8 траўня 2024, Серада, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Грыц: Фядосенка атрымаў кулю проста ў лоб (Відэа)

5
Сяргей Грыц: Фядосенка атрымаў кулю проста ў лоб (Відэа)

Беларускі журналіст, які цяпер знаходзіцца ў Кіеве, распавёў пра спецыфіку працы ў «гарачых кропках».

Cергей Грыц падкрэсліў, што ўкраінскія сілавікі імкнуліся цэліцца ў журналістаў, перадае «Радыё Свабода».

- Вы раней бывалі з фотаапаратам у іншых гарачых кропках. Чым Майдан падобны на іх?

- Я бываў у падобных кропках ў Маскве, у Баку, у Тбілісі. Адрозненняў амаль ніякіх: народ хоча жыць сваім жыццём, дзеючая ўлада спрабуе гэта жаданне прыціснуць рознымі паліцэйскімі метадамі. Калі і ёсць нейкае адрозненне паміж Масквой, Менскам, Тбілісі, Кіевам, то толькі ў колькасці пратэстоўцаў, іх тактыцы і метадах, якія прымяняе ўлада, каб здушыць пратэст. У адных краінах улада чакае, у іншых - жорстка душыць прама ў зародку, у трэціх - дае пратэсту магчымасць развівацца да яго самастойнага згасання.

- Як адчуваеце сябе пасля ўдару гумовай кулі?

- Я зараз працую на вуліцы Грушэўскага, дзе з раніцы бурлілі самыя гарачыя падзеі. Я зноў сюды вярнуўся. Пакуль, здаецца, ціха. Я сведчу, што тыя міліцыянты, якія трымаюць вінтоўкі, страляюць менавіта па журналістах, фота- і відэааператарах. Я сам злавіў капюшонам курткі гумовую кулю, добра, што са мной нічога не здарылася, так, шкрабанула. А вось мой калега Васіль Фядосенка атрымаў такую ж кулю проста ў лоб, яна трапіла акурат паміж абарончымі ачкамі і каскай. Ну, нічога, нічога. Ён зараз у нармальным стане. Вядома, ён збянтэжыўся, таму што гэта вельмі балюча.

- Што адбываецца з тымі, у каго трапляюць гумовыя кулі і хто не мае ахоўнага адзення?

- Я бачыў, як людзі курчацца ад болю, калі куля трапляе ў грудзі або ў жывот. Яны курчацца і падаюць ад болю. Натуральна, што іх паднімаюць і адводзяць у бок да медыкаў, таму што гэта вельмі балюча і вельмі небяспечна, асабліва калі куля трапляе ў твар.

- Як вы абараняецеся ад куль?

- Я маю моцны спартыўны шлем і бронекамізэльку. І імкнуся паводзіць сябе так, каб не быць лёгкай здабычай для стралкоў: не паварочвацца да іх тварам, не стаяць на адным месцы, не падыходзіць блізка, не трымаць адкрыты твар, хавацца за якія-небудзь прадметы - слупы, тумбы, не падыходзіць у тыя месцы, дзе пратэстоўцы кідаюць бутэлькі і камяні ў міліцыянтаў, таму што гэта месца заўсёды пад абстрэлам. Таксама важна пастаянна кантраляваць позіркам міліцыянтаў, таму што яны лёгка мяняюць свае газавыя і светлавыя гранаты на звычайныя камяні.

- Ці дапамагаюць фотажурналісты адзін аднаму ў такой складанай сітуацыі?

- Увогуле, сюды пачаткоўцаў не адпраўляюць. Тут людзі спрактыкаваныя, дасведчаныя. Але, напрыклад, сёння я некалькім чалавекам параіў зняць яркія аранжавыя камізэлькі з надпісам «Прэса». Таму што калі ў цемры стаіць маса пратэстоўцаў, то ў міліцыянтаў узнікае вялікая спакуса вылічыць яркую памяранцавую пляму і пальнуць. Я сведчу пра тое, што яны шукаюць у натоўпе менавіта журналістаў і страляюць па іх. Таму тут лепш адмовіцца ад гэтых камізэлек і паспрабаваць зліцца з дэманстрантамі. А так у фатографаў і журналістаў няма часу дзяліцца вопытам і дапамагаць, кожны сам за сябе. Ну, калі каго раняць, то выцягнем, не кінем.

Нагадаем, сёння раніцай на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пачалася жорсткая зачыстка. Спецназ і ўнутраныя войскі атакавалі барыкады, збудаваныя прысутнымі. Наступ суправаджаўся стрэламі. Сілавікі выйшлі за лінію згарэлых два дні таму аўтобусаў. На анлайн-трансляцыі было відаць, як людзі спрабуюць уцячы, аднак міліцыянты іх даганялі і збівалі.

У выніку сутыкненняў, як мінімум, трое чалавек забітыя. Дваіх дэманстрантаў, сярод якіх актывіст Сяргей Нігаян, застрэлілі сілавікі. Адзін з пратэстоўцаў зваліўся з каланады і памёр у рэанімацыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках