27 красавiка 2024, Субота, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы хочуць усталяваць помнік героям Аршанскай бітвы

22
Беларусы хочуць усталяваць помнік героям Аршанскай бітвы

Помнік будзе ўсталяваны на тэрыторыі Беларусі да 500-годдзя бітвы.

З ініцыятывай увекавечыць подзвіг продкаў выступілі нашы суайчыннікі. Як стала вядома charter97.org, помнік у гонар перамогі ў Аршанскай бітве будзе ўсталяваны на прыватнай тэрыторыі. Ініцыятары стварэння манумента звяртаюцца да беларускіх патрыётаў з просьбай падзяліцца ідэямі пра тое, як ён павінен выглядаць.

«Мы хочам, каб гэты помнік стаў па-сапраўднаму народным, каб як мага больш людзей узялі ўдзел у яго абмеркаванні і стварэнні. Таму прапануем усім узяць удзел у гэтай важнай справе і высылаць свае ідэі і прапановы на электронны адрас pomnik1514@gmail.com. Аўтар лепшага праекта, якога вызначыць спецыяльная камісія, атрымае ўзнагароду, - сказаў адзін з ініцыятараў усталёўкі помніка. - Стварэнне помніка з'яўляецца данінай нашай еўрапейскай гісторыі. Ён закліканы згуртаваць нацыю, адрадзіць яе гістарычную памяць, не накіраваны на канфлікт з суседнімі народамі і не мае пад сабой ніякай палітычнай падаплёкі. Як і помнікі ўсталяваныя ў гонар Грунвальдскай бітвы, ён павінен увекавечыць памяць загінулых продкаў».

Нагадаем, бітва пад Оршай адбылася 8 верасня 1514 года падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі варожыя войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю Беларусі і Літвы. Адным з галоўных герояў бітвы стаў гетман Канстанцін Астрожскі. Менавіта ён быў на чале 30-тысячнага беларускага войска, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска.

Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падвяргаліся ціску з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.

2014 год абвешчаны Годам Аршанскай бітвы ў Літве.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках