Папа Рымскі на Вялікдзень маліўся за супакой ва Украіне
- 20.04.2014, 14:48
- 3,511
Папа Рымскі Францішак павіншаваў увесь хрысціянскі свет са светлым святам Уваскрэсення Хрыстовага.
Ён пажадаў прымірэння ва Украіне і памаліўся за ўсіх пакутных у свеце, паведамляе ІТАР-ТАСС.
«Уваскрэсенне Хрыстовае ў 2014 годзе мы святкуем з Цэрквамі, што пільнуюцца Юліянскага календара. Разам молімся за поспех ініцыятыў прымірэння ва Украіне, каб усе зацікаўленыя стораны пры падтрымцы міжнароднай супольнасці распачалі ўсё магчымае для недапушчэння гвалту і ўсталявання дыялогу на карысць будучыні гэтай краіны», - сказаў пантыфік у традыцыйным велікодным звароце «Гораду і свету».
Францішак згадаў пра ўсіх хворых - у Гвінэі, Сьера-Леонэ, Лібэрыі, узнёс малітву за супакой Іраку і на Блізкім Усходзе, паміж Палестынай і Ізраілем. Ён заклікаў да спынення кровапралітных сутыкненняў у Нігерыі, Паўднёвым Судане і Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы. Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы выказаў спадзяванне на ўрэгуляванне сітуацыі ў Сірыі, насельніцтва якой мае патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.
«Госпадзе ўсёмагутны, дапамажы спыніць усе войны, суняць варожасць, як старыя, так і сучасныя канфлікты», - сказаў Францішак. Падчас урачыстай велікоднай службы на плошчы Святога Пятра ў прысутнасці некалькіх дзесяткаў тысяч вернікаў віншаванні з Вялікаднем прагучалі на розных мовах, а таксама праваслаўны спеў «Хрыстос уваскрос».
Нагадаем, сёння хрысціяне ўсіх канфесій святкуюць Вялікдзень.