30 красавiка 2024, aўторак, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Зялко: Цярпенне ў пенсіянераў заканчваецца

150
Таццяна Зялко: Цярпенне ў пенсіянераў заканчваецца

Пенсіянеры абураныя тым, што разрэкламаванае падвышэнне пенсій не пакрывае інфляцыю нават напалову.

А заявы ўладаў пра рост выплат, на іх погляд, - гэта папулізм.

Цяжкія часы ў эканоміцы адбіліся, у першую чаргу, на найбольш залежных ад дзяржавы катэгорыях. Сярод іх - пенсіянеры. Шмат гадоў беларускія пажылыя людзі не жывуць, а выжываюць. І цярпенне іх амаль вычарпалася, а хваля незадаволенасці расце. Пра гэта службе інфармацыі ЕўраБеларусі распавяла старшыня праўлення ініцыятывы ў стварэнні беларускага грамадскага аб'яднання пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко.

«Сапраўды, пенсіі падвысілі амаль на 17%. Але, у той жа час, квартплата і паслугі ЖКГ сталі даражэй на 30%, кошты на некаторыя прадукты падняліся ў некалькі разоў. Атрымліваецца, пенсіянеры з кожным месяцам становяцца ўсё бяднейшымі. І, нягледзячы на гучныя заявы Мінпрацы аб падвышэнні пенсій, беларускія пажылыя людзі сёння не жывуць, а выжываюць», - распавядае Таццяна Зялко. Казаць пра падвышэнне пенсіі, на яе думку, некарэктна, бо яна не індэксуецца ў поўным аб'ёме.

Лідар «Нашага пакалення» мяркуе, што для сацыяльна арыентаванай краіны ў нас мала ўвагі надаецца менш абароненым катэгорыям насельніцтва. «Мы запускаем уласныя касмічныя апараты, закупляем ракетна-артылерыйскае ўзбраенне і будуем палацы спорту. А народ наш пастаянна бяднее, - разважае яна. - Варта паглядзець на нашых заходніх суседзяў ці на Украіну. Там няма такой колькасці работнікаў МУС і арміі, яны не могуць пахваліцца ростам спартовых аб'ектаў. Затое пажылы літовец, прыходзячы ў аптэку за лекамі, атрымлівае салідную зніжку».

Таццяна Зялко сама бачыла, што і ва Украіне, і ў Польшчы з Літвой дзяржава клапоціцца пра пенсіянераў. З яе слоў, ва Украіне пенсія не моцна адрозніваецца ад нашай, але кошты нават на гарадскім і прыгарадным транспарце там ніжэй, а пенсіянеры зусім яго не аплачваюць. У Еўропе пенсіянеры таксама маюць ільготы на праезд. А пасля дасягнення 70-гадовага ўзросту яны гарадскім транспартам карыстаюцца бясплатна. Там таксама ёсць субсідыі на аплату камунальных паслуг і адрасная дапамога. І, паглядзеўшы, як жывуць літоўскія і польскія пенсіянеры, Таццяна Зялко пераканалася, што выйшаўшы на заслужаны адпачынак, еўрапейцы могуць сабе дазволіць нармальнае жыццё. Нам жа, на яе думку, і да ніжэйшага ўзроўню жыцця заходніх пенсіянераў яшчэ вельмі далёка.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросту ў кастрычніку мінулага года быў блізу 230 даляраў. Але гэтая лічба не адлюстроўвае рэальную сітуацыю, мяркуе лідар «Нашага пакалення», бо большасць пенсіянераў у мінулым не дзяржслужачыя і інжынеры, а простыя рабочыя. Іх пенсія значна ніжэйшая.

Многія беларусы вымушаныя працаваць нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак. «Не ад добрага жыцця былая лекарка ці настаўніца ідзе месці вуліцу, - абураецца Таццяна Зялко. - Пражыць на пенсію сёння можна, калі купляць толькі хлеб і малако. Нават аптэка для многіх - гэта раскоша». Яна распавядае, што пажылыя людзі незадаволеныя тым, што працягваючы працаваць у барацьбе за выжыванне, яны недаатрымліваюць як мінімум трэць пенсіі.

«Вельмі дзіўная логіка, калі чалавек усё жыццё працаваў і плаціў адсоткі для будучай пенсіі, а атрымаць яе ў поўнай меры не можа, бо вырашыў і далей укладваць сілы ў эканоміку. Каб стварыць стымулы для людзей на працу, ім трэба выплачваць у поўнай меры пенсію або скарачаць частку падаткаў, а не пазбаўляць заслужаных выплат», - мяркуе яна.

Развязаць праблемы ў эканоміцы і палепшыць жыццё пенсіянераў не атрымаецца павышэннем мінімальнага стажу працы з 5 да 10 гадоў, мяркуе Таццяна Зялко. «Калі чалавек адпрацуе амаль 10 гадоў, ён будзе атрымліваць сацыяльную пенсію, як і той, хто гэтыя гады не адпрацаваў, - тлумачыць яна. - Для нармальнай пенсіі неабходны салідны стаж працы. У сувязі з гэтым нават у наш час з вялікімі праблемамі сутыкаюцца тыя, хто ездзіў працаваць на поўнач і тыя, хто служыў у Афганістане. Спадзеючыся калісьці на нармальныя пенсіі, яны засталіся ў пройгрышы». Каб развязаць праблемы з забеспячэннем пажылых людзей, з яе слоў, трэба праводзіць поўнамаштабную рэформу ў эканоміцы.

У той жа час у Беларусі не абавязкова ўводзіць льготы. На думку лідара «Нашага пакалення» дастаткова плаціць нармальныя пенсіі. Як імі распарадзіцца, людзі вырашаць самі. Таццяна Зялко ўпэўненая, што з існуючымі коштамі для паўнавартаснага жыцця пенсіянерам трэба атрымліваць амаль 1 тысячу даляраў. Цяпер жа, як адзначае яна, нягледзячы на заявы ўрада аб пастаянным падвышэнні выплат, беларускія пенсіянеры жывуць па прынцыпе трох «Д»: даношваюць, даядаюць і дажываюць.

«Мы доўга маўчалі, - кажа Таццяна Зялко. - Але цярпенне ў пенсіянераў заканчваецца. Нават ва Украіне на акцыі пратэсту выйшлі ля 30% незадаволеных пенсіянераў не таму, што яны ў Еўропу хочуць, а таму што жыць хочуць лепей. Гэтак жа расце незадаволенасць і ў Беларусі. У што гэта выльецца, сказаць пакуль цяжка. Але мірыцца з гэтым пенсіянеры стаміліся».

Напісаць каментар 150

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках