30 красавiка 2024, aўторак, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Мазепін і Лукашэнка не дамовіліся

3
«Коммерсант»: Мазепін і Лукашэнка не дамовіліся

Галоўная ўмова «Уралкалію» - рэгістрацыя сумеснага трэйдара ў Расеі.

Упершыню з пачатку «калійнага скандалу» Лукашэнка афіцыйна сустрэўся з адным з новых акцыянераў расейскай кампаніі Дзмітрыем Мазепіным. Бакі прыйшлі да высновы, што разрыў агульнага трэйдынгу «Уралкалію» c «Беларуськаліем» і падзенне коштаў на калій не пайшлі на карысць ні кампаніям, якія рэзка знізілі прыбытак у 2013 годзе, ні рынку. Але да абмеркавання новага картэля справа так і не дайшла, і крыніцы ўпэўненыя, што прадметныя перамовы двух кампаній пачнуцца яшчэ няхутка, піша «Коммерсант».

Беларусь і «Уралкалій» зрабілі першы крок да магчымага прымірэння: у пятніцу ў Менску адбылася першая сустрэча Лукашэнкі з уладальнікам «Уралхіма» Дзмітрыем Мазепіным, які валодае 20% акцый «Уралкалію». Гэта першыя афіцыйныя перамовы з уладамі Беларусі з моманту змены акцыянераў «Уралкалію» ў канцы 2013 года. Хто быў ініцыятарам сустрэчы, бакі не раскрываюць. Лукашэнка назваў сустрэчу «ў нейкай ступені гістарычнай пасля таго, што адбывалася ў стасунках з былым акцыянерам». Па рашэнні папярэдняга ўладальніка «Уралкалію» Сулеймана Керымава ў ліпені 2013 года кампанія абвясціла аб спыненні працы праз сумеснага з «Беларуськаліем» трэйдара - Беларускую калійную кампанію (БКК). Гэта прывяло да канфлікту паміж Масквой і Менскам, абвалу катыровак сусветных вытворцаў калію амаль на $20 млрд і падзення коштаў на сыравіну з $400 да $300 за тону.

Акцыянер «Уралкалію» пагадзіўся, што «канфлікт, які адбыўся з папярэднімі акцыянерамі, не пайшоў на карысць ні ім, ні іншым кампаніям, ні ўсяму калійнаму рынку». Разрыў стасункаў сапраўды ударыў па абедзвюх кампаніях, хаця «Уралкалію» атрымалася падняць сваю долю на сусветным рынку з 17% да гістарычнага ўзроўню ў 23%. Але сярэдні экспартны кошт на калій на ўмовах FCA зваліўся на 28%, да $268 за тону, і чысты прыбытак «Беларуськалію» ў 2013 годзе ўпаў у пяць разоў, «Уралкалію» - у 2,4 разы. Пры гэтым Менск арыштаваў у верасні 2013 года гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера і паспрабаваў абвясціць у міжнародны вышук Сулеймана Керымава. Зараз справы супраць іх Генпракуратура Беларусі збіраецца перадаць расейскаму боку.

Ва «Уралхіме» і «Уралкаліі» вынікі сустрэчы ў Менску не каментуюць. Але крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, адзначаюць, што ніякага канкрэтнага рашэння на ёй прынята не было і варыянты далейшага супрацоўніцтва не абмяркоўваліся. Па іх словах, гэта была «дэкларацыя аб намерах», якая павінна была прадэманстраваць пацяпленне стасункаў пасля змены акцыянераў. Перамовы аб аднаўленні сумеснага трэйдынгу, калі яны будуць, пройдуць на працоўным узроўні паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем». Крыніца на рынку адзначыла, што асноўнае патрабаванне расейскай кампаніі да новага трэйдара - яго рэгістрацыя ў Расеі і падзел доляй у продажах парытэтна вытворчасці (гэта значыць каля 65% на 35% на карысць «Уралкалію»). У 2013 годзе вытворчасць «Уралкалію» склала 10 млн тон, «Беларуськалію» - каля 6,5 млн тон.

Бакі ўжо дэкларавалі гатоўнасць абмеркаваць аднаўленне сумесных продажаў. У сакавіку гендырэктар АНЭКСІМа (валодае 27,1% «Уралкалію») заяўляў, што гэта было б выгадна абодвум вытворцам, а гендырэктар «Уралкалію» Дзмітрый Осіпаў у пачатку красавіка казаў, што кампанія «адкрытая для любых выгадных прапаноў». Лукашэнка таксама заявіў, што Менск гатовы на аднаўленне супрацоўніцтва, але сумесны трэйдар, на яго думку, калі і будзе створаны, «то толькі ў Менску». Але Андрэй Шэнк з КК «Альфа-капітал» лічыць, што «Уралкалій» не пагодзіцца на рэгістрацыю трэйдара дзе-небудзь, акрамя Расеі, у святле магчымых санкцый ЗША і ЕЗ з-за сітуацыі з Украінай. Крыніцы на рынку сумняюцца, што ў бліжэйшы час пачнуцца актыўныя перамовы па стварэнні трэйдара, «пакуль высокі сезон продажаў і на рынку ёсць попыт, кампаніі могуць працаваць і асобна». Адзін з суразмоўцаў адзначае, што пытанне можа актывізавацца да другога паўгоддзя 2014 года, калі будзе зразумела, што Беларусь не можа прадаць свае аб'ёмы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках