4 траўня 2024, Субота, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка Мікалая Аўтуховіча: Мужа правакуюць на парушэнні

8
Жонка Мікалая Аўтуховіча: Мужа правакуюць на парушэнні

Жонка палітвязня Мікалая Аўтуховіча сустрэлася з ім у гродзенскай турме.

«Спатканне доўжылася дзьве гадзіны, гаварылі праз тэлефон, бачыліся праз шкло, - распавяла Алена Аўтуховіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода». - Яго правакуюць. Бывала вельмі цяжка, як ён казаў. Але засталося тры месяцы, неяк пратрымаемся».

Раней маці палітвязня Лідзія Аўтуховіч паведамляла, што яшчэ ў сярэдзіне снежня адправіла поштай сыну медыцынскую бандэроль, але ў апошнім лісце дамоў ён напісаў, што не атрымаў яе. Ці прыйшла яна на момант сустрэчы з жонкай? Алена Аўтуховіч кажа, што не. Як не атрымаў і канвертаў, таму не змог павіншаваць сяброў з Новым годам, за што просіць прабачэння.

Лідзія Аўтуховіч вельмі турбуецца, што яе сын застаўся без лекаў.

«Яму патрэбны гэтыя лекі, а іх не аддаюць. Так я перажываю. Я ж старалася, каб хутчэй дайшла тая бандэроль. Як атрымала ад яго ліст, што можна адпраўляць, у той жа дзень усе купіла і на наступны дзень даслала. А ён да гэтага часу, ужо новы год, не атрымаў гэтых лекаў», - кажа яна.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ, аднак 8 лютага 2009 яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі нібыта за захоўванне боепрыпасаў (пяць патронаў). Яго здароўе тады было сур'ёзна падарванае серыяй працяглых галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.

Мікалай Аўтуховіч прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 295 частка 3 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова палітычнага вязня асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення, матываваўшы гэта тым, што нібыта новае злачынства ён здзейсніў, не адбыўшы 2 месяцы папярэдняга пакарання. Такім чынам, цяпер ён прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

Фота: «Наша Ніва»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках