28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АГП пачынае збор подпісаў за адстаўку Лукашэнкі

42
АГП пачынае збор подпісаў за адстаўку Лукашэнкі

Дыктатар трэцім разам за пяць гадоў абрабаваў грамадзян, прадпрыемствы і ўсю краіну.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Аб'яднанай грамадзянскай партыі, размешчанай на сайце ucpb.org.

22 снежня Аб'яднаная грамадзянская партыя выступіла з заявай, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі і ягонага ўрада. Яе тэкст лёг у аснову супольнай заявы лідэраў беларускай апазіцыі.

«Пасля валютнага крызісу 2011 года, калі курс даляра за год вырас з 3000 да 8350 рублёў, беларуская эканоміка ўжо трэці год запар знаходзіцца ў стагнацыі, - гаворыцца ў ёй. - Паводле афіцыйных звестак, ВУП за 2012 павялічыўся толькі на 1,7%, за 2013 - на 0,9%, за 2014 чакаецца ў межах 1,5%. У рэальнасці ж, калі ўлічыць вытворчасць значных аб'ёмаў прадукцыі на склад і двухзначны ўзровень інфляцыі, які скрыўляе памер рэальных паказчыкаў, у краіне назіраюцца ўсе прыкметы рэцэсіі. Штогадовы ўзровень інфляцыі вагаецца ў межах 15-20%, аб'ём запасаў непрададзенай гатовай прадукцыі стала ўзрастае і цяпер перасягае 34 трлн рублёў або амаль 79% да сярэднямесячнага аб'ёму вырабленай прадукцыі. Сума сродкаў, адцягнутых дэбіторамі, складае значную суму ў 215 трлн рублёў. Толькі за гэты год пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць узрасла на 136%, з яе замежная - на 168%. Пратэрмінаваная запазычанасць крэдытаў і пазык павялічылася на 174%. У прамысловасці дзель стратных прадпрыемстваў складае 26,7%, а з улікам нізкарэнтабельных перасягае палову ад усіх прадпрыемстваў, што функцыянуюць. Інвестыцыі ўпалі больш чым на 10%.

19 снежня пастановай Нацыянальнага банка РБ быў уведзены 30% падатак на набыццё валюты для фізічных і юрыдычных асоб. Паводле сцвярджэння ўладаў гэты захад часовы і носіць рынкавы характар. Напраўду гэтая, а таксама цэлы шэраг іншых пастаноў, прынятых у гэтым месяцы, нічога агульнага з рынкавай эканомікай не маюць і накіраваныя на дасягненне двух мэтаў: захаванне бачнасці нейкіх вынікаў у сярэднім заробку ў валютным вымярэнні, а таксама супрацьдзеянне тэндэнцыі, што намецілася - пераводу рублёвых ашчаджэнняў у валютныя. Улада па-ранейшаму ўпэўненая, што мае месца ўсплёск ажыятажнага попыту на валюту, які можна досыць проста ліквідаваць».

Увядзенне падатку не развязвае пытанняў, якія стаяць перад эканомікай, перш за ўсё, такіх, як страты ад экспартных аперацый на расейскім рынку, мяркуе у АГП. Яно непазбежна прычыніцца да стварэння ценявога валютнага рынку, двух паралельных валютных курсаў. Пры гэтым няма ніякіх аргументаў за тое, што праблемы на валютным рынку носяць часовы характар, і ў пазначаны ўладамі тэрмін будуць пераадоленыя. Рана ці позна ўсё роўна давядзецца вяртацца да рынкавых метадаў курсаўтварэння, і цяперашні захад толькі ўскладніць развязанне пытання.

«Гэты захад з'яўляецца чарговай спробай перакласці адказнасць за адсутнасць прадуманай эканамічнай стратэгіі на насельніцтва і бізнэс, - гаворыцца ў заяве. - Гэта пацвярджаецца ўвядзеннем такіх мер, як мараторый на рост коштаў ва ўмовах росту выдаткаў як мінімум на 30%, а таксама закрыццём шэрагу буйных гандлёвых прадпрыемстваў з мэтай перанакіраваць грашовыя плыні ў момант магчымага ажыятажнага попыту на беларускія тавары.

АГП неаднаразова, яшчэ ў 2009 і 2011 гадах заяўляла аб патрэбе распрацоўкі супольнымі намаганнямі ўрада і экспэртнай супольнасці стратэгіі выхаду іх крызісу і аднаўлення паступальнага эканамічнага развіцця. У 2011 годзе рабочая група пад кіраўніцтвам д.э.н. С.Багданкевіча стварыла антыкрызісную платформу і падала яе на разгляд ва Урад. Прэм'ер-міністр М.Мясніковіч сустракаўся з кіраўніком групы, абмяркоўваў магчымыя шляхі рэфармавання эканомікі, аднак далей слоў справа не прасунулася.

Дапусціўшы трэцім разам за пяць гадоў валютна-фінансавы крызіс, улада прадэманстравала сваю поўную бездапаможнасць і страціла ўсякае маральнае права кіраваць краінай. Мы ўпэўненыя, што ніякія дэкаратыўныя захады не дапамогуць, пара называць рэчы сваімі імёнамі. Краіна знаходзіцца ў глыбокім і сталым крызісе, што дае народу права патрабаваць адстаўкі не толькі ўрада і кіраўніцтва Нацыянальнага банка, але і Аляксандра Лукашэнкі як які нясе персанальную адказнасць за дзейнасць выбудаванай ім уладнай вертыкалі, якая цалкам пазбавіла народ права на іншае меркаванне, адрознае ад афіцыйнага».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках