3 траўня 2024, Пятніца, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беспарадкі ў Егіпце дакаціліся да курортаў (Відэа)

13

Хваля гвалту, што накрыла Егіпет, ахвярамі якой, паводле афіцыйных зводак, сталі ўжо блізу 350 чалавек, дакацілася і да курортных гарадоў.

У Егіпце з серады на месяц ўведзенае надзвычайнае становішча, а ў 11 правінцыях - каменданцкая гадзіна (з 19:00 да 6:00). Прыбярэжныя гарады Сінайскай паўвыспы, уключаючы Шарм-эль-Шэйх, апынуліся ў зоне дзеяння каменданцкай гадзіны, піша NEWSru.com.

Экскурсіі ў сталіцу, як, зрэшты, і ў іншыя месцы, напрыклад, у Гізу (піраміды), куды звычайна звозілі натоўпы турыстаў, забароненыя. Пастаяльцам гатэляў рэкамендавана не пакідаць іх вечарам і ноччу.

У Хургадзе, таксама папулярным сярод беларускіх турыстаў, ісламісты, якія падтрымліваюць зрынутага прэзідэнта Мухамеда Мурсі, спачатку занялі цэнтральную плошчу, а потым напалі на аддзяленне паліцыі і на аўтавакзал, з якога едуць аўтобусы на Каір і Александрыю.

Паліцэйскія і вайскоўцы адказалі даволі жорсткімі контрзахадамі: у лічаныя хвіліны правялі зачыстку, а каб бунтары не пайшлі нішчыць горад, перацялі блок-пастамі ўсе дарогі з Дахара. На ўсялякі выпадак меры засцярогі прынялі і там, дзе стаяць гатэлі - гэта прыкладна ў пяці кіламетрах ад месца беспарадкаў.

Службам бяспекі мясцовых гатэляў дадзенае строгае распараджэнне паліцыі «нікога не выпускаць». А мэнэджэры запэўніваюць: турыстаў берагуць, прымаюцца ўсе меры бяспекі, нават калі беспарадкі далёка.

Паводле звестак егіпецкага Міністэрства аховы здароўя на раніцу чацвярга, колькасць ахвяр жорсткіх сутыкненняў ісламістаў з сіламі бяспекі наблізілася да трох сотняў (343 чалавекі, у тым ліку блізу 50 паліцэйскіх). Колькасць параненых дасягае амаль 3 тысяч.

Пры гэтым самі ісламісты - арганізацыя «Браты-мусульмане» - называюць значна большую колькасць загінулых: звыш 2 тысяч, паведамляе Sky News. Брытанскі тэлеканал напярэдадні панёс трагічную страту: падчас здымак сутыкненняў у Каіры быў застрэлены аператар Мік Дын, які 15 гадоў працаваў у камандзе Sky News.

Усяго 14 жніўня загінулі чацвёра журналістаў. А група супрацоўнікаў тэлеканала «Расія 24» зазнала ўзброены напад рабаўнікоў - тыя адабралі ў расейцаў грошы і частку абсталявання.

Часовы віцэ-прэм'ер Егіпта Мухамед эль-Барадэі напярэдадні падаў у адстаўку, заявіўшы, што не можа ўзяць на сябе адказнасць за пастановы кіраўніцтва краіны, з якімі не згодны. Ён падкрэсліў, што ва ўладаў былі «мірныя альтэрнатывы». Эль-Барадэі раней узначальваў Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі і з'яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

У сваю чаргу кіраўнік часовага кабінета Хазэм эль-Беблаві апраўдаў узброеныя аперацыі знішчэння лагераў пратэстоўцаў, якія выліліся ў крывавую бойню. Выступаючы на тэлевізіі ў сераду ўвечары, ён заявіў, што ва ўлады не было іншага выбару, акрамя як дзейнічаць. Пры гэтым пастанова была «няпростай», але трэба было спыніць «анархію і напады на лякарні і паліцэйскія ўчасткі».

Адзначым, ісламісты ў шэрагу гарадоў таксама падпальвалі хрысціянскія царквы і цэнтры.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках