28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк прадказвае абвал эканомікі Расеі з-за Крыма

13
Сусветны банк прадказвае абвал эканомікі Расеі з-за Крыма

Анэксія Крыма адкарэктавала прагнозы па росту расейскай эканомікі.

Сусветны банк бачыць два магчымых сцэнара. Першы варыянт зыходзіць з таго, што падзеі ва Украіне будуць мець толькі кароткачасовае ўздзеянне на эканоміку Расеі, другі - пагражае сур'ёзным шокам і спадам ВУП. У першым выпадку рост ВУП Расеі замарудзіцца да 1,1% у 2014 годзе, у другім - скароціцца на 1,8%. Яшчэ паўгода таму Сусветны банк прадказваў рост расейскага ВУП у 2014 годзе ў 2,2%, паведамляе агенцтва «Прайм».

Галоўны эканаміст па Расеі ў Сусветным банку Брыджыт Ханзль заявіла, што ў выпадку шоку для эканомікі краіны пры эскалацыі крымскага канфлікту чысты адток капіталу ў 2014 годзе можа дасягнуць 150 млрд. даляраў. У выпадку развіцця сцэнара нізкіх рызык адток капіталу будзе істотна ніжэй і складзе 85 млрд даляраў.

«Унутраны попыт застанецца прыгнечаным больш працяглы перыяд, паколькі расейскія банкі і прадпрыемствы сутыкнуцца з абмежаваннямі на міжнародных рынках капіталу. Акрамя таго, павысяцца рызыкі для замежных інвестараў, у выніку чаго можа адбыцца масавы выхад з праектаў замежных інвестараў і банкаў і скароціцца прыток прамых замежных інвестыцый. Пагаршэнне якасці крэдытных партфеляў банкаў паскорыцца, і банкі пачнуць спаганяць больш высокія надбаўкі за рызыку і рабіць больш жорсткімі залогавыя патрабаванні», - адзначаецца ў дакладзе.

Пры гэтым валацільнасць курсу рубля прыкметна павысіцца, а нацыянальная валюта Расеі працягне абясцэньвацца. Абмежаванні па доступе расейскіх кампаній на міжнародныя рынкі капіталу, скарачэнне прытоку прамых замежных інвестыцый і вывад сродкаў з расейскіх актываў узмоцняць чысты адток капіталу. У выніку дэфіцыт рахунку аперацый з капіталам у 2014 годзе рэзка павялічыцца - да $133 млрд (6,7% ВУП) і Банку Расеі прыйдзецца пакрываць яго за кошт сваіх рэзерваў.

Праўда, і гэты сцэнар нельга назваць самым страшным, паколькі Сусветны банк і ў яго рамках чакае, што міжнародная супольнасць устрымаецца ад гандлёвых санкцый, і ў 2015г. палітычная напружанасць будзе слабець па меры паслядоўнага вырашэння палітычнага крызісу.

Акрамя Сусветнага банка, свой прагноз па Расеі перагледзелі і аналітыкі банка HSBC. На іх думку, замест 2%-ага росту Расеі свеціць максімум 0,6%, піша РБК.

Раней СМІ пісалі, што калі Крым адколецца ад Украіны і далучыцца да Расеі, прайграюць ад гэтага самі крымчане і расейцы, але не народ Украіны. У сярэднетэрміновай перспектыве далучэнне паўвострава абыйдзецца Маскве ў 20 млрд еўра.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках