У Віцебск сцягнулі міліцыю і вайскоўцаў
44- 10.07.2013, 18:55
- 28,731
У Віцебску, дзе заўтра ўрачыста адкрыецца XXII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», узмацняюць захады бяспекі.
Вакол Летняга амфітэатра ў цэнтры горада ладзіцца спецыяльная зона.
Сёння жаўнеры ўнутраных войскаў адгароджвалі з дапамогай турнікетаў праезную частку ад ходнікаў на адцінках вуліц Леніна, Замкавай і праспекта Фрунзэ, якія прылягаюць да плошчы Свабоды, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Падчас канцэртаў фестывалю цэнтр Віцебска будзе адасоблены ад астатняга горада бар'ерамі з кантрольна-прапускнымі пунктамі. Каб трапіць на абгароджаную тэрыторыю трэба будзе прайсці рамку з металадэтэктарам і асабісты надгляд.
У гэтым годзе грамадскі парадак на «Славянскім базары» ахоўваюць пад 600 супрацоўнікаў міліцыі і жаўнераў унутраных войск. На ўзмацненне прыехалі міліцыянты з Гомельскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей.
На кантрольна-прапускных пунктах у Летні амфітэатр - галоўную сцэнічную пляцоўку фестывалю - у гэтым годзе ўстаноўленыя новыя рамачныя дэтэктары падвышанай адчувальнасці, якія былі перададзеныя віцебскім унутраным органам арганізатарамі карпаратыўнага фестывалю «Газпрама» - «Факел», які ладзіўся вясной у Віцебску.
Нягледзячы на тое, што афіцыйна XXII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» стартуе толькі 11 ліпеня, у амфітэатры ўжо ідуць канцэрты.