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско ўнёс свой пасільны ўклад у барацьбу з гэтым агульнанацыянальным злом. Ён прапанаваў забіраць дамы і машыны ў людзей, якія не могуць растлумачыць, за якія грошы яны былі набытыя.
Арыгінальную ідэю сіні кіцель агучыў на пасяджэнні «круглага стала» ў пракуратуры Віцебскай вобласці. А што рабіць, калі колькасць выяўленых злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў рэгіёне расце трэці год запар! Надоі малака падаюць. Прадукцыйнасць працы замерла. А гэтая гідкая карупцыя ставіць рэкорды росту! Яна ўсюды. Па дадзеных пракуратуры Віцебскай вобласці, карупцыйныя злачынствы фіксуюцца ў сферах прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, установах аховы здароўя і адукацыі...
Аднак ініцыятыва Дыско здохне, не выходзячы з будынка Віцебскай пракуратуры. І не таму, што ідзе насуперак асноватворнаму прынцыпу крымінальнага судаводства - прэзумпцыі невінаватасці, паводле якой чалавек не павінен даказваць, што ён не злачынца. Проста яна, калі яе выконваць літаральна, накіраваная на падрыхтоўку палацавага перавароту. Бо пад зачыстку ў такім выпадку патрапяць чыноўнікі, якія сядзяць на размеркаванні, і бізнес, які прысеў пад чыноўніцкі дах.
Гэтыя дзве групы і з'яўляюцца галоўным разносчыкам віруса карупцыі. Гэта яны і іх дамачадцы засяляюць «царскія вёскі», навыперадкі з ветрам катаюцца на дарагіх аўто, і калі не ўключаныя, як пракурор Дыско, у спісы неўязных у ЕЗ, то даследуюць глыбіні Міжземнамор'я.
Паспрабуйце ў іх нешта адабраць. Яны ж будуць супраціўляцца. Агрызацца і кусацца. «Вертыкаль», якая зрасла з прыдворным бізнесам, проста збунтуецца і ўзначаліць рэвалюцыю зверху.
Заплюшчыце вочы і ўявіце, прыходзіць пракурор Дыско да грамадзяніна Лукашэнкі і тыкае ордэрам у «Майбах 62». Маўляў, растлумачыце, таварыш, як з заробкам у дзве тысячы ўмоўных еўрапейскіх адзінак (па дэкларацыі за 2009 год) вы маглі стаць уладальнікам цацкі коштам у 432 тысячы еўра (у самай таннай камплектацыі)?..
Не будуць змагацца з карупцыяй тыя, хто з яе стрыжэ дывідэнды. Кампаніі па барацьбе з карупцыяй, «круглыя сталы» на гэтую тэму - калі ласка. Але пілаваць адзін са слупоў на які абапіраецца сістэма, не дазволяць ні пракурору Дыско, ні міністру МУС, ні старшыні КДБ. Нават калі ў руках у іх і ёсць нейкая пілачка для догляду за пазногцямі.
Анатоль Лябедзька, «Белорусские новости»