28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі Нацбанка спалохаліся беларускай медыцынскай лексікі

7

Анатамічную выставу «Таямніцы цела» на «Менск-Арэне» наведалі некалькі тысяч чалавек.

Усе стэнды на ёй падпісаныя па-расейску, але ёсць беларускамоўныя экскурсаводы. Праўда, арганізатары выставы кажуць, экскурсію на беларускай мове замовілі ўсяго адзін раз. Яе павінны былі правесці для чыноўнікаў Нацыянальнага банка, якіх падзялілі на дзве групы. У выніку адна група чыноўнікаў, якія займаюць дзяржаўныя пасады ў краіне, ад экскурсіі на беларускай мове адмовілася. Сказалі, што «баяцца не зразумець медыцынскай лексікі па-беларуску» і папрасілі правесці экскурсію на рускай. Другая група чыноўнікаў выслухала экскурсію без праблем.

«Радыё Свабода» наважыла пераканацца, настолькі складаная беларускі медыцынская лексіка і ці разумеюць яе наведвальнікі.

Паслухаць экскурсію па выставе «Таямніцы цела» можна на некалькіх замежных мовах. Па-беларуску яе праводзяць ўсяго дзве дзяўчыны - абедзве студэнткі медыцынскага універсітэта. Адна з іх - Надзея Маліч вучыцца на чацвёртым курсе лячэбнага факультэта і плануе стаць доктарам. Праўда, якім дакладна, яшчэ не ведае. Вітае па-беларуску, хоць штодня размаўляе па-руску. Кажа, што хацела б выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй практыцы, але не ведае, ці атрымаецца. Экскурсію на беларускай мове Надзея праводзіць упершыню.

«Я вучылася ў беларускамоўнай школе, а ў універсітэце ў нас былі заняткі, дзе мы вывучалі беларускую лексіку. Нават калі я рыхтавалася да экскурсіі па-беларуску, я зразумела, колькі на самай справе падобнай лексікі па-беларуску і па-руску. Таму зусім не складана зразумець», - кажа яна.

І сапраўды, ужо ў першай зале да ўдзельнікаў экскурсіі далучыліся тры чалавекі, а потым яшчэ некалькі маладых хлопцаў. Перспектыва слухаць цягам некалькіх гадзін медыцынскую лексіку на беларускай іх не напалохала. «Наадварот, - сказалі, - супер, што па-беларуску». Толькі адзін хлопец і дзяўчына адказалі, што ім «нязручна слухаць на беларускай мове» і адышлі.

Зразумець экскурсію на беларускай мове ў нашай групе ўдалося практычна без праблем. Некаторыя тлумачылі, што вучыліся ў беларускамоўнай школе, іншыя проста разумелі ўсе з кантэксту.

Найбольш складанымі былі словы: ныркі, залоза, страўнік і сківіца. Іх Надзеі давялося перакладаць на рускую. А вось «пухліна» пытанняў не выклікала - магчыма менавіта таму, што гучала ў кантэксце дабраякасных і злаякасных захворванняў. Зрэшты, кантэкст сапраўды быў істотны: калі проста «залозу» гурт не зразумела, то словазлучэнне «рак шчытападобнай залозы пасля Чарнобыля» перакладаць не трэба было. Часам даводзілася дубляваць тэрміны - напрыклад, «хрыбетнiк» і «пазваночнік». Характэрна, што і наведвальнікі часам падказвалі Надзеі беларускія словы, якія не звязаныя з медыцынскай лексікай.

Дарэчы, ёсць у кнізе водгукаў і падзяка на беларускай мове ад чыноўнікаў з Нацбанка. Па меншай меры, ад тых, якія пагадзіліся выслухаць яе па-беларуску.

Анатамічная выстава «Таямніцы цела» за сем гадоў аб'ездзіла дзесяткі краін, а ўнікальную экспазіцыю, якая прадстаўляе анатомію чалавека, паглядзелі блізу 30 мільёнаў чалавек. У Менску выставу можна будзе паглядзець да 11 студзеня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках