10 траўня 2024, Пятніца, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскае метро зноў было спынена

57
Менскае метро зноў было спынена

На гэты раз прычынай стала НЗ на станцыі метро «Акадэмія навук».

На рэйкі звалілася жанчына. Рух цягнікоў быў адноўлены праз 10 хвілін. Пра спыненне цягнікоў, як і ў папярэднія дні, першымі паведамілі відавочцы ў сацыяльных сетках.

«Кажуць метро зноў перакрылі», піша ў сваім акаўнце ў «Твітэры» карыстальнік @Nikitka93.

«Цягнікі ў бок Уручча не ідуць», - паведамляе @operby. Ён піша пра тое, што ўсіх пасажыраў з цягніка, які прыбыў з боку «Кастрычніцкай» на «Плошчу Перамогі», выгналі з вагонаў і ўдакладняе, што рух спынены толькі ў бок «Уручча».

Часовае спыненне руху на першай лініі менскага метро адбылося ў сувязі з падзеннем жанчыны на рэйкі на станцыі «Акадэмія навук». «На станцыі «Акадэмія навук» на рэйкі звалілася жанчына. У цяперашні час яе аглядаюць медыкі», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі.

Паводле яго слоў, рух цягнікоў адноўлены.

Нагадаем, пазаўчора ў цэнтры Менска, у гадзіну пік сталічная міліцыя нібыта правяла вучэнні ў метрапалітэне, што выклікала сапраўдную паніку сярод грамадзян. У раёне 16 гадзін каля Кастрычніцкай плошчы ў Менску сталі чутныя бесперапынныя сігналы сірэны і заўважаныя перамяшчэнні байцоў спецыяльных падраздзяленняў. У падземных пераходах узмацнілі меры бяспекі і кантролю, а станцыя метро «Плошча Якуба Коласа» апынулася закрытай для пасажыраў.

У гэты ж час у некаторых установах аховы здароўя Менска сталі рыхтавацца да прыёму параненых.

У 17:00 МУС і МНС паведамілі, што прычынай спыненьня метро былі вучэнні.

Учора рух цягнікоў таксама быў спынены. На гэты раз прычынай стала задымленне станцыі метро «Усход». Цягнікі першай лініі не хадзілі на працягу паўгадзіны.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках