5 траўня 2024, Нядзеля, 12:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пласкавіцкі: У Лукашэнкі няма каманды. Толькі прыслуга

31
Пласкавіцкі: У Лукашэнкі няма каманды. Толькі прыслуга

Ніводзін беларускі чыноўнік не ў змозе сёння выявіць найменшую самастойнасць.

Аляксандр Лукашэнка сваім распараджэннем вызваліў Наталлю Пяткевіч ад пасады памочніцы прэзідэнта. У афіцыйным паведамленні сцвярджаецца, што адбылося гэта паводле ўзгаднення старон.

«Радыё Свабода» пагутарыла пра асобу Наталлі Пяткевіч з былым начальнікам галоўнай дзяржаўна-прававой управы адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандрам Пласкавіцкім, намесніцай якога працавала калісьці Наталля Пяткевіч.

- Наколькі імаверна, што звальненне адбылося са згоды Наталлі Пяткевіч?

- З аднаго боку, у тых, у каго кантракт, уласнага жадання на звальненне не бывае, таму ўкладаюць, як дамоўленасць старон. З іншага, - я думаю, прытамілася яна зноў, як і на пачатку 2011 года.

- Наталля Пяткевіч мела вобраз палітыка новай хвалі, нават арыентаванага на еўрапейскія вартасці. Наколькі такі вобраз адпавядае рэчаіснасці?

- Гэта была вялікая памылка. Яна старанная дзяўчына, але не такая, каб нешта вызначаць. Прысутнічала, рабіла тое, што даручалі, але нічога новага ад яе ніколі не зыходзіла. У гэтым я ўпэўнены цалкам. Але яна вельмі старанная выканаўца. І яшчэ яна вельмі любіла быць далучанай да нейкіх высокіх матэрый, любіла прысутнічаць пры чым-небудзь выдатным.

- Але сама не ініцыявала?

- Яна не творчая асоба. Няхай яна даруе, але творчасць - гэта не ейнае. Ейнае - гэта штампаваць тыповыя ўчынкі і дакумэнты, якія адпавядаюць пэўным стандартам. А творчасць і крэатыўнасць - гэта не ейныя рысы. Я не магу сказаць, што яна добрая, болей - непрыемная.

- Яна заўсёды была згодная з Лукашэнкам? Працуючы побач з ім, ці не прапаноўвала яна яму альтэрнатыўнае меркаванне?

- Я не думаю, што можна быць цалкам згодным з Лукашэнкам. Лукашэнка - асоба, як ён сам кажа, вельмі шматвектарная. У яго ў адным сказе 28 думак. Ведаю, што яна падзяляла ягонае меркаванне пра тое, што найбольш выдатныя асобы павінны мець шмат грошай. Гэтак жа як і тое, што ўлада павінна быць вельмі жорсткай. Іншыя думкі Лукашэнкі яна не падзяляла ніколі. І менавіта таму ў яе была рэпутацыя лібэралкі, пагатоў што яна была за ўзбагачэнне.

- Наколькі яна датычная да карупцыйных схем?

- Я не думаю, што яна мела дачыненне да нейкіх сур'ёзным карупцыйных мэханізмаў. А тое, што ейны першы муж кіраваў латарэйных бізнэсам, - дык гэта не самая карупцыйная сфэра дзейнасці. Ёсць нашмат больш карупцыйныя.

- Дык можа ёй проста надакучыла праца памочніцы кіраўніка дзяржавы?

- Я ўпэўнены, што на гэты момант так і ёсць. Яна і так выявіла вялікую цярплівасць, так доўга прапрацаваўшы з Лукашэнкам. Але я думаю, што гэта не астатні раз, калі яна працуе з ім. Такія сыходы ў яе ўжо былі, і, я думаю, будуць яшчэ. Таму спісваць яе назаўжды нельга. Яна яшчэ вернецца.

- У іміджавым плане Лукашэнку было выгадна мець маладую жанчыну ў камандзе...

- У Лукашэнкі няма каманды. У яго толькі прыслуга і толькі такая, якую ён падманвае і выкарыстоўвае. Той, каго Лукашэнка больш не можа падманваць і выкарыстоўваць, больш з ім не працуе.

А тое, як часта на яе звярталі ўвагу ў СМІ як на прыгожую маладую жанчыну, то гэта толькі таму, што сярод журналістаў шмат маладых хлопцаў. Таму на гэта і звяртаецца ўвага. Яна ніколі не была сярод першых. Магчыма, яна сама хацела, каб так думалі, магчыма, яна падтрымлівала гэты вобраз. Але гэта няпраўда і ў значнай ступені памылка і паказуха. З яе боку - паказуха. З боку маладых журналістаў - памылка.

І ўвогуле, Лукашэнка любіць больш маладых дзяўчат. Зусім маладых. А калі яна прыйшла працаваць да яго прэс-сакратаркай, яна ўжо не была ў тым узросце, які прывабны для Лукашэнкі.

***

У верасні 2011 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў Наталлю Пяткевіч сваёй памочніцай. Раней гэтую пасаду займаў Уладзімір Мацвяйчук.

Тады яна вярнулася ў блізкае атачэнне Лукашэнкі пасля 8 месяцаў няпэўнасці. На пачатку 2011 года яе адхілілі ад пасады першай намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, яна заставалася на грамадскай працы - старшынёй Беларускага федэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборда.

З 2009 года да снежня 2010-га Наталля Пяткевіч працавала першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. У 2001-2004 гадах яна была ягонай прэс-сакратаркай. У 2004-2009 гадах - намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Пяткевіч 41 год, яна ўваходзіць у спіс асоб, уезд якім у Еўразвяз забаронены.

Аляксандр Пласкавіцкі быў звольнены з адміністрацыі Лукашэнкі ў 2000-м годзе, пасля гэтага ён не застаўся ва ўладных структурах, але не далучыўся і да апазіцыі.

Фота: БелаПАН

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках