28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША перакінулі войскі ў Літву і Польшчу

5
ЗША перакінулі войскі ў Літву і Польшчу

Амерыканскія дэсантнікі прыбылі для правядзення ваенных вучэнняў.

У Польшчу прыбыла першая група амерыканскага вайсковага кантынгенту, які возьме ўдзел у вучэннях у краінах Усходняй Еўропы. Вучэнні НАТА ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі праводзяцца на фоне рэзкага абвастрэння адносін паміж Захадам і Расеяй з-за крызісу на Украіне, перадае BBC.

Амерыканскія дэсантнікі - 150 чалавек з 173-й дэсантнай брыгады - прыбылі на паўночны захад Польшчы з базы ў Вічэнцэ на поўначы Італіі. У бліжэйшыя дні да іх далучацца яшчэ 450 амерыканскіх вайскоўцаў.

Як заявіў амерыканскі амбасадар у Польшчы Стывен Мал, "у Злучаных Штатаў ёсць непарушныя абавязацельствы ў рамках НАТА запэўніць Польшчу ў нашых гарантыях бяспекі".

Чакаецца, што амерыканскі кантынгент на працягу бліжэйшых месяцаў возьме ўдзел у вучэннях на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі.

Польшча, а таксама Літва, Латвія і Эстонія у апошні час выказвалі занепакоенасць у сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў ля ўсходніх межаў Украіны.

У сераду міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю каналу Russia Today заявіў, што Масква адкажа ўдарам, калі ва Украіне "пад ударам апынуцца інтарэсы расейцаў". Пры гэтым ён правёў аналогію з Паўднёвай Асеціяй, калі атака грузінскіх войскаў на паўднёваасяцінскіх сепаратыстаў у 2008 годзе стала падставай для поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварвання ў Грузію.

Рэагуючы на інтэрв'ю Лаўрова, прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джэн Псакі заявіла, што многія яго сцвярджэнні "смехатворныя" і "не заснаваныя на фактах". "Наш падыход заключаецца ў дээскалацыі. Мы не думаем, што гэтую сітуацыю можна вырашыць ваеннымі сродкамі", - падкрэсліла Псакі.

Кіеў і краіны Захаду сцвярджаюць, што за прарасейскімі актывістамі, якія занялі адміністрацыйныя будынкі ў некалькіх гарадах Данецкай вобласці, стаяць расейскія вайскоўцы. Расея гэта катэгарычна адмаўляе.

Раней ЗША запатрабавалі ад Масквы адкрыта заклікаць прарасейскіх апалчэнцаў скласці зброю і пакінуць захопленыя імі дзяржаўныя ўстановы на ўсходзе Украіны.

Вашынгтон таксама прапанаваў Маскве адмовіцца ад агрэсіўнай рыторыкі пад пагрозай новых санкцый.

Яшчэ адной ілюстрацыяй нарастаючай напружанасці стаў той факт, што ў сераду Брытанія, Данія і Нідэрланды паднялі па трывозе свае знішчальнікі пасля таго, як паблізу іх паветраных межаў былі заўважаныя расейскія ваенныя самалёты.

Брытанскія каралеўскія ВПС паведамілі пра тое, што з базы ў Шатландыі выляцелі знішчальнікі Typhoon. Неўзабаве пасля гэтага расейскія ваенныя самалёты змянілі курс.

Пра падобныя інцыдэнты паведамілі і прадстаўнікі ВПС Даніі і Нідэрландаў.

Тым часам эсмінец HMS Dragon працягвае сачыць за рухамі расейскага супрацьлодкавага карабля "Віцэ-адмірал Кулакоў", які праплывае міма берагоў Велікабрытаніі.

Па словах прадстаўніка брытанскага мінабароны, маніторынг руху расейскага ваеннага судна з'яўляецца стандартнай працэдурай у такіх выпадках.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках