5 траўня 2024, Нядзеля, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Балкунец: Беларускія ўлады спрабуюць не ўпасці ў бруд тварам

8
Дзмітрый Балкунец: Беларускія ўлады спрабуюць не ўпасці ў бруд тварам

Менск не можа прымусіць Маскву распачаць крымінальную справу супраць Баўмгертнера.

Такім чынам палітолаг Дзмітрый Балкунец пракаментаваў сайту charter97.org сустрэчу прэзідэнта Расеі і беларускага дыктатара на вучэннях «Захад-2013». Ён адзначыў, што гэтае пытанне ляжала цалкам у сферы эканамічных інтарэсаў двух суб'ектаў гаспадарання.

«І калі ў беларускага боку былі нейкія пытанні да топ-мэнэджмэнту «Уралкалію», то трэба было гэта вырашаць у рэчышчы беларускага і расейскага заканадаўства, не спрабуючы гэтае пытанне палітызаваць», - лічыць палітолаг.

Ён падкрэсліў, што беларускія ўлады зрабілі наадварот.

«У мяне, дарэчы, больш пытанняў да беларускага кіраўніцтва, якое кіруе актывамі БКК. Таму што раз яны «развяліся» з калегамі з «Уралкалію», то ўзнікае пытанне: прабачце, у вас забралі базу і вынеслі ўсе кампутары, што вы не можаце гандляваць і наладзіць сваю сетку? Гэта значыць да сістэмы бяспекі гэтай кампаніі ў мяне шмат пытанняў. І такім чынам, трэба заняцца тэмай, чаму дапусцілі такое нядбалае стаўленне, што нібыта расейская кампанія ўзяла і забрала ўсю базу. Гэта проста смешна», - перакананы Дзмітрый Балкунец.

Эксперт дадаў, што пытанне з вызваленнем Уладзіслава Баўмгертнера ўжо абмяркоўвалася.

«Я не ведаю, якія довады былі ў расейскага боку, але відавочна, што гэтага чалавека адпусцяць. Думаю, што зараз беларускія ўлады паспрабуюць нейкім чынам не ўпасці ў бруд тварам, і будуць спрабаваць хутчэй пазбавіцца ад гэтага грамадзяніна і вывезці яго з тэрыторыі Беларусі ў Расею, у прыватнасці. І мяркуючы па публікацыях у прэсе, яны спрабуюць нейкім чынам прымусіць расейскі бок распачаць крымінальную справу ў дачыненні да гэтага грамадзяніна. Але я думаю, што гэта ўнутраная справа Расейскай Федэрацыі і расейскіх законаў, і ніхто не ў праве нейкім чынам аказваць ціск і перашкаджаць працы следчых, у тым ліку расейскіх і беларускіх», - упэўнены палітолаг.

Ён таксама адзначыў, што не ведае, адкуль узялася лічба ў 100 мільёнаў даляраў.

«Да нейкага часу беларускі бок, мабыць, цалкам задавальняла схема працы, якая існавала ў рамках «калійнага саюза». Але потым перастала задавальняць. Аказалася, што хтосьці кагосьці перахітрыў. Значыць, трэба апладзіраваць таму, хто гэта зрабіў, таму, хто перахітрыў. Я не выключаю, што страты ў 100 мільёнаў былі, але яшчэ раз падкрэслю, гэта вырашаецца не нейкім шантажом, а вырашаецца ў прававым рэчышчы. Для гэтага трэба звярнуцца, напрыклад, з пазовам, і нейкі суд можа прыняць рашэнне. Але не так, што вы заплаціце і давайце сыходзьце», - заявіў эксперт.

Палітолаг лічыць, што на парадку сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна пытанні іншага роду.

«Пытанні, якія будуць абмяркоўвацца, у той ці іншай меры тычацца, па-першае, супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, і відавочна, што візіт Уладзіміра Пуціна гэта як раз падкрэслівае. І другое пытанне, якое будзе абмяркоўвацца, - гэта еўразійская інтэграцыя і яе будучыня. Для Расеі цяпер з'яўляецца хваравітым тое, што Беларусь адстойвае нейкія свае інтарэсы, таму што ёсць досвед «саюзнай дзяржавы». Як мы бачым, гэты праект быў замарожаны. Таму я не думаю, што Расея і, напэўна, Беларусь хочуць паўтарыць лёс гэтай «саюзнай дзяржавы», нейкім чынам канструюючы новую мадэль у выглядзе Еўразійскага саюза. Па гэтай структуры і яе функцыянаванню вельмі шмат пытанняў. Таму дадзеная тэма ў той ці іншнай ступені будзе абмяркоўвацца ў кулуарах», - мяркуе Дзмітрый Балкунец.

Нагадаем, на палігоне пад Гродна беларускі кіраўнік сустрэўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, які сёння прыбыў у Беларусь. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі анансаваў абмеркаванне імі справы «Уралкалію».

Фота: dw.de

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках