27 красавiка 2024, Субота, 6:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Туск: Польшча заклікае да санкцый супраць уладаў Украіны

4
Дональд Туск: Польшча заклікае да санкцый супраць уладаў Украіны

Ажыццяўленне чаканняў украінцаў важней палітычнага разліку.

Пра гэта сёння падчас пасяджэння Сейма заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск (пераклад - charter97.org).

«Мы, палякі, дакладна не застанемся абыякавымі да падзеяў ва Украіне. Не толькі з пункту гледжання на наша мінулае, але таксама на суседства і геапалітычную сітуацыю», - сказаў ён.

Польскі прэм'ер адзначыў, што сітуацыя ва Украіне не мае прэцэдэнтаў.

«Улада, якая была абраная дэмакратычна, траціць гэтую дэмакратычнасць сваімі дзеяннямі. З іншага боку, апазіцыя, якая заяўляе пра жаданне перамоваў і кампрамісу, у многіх сітуацыях не з'яўляецца адзінай. Мы таксама маем справу з беспрэцэдэнтным ціскам іншай дзяржавы - Расеі», - дадаў палітык.

Туск таксама патлумачыў адсутнасць санкцый супраць украінскіх уладаў тым, што «будучыню Украіны павінны вырашыць самі ўкраінцы».

«Ні адна дзяржава, ні адна міжнародная ўстанова не можа ўкраінцам нічога навязваць. Але цяпер той дзень, каб увесці санкцыі ў дачыненні да ўладаў Украіны. Надышоў момант, калі ажыццяўленне чаканняў людзей, якія безнадзейна чакаюць месяцамі, важней палітычнага разліку. Мы самі прайшлі гэтую драму. Таму сёння я буду размаўляць з кіраўнікамі дзяржаў ЕЗ і адначасова заклікаць да адчувальных санкцый супраць украінскіх уладаў і палітычнага апарату», - падкрэсліў ён.

Нагадаем, 18 лютага ў цэнтры Кіева адбыліся найбольш жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі.

Яны пачаліся раніцай адразу пасля адкрыцця пасяджэння Вярхоўнай Рады, на якім разлічвалі вырашыць палітычны канфлікт у краіне. Апазіцыя падрыхтавала праект закона аб вяртанні Канстытуцыі 2004 года, за які была гатовая прагаласаваць і частка «рэгіяналаў». Тым не менш, дакумент не быў прыняты да разгляду. Гэта выклікала абурэнне дэманстрантаў, так як змяненне Канстытуцыі лічылася найбольш рэальнай магчымасцю ўрэгулявання крызісу ва Украіне.

200 тысяч актывістаў атачылі парламент. З-за правакацый пачаліся дробныя сутычкі, якія пазней перараслі ў буйнамаштабныя сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Па мітынгоўцах стралялі з драбавікоў, спецназаўцы выкарыстоўвалі гранаты, гумовыя кулі і карцеч. Вакол Вярхоўнай Рады актывісты ўзвялі новыя барыкады, аднак неўзабаве іх выціснулі з урадавага квартала. Медыкі і дэпутаты паведамілі пра пяць загінулых. Увечары, пасля пачатку зачысткі самога Майдана Незалежнасці, колькасць забітых вырасла да 15 чалавек. Некалькі сотняў дэманстрантаў атрымалі раненні. На дадзены момант паведамляецца пра 25 загінулых.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках