2 траўня 2024, Чацвер, 21:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расеец: Я быў здзіўлены да разгубленасці, а павага да паўсталых стала невымоўнай

135
Расеец: Я быў здзіўлены да разгубленасці, а павага да паўсталых стала невымоўнай

Слухач «Эхо России» падзяліўся ўражаннямі ад падзеяў ва Украіне.

У рэдакцыю часопіса «Эхо России» прыйшоў ліст, публікуем яго без зменаў.

«Сёння ноччу я глядзеў трансляцыю з Майдана.

Усе стаміліся, бо яны шмат дзён там як пчолы працуюць. Гэта прыкладна таксама як вычэрпваць ваду з ракі і не бачыць відавочнага выніку. Ды яшчэ на холадзе, паўмокрыя і не толькі ад вадамётаў, бо падпаленыя вогнішчы растопліваюць снег і пад нагамі балота.

Гэтыя смерці... А акрамя смерцяў мноства параненых, пабітых, ды яшчэ і выкраданні за рысай майдана і катаванні, здзекі і знявагі.

І вось яны паўдня чакалі вынікаў перамоваў, якія ўсё адкладаліся і адкладаліся.

Натуральна, што гэта ціснула на волю, бо амаль кожны, напэўна, марыць змяніць гэтую даволі рызыкоўную абстаноўку на канапу ў сябе дома. Бо ў кожнага ў галаве магла ўжо выява намалявацца, што яны зрабілі ўсё, што маглі і нават больш, гэта значыць пагадзіцца ад унутранай стомленасці і доўгага напружання на кампраміс. І гэты кампраміс Януковіч самаўпэўнена ім падсоўваў, як цар халопам. Так зрабілі б у Расеі - пагадзіліся б, супакоіўшы сваё сумленне і паклаўшыся на лёс. І так рабілі, дастаткова ўспомніць нашы пратэсты, і я быў ужо да гэтага гатовы і ані не сумняваўся ў зыходзе.

Але калі яны сталі галасаваць... я быў уражаны! Я першыя некалькі хвілін думаў, што я не так зразумеў па-ўкраінску. Я стаў шукаць на іншых інфармацыйных стужках паведамленні па-руску, каб пераканацца, але гэтых паведамленняў яшчэ не было (прамая трансляцыя). Я быў проста здзіўлены іх воляй. Гэта было проста жахліва! Усе, як адзін .... і без камандзіраў, ідэолагаў!

Потым, пасля таго як галасаванне скончылася, камера паказвала натоўп. Людзі разбіліся на купкі і паміж сабой абмяркоўвалі. Спусціўся са сцэны і Цягнібок, менавіта ён праводзіў галасаванне, і як я зразумеў, сам не чакаў менавіта такіх вынікаў. Было бачна, што ён не гатовы ўсвядоміць тое, што адбылося, хоць на сцэне, калі выступаў, здолеў гэтага не паказаць.

Ён напружана хадзіў каля варот, і тут да яго падышоў карэспандэнт, спытаў яго меркаванне аб выніках галасавання. Цягнібок даволі раздражнёна выказаўся, але стараўся сябе стрымліваць. Трэба сказаць, што стрыманасць у іх наогул ва ўсіх выдатная, нашы б ужо даўно пабіліся. На выказванні Цягнібока рушылі ўслед рэплікі з усіх бакоў, там жа ўсё скучана.

Цягнібок нешта адказваў, стаў больш рэзкім. Аргументаваў сваю пазіцыю тым, што заўтра ўлада мае намер арыштаваць не менш за тысячу пратэстуючых, а потым яшчэ і яшчэ, і што ён хацеў прадухіліць гэта. На што яму адказвалі, што не ў яго сілах памяняць сумленне ва ўладаў і ў іх толькі адно выйсце - перемога, гэта значыць перамога, а не змова. Цягнібоку параілі трымаць сябе ў руках, ён стаў апраўдвацца, што ён спакойны.

А потым было яшчэ лепей. Гэтыя людзі пасля дваццаціхвіліннага перапынку на абмеркаванне, пасля галасавання, пастроіліся ў калоны і моўчкі пайшлі ў ноч (гэта трэба было бачыць!!!) Будаваць новыя барыкады, пашыраць тэрыторыю майдана.

Яны ішлі насустрач небяспецы і цяжкай працы моўчкі, але ўсе як адзін. Гэтыя барыкады раслі як грыбы, аблепленыя людзьмі як мурашкамі. Працавалі абсалютна ўсе, ніхто не імкнуўся быць старшым над кімсьці, шмат жанчын. Я прыкладна засек час, барыкада ўзводзіцца за паўгадзіны, вышынёй больш за два метры і па ўсёй шырыні вуліцы. Гэта ўсё проста заварожвала, яны як пчолы. І камандзіраў быццам бы няма і кожны ведае сваё месца і што рабіць.

Гледзячы на ўсё гэта, іх проста немагчыма не паважаць. Гэта выклікае нават не павагу а нешта большае - пакланенне перад іх воляй і імкненнем. Гэта - не халопы і не рабы.

Калі ўчора я думаў, што наступіў пералом, і я зыходзіў чыста з аналізу аператыўнай сітуацыі, то паглядзеўшы на іх уначы..... я цяпер абсалютна ўпэўнены, што бандзе там канец. І вельмі дрэнна ім жа, што яны гэтага яшчэ не зразумелі.

Захапляючыся украінцамі, я са шкадаваннем разумеў, што ў Расеі такое немагчыма. Не, мне, вядома, вельмі хочацца верыць, што і мы на такое здольныя, але жаданне верыць гэта адно, а глядзець вакол - іншае.

Учора я ўбачыў, што аказваецца, ёсць нешта такое, перад чым банда нямоглая. І ўкраінцы гэта зразумелі. У іх скіраванасць на ўнутраную свабоду, на годнасць ўсіх і кожнага. Яны любяць сваю краіну як сваю радзіму, а не як маёнтак свайго гаспадара, як у Расеі.

Уначы я пераканаўся, што яны перамогуць. Іншае пытанне, наколькі абсалютнай будзе гэтая перамога і ці дазволяць ім займацца мірным жыццём або надоўга захраснуць ў канфлікце. Калі ім лёс дасць магчымасць адразу перайсці да аднаўлення краіны, то яны як пчолы даволі хутка зробяць яе квітнеючай. Цяпер я веру, што гэтыя людзі змогуць усе.

Фактычна атрымліваецца велізарнае супрацьпастаўленне пуцінскаму рэжыму. Гэта будзе настолькі відавочна і кантрасна, настолькі будзе высвятляць абсурднасць і недарэчнасць Крамля, што гэта будзе проста несумяшчальным».

Фота: Reuters

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках