4 траўня 2024, Субота, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ванэсу Мэй пакаралі за падман

10

МАК дыскваліфікуе спартсменку і анулюе яе вынікі на Алімпіядзе ў Сочы.

Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту на чатыры гады дыскваліфікавала музыкантку Ванэсу Мэй і адхіліла яе ад удзелу ў спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай арганізацыі. Мэй, якая на Алімпіядзе ў Сочы прыняла ўдзел у спаборніцтвах гарналыжнікаў, пакараная за фальсіфікацыю вынікаў у адборачным алімпійскім цыкле, піша РБК.

Згодна з правіламі МАК, краіна, чые лыжнікі не ўваходзяць у лік 500 наймацнейшых у свеце, мае права выставіць на Алімпійскіх гульнях па адным спартсмене ў мужчынскім і жаночым разрадах. Аднак гэтыя спартсмены абавязаныя прыняць удзел у чатырох адборачных алімпійскіх спаборніцтвах і паказаць там высокі вынік.

Ванэса Мэй выступіла на спаборніцтвах у Славеніі, і вынікі менавіта гэтых спаборніцтваў былі фальсіфікаваныя. Суддзі завысілі вынік Мэй, і тайская спартсменка змагла, такім чынам, атрымаць права выступіць на Алімпіядзе ў Сочы.

На Гульнях у Расеі скрыпачка, якая выступала пад прозвішчам Ванакорн (яна ўзяла прозвішча свайго бацькі), паказала горшы вынік. Яе час у гіганцкім слаламе моцна адрозніваўся ад тых вынікаў, што яна паказала ў Славеніі, гэты факт выклікаў у МАК падазрэнні, і Камітэт пачаў расследаванне, якое завяршылася ў ліпені бягучага года. 11 ліпеня Асацыяцыя лыжных відаў спорту Славеніі абвясціла аб дыскваліфікацыі чатырох функцыянераў, якія былі пакараныя за фальсіфікацыю вынікаў спаборніцтваў у Крвавецы.

Пасля гэтага сваё разбіральніцтва правяла FIS, якая ў аўторак апублікавала на сваім сайце наступную заяву:

«Дысцыплінарны камітэт FIS вынес сваё рашэнне адносна спаборніцтваў, якія адбыліся ў Славеніі 17-19 студзеня. Гэтыя спаборніцтвы былі арганізаваныя паводле запыту менеджменту Ванэсы Ванакорн, пададзенаму праз Нацыянальны алімпійскі камітэт Тайланда. Спаборніцтвы ў Крвавецы былі апошнім шанцам для Ванэсы Ванакорн атрымаць неабходныя для ўдзелу ў Алімпіядзе ачкі.

У ліпені 2014 выканаўчы камітэт Асацыяцыі лыжных відаў спорту Славеніі прызнаў, што вынікі гэтых спаборніцтваў былі фальсіфікаваныя, і пакараў чыноўнікаў, якія знаходзіліся пад ягонай юрысдыкцыяй. Акрамя таго, звесткі аб фальсіфікацыі былі адпраўленыя ў FIS для далейшага разгляду.

FIS прызнала, што вынік, паказаны ў Славеніі Ванесай Ванакорн (Мэй), не дазваляў ёй зарабіць кваліфікацыйныя ачкі для траплення на Алімпіяду.

Вынікі спаборніцтваў у Славеніі ануляваныя, а Ванэса Ванакорн (Тайланд) і Фрэдэрыка Сельва (Сан-Марына) пазбаўленыя заробленых ачкоў і постфактум пазбаўленыя права выступіць на Алімпіядзе.

Адпаведны рапарт будзе адпраўлены ў МАК.

Ванэса Ванакорн і Фрэдэрыка Сельва могуць падаць апеляцыю на гэтае рашэнне ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане на працягу 21 дня.

FIS знайшла наступныя парушэнні, дапушчаныя падчас спаборніцтваў у Крвавецы:

1. У выніках спаборніцтваў была паказаная спартсменка, якая не прымала ўдзел у гіганцкім слаламе.

2. Яшчэ адна спартсменка была пастаўленая на другое месца, хоць яна ўпала падчас спуску і страціла больш за 10 секунд.

3. Па крайняй меры адна спартсменка стартавала не са стартавай брамы, а брамка была адчыненая ўручную, пасля чаго аўтаматычна ўключыўся секундамер. Сама спартсменка пры гэтым ужо знаходзілася на сярэдзіне схілу.

4. Умовы надвор'я былі такія дрэнныя, што гіганцкі слалам варта было скасаваць згодна з рапартам аднаго з суддзяў.

5. Спартсменка, якая ўжо сышла з трасы, усё роўна прымала ўдзел у спаборніцтвах з адзінай мэтай пагоршыць сярэдні вынік спуску і тым самым даць магчымасць зарабіць ачкі тым спартсменкам, якія пакажуць нізкі вынік.

6. Канфігурацыя трасы не была змененая пасля першых заездаў, як гэтага патрабуе рэгламент FIS.

7. У спаборніцтвах 18 студзеня прынялі ўдзел 23 спартсменкі, у той час як у пратаколе былі пазначаныя 25 спартсменак.

8. У стартавым лісце спаборніцтваў 19 студзеня было ўсяго 8 спартсменак, а ў выніковым пратаколе пазначаныя 6 спартсменак.

За гэтыя парушэнні былі пакараныя наступныя асобы:

1. Барут Гробат (Славенія), арганізатар спаборніцтваў, дыскваліфікаваны на два гады.

2. Фабіё дэ Касан (Італія), тэхнічны дэлегат FIS, дыскваліфікаваны на адзін год.

3. Маціац Голцец (Славенія), які адказваў за фіксацыю вынікаў, дыскваліфікаваны на адзін год.

4. Влада Макуч (Славенія), суддзя, дыскваліфікаваны на адзін год

5. Ураш Сінкавец (Славенія), стартавы суддзя, дыскваліфікаваны на адзін год.

6. Ванэса Ванакорн (Тайланд), спартсменка, дыскваліфікавана на чатыры гады».

У Сочы Ванэса Ванакорн прыняла ўдзел у спаборніцтвах у гіганцкім слаламе і заняла апошняе, 67-е месца. Яна паказала вынік 3:26.97, у той час як алімпійская чэмпіёнка славенская спартсменка Ціна Мазе пераадолела трасу за 2:36.87.

Скрыпачка, якой у гэтым годзе споўнілася 36 гадоў, пачала трэніравацца толькі за паўгода да Алімпіяды. Да старту Гульняў у Сочы ў сусветным рэйтынгу яна займала 2253-е месца.

Ванэса Мэй планавала прыняць удзел яшчэ ў Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, аднак не змагла гэтага зрабіць: улады Тайланда запатрабавалі, каб музыкантка адмовілася ад грамадзянства Вялікабрытаніі, але Мэй не пагадзілася з такім рашэннем.

Праз восем гадоў Мэй дазволілі атрымаць пашпарт Тайланда, захаваўшы пры гэтым грамадзянства Вялікабрытаніі, - улады азіяцкай краіны зрабілі для яе выключэнне.

Ванэса Мэй стала толькі другім прадстаўніком Тайланда ў гісторыі зімовых Алімпіяд - першым быў Прават Нагвахара, які выступіў у Солт-Лэйк-Сіці ў спаборніцтвах лыжнікаў.

Верагодней за ўсё, МАК таксама дыскваліфікуе спартсменку і анулюе яе вынікі на Алімпіядзе ў Сочы.

Фота: Globallookpress

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках