6 траўня 2024, панядзелак, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паведамленні аб выхадзе Міхаэля Шумахера з комы не адпавядаюць рэчаіснасці

Паведамленні аб выхадзе Міхаэля Шумахера з комы не адпавядаюць рэчаіснасці

Міхаэль Шумахер працягвае заставацца ў стане комы ў лякарні Грэнобля.

У пятніцу прыхільнікі сяміразовага чэмпіёна «Формулы-1» Міхаэля Шумахера ледзь не пачалі радавацца. У СМІ прасачылася інфармацыя пра нібыта выхад былога гоншчыка з комы, у якую ён трапіў пасля няшчаснага выпадку, што адбыўся з ім 29 снежня мінулага года. Аднак праз некаторы час высветлілася, што гэтыя паведамленні не мелі пад сабой падстаў, піша Газета.ру.

Распаўсюджваючы гэтыя звесткі, шэраг інтэрнэт-рэсурсаў спаслаліся на менеджэра Шумахера Сабіну Кем. Раней яна заклікала давяраць выключна яе словам адносна стану свайго кліента. Апошнім разам яна дакладвала аб становішчы Чырвонага Барона напачатку красавіка і заявіла тады, што экс-пілот пачынае абуджацца і прыходзіць у прытомнасць.

З тых часоў Кім дала толькі адзін каментар пра тое, што калі Шумахер зможа пачаць рэабілітацыю, то ён сам будзе мець стасункі з прэсай, калі толькі палічыць гэта неабходным. Сціплую колькасць інфармацыі аб самым тытулаваным гоншчыку, якую прагнуць атрымаць тысячы яго фанатаў, менеджэр тлумачыла неабходнасцю выконваць таямніцу яго прыватнага жыцця.

25 красавіка сапраўднай бомбай стала нібыта інтэрв'ю Кім нямецкаму тэлеканалу RTL. У ім яна быццам бы заявіла, што Шумахер змог выйсці з комы і пазнаць жонку Карыну, якая знаходзілася ў той момант у яго бальнічнай палаце. Пры гэтым яна дадала, што экс-пілот па-ранейшаму слабы, пастаянна засынае і прачынаецца зноў.

Да расчаравання прыхільнікаў Шумахера, навіна аб рэзкім паляпшэнні стану іх куміра апынулася ілжывай.

Нямецкія СМІ хутка яе абверглі - ні відэазапісы інтэрв'ю з Кім, ні яе дакладных слоў знайсці немагчыма. На афіцыйным сайце RTL апошняя навіна аб Шумахеры датаваная 4 красавіка, калі Кім і казала пра пробліскі свядомасці ў сяміразовага чэмпіёна свету.

Ужо не ў першы раз Міхаэль Шумахер супраць свайго жадання стаў героем «качкі». З таго часу, як падчас катання на горных лыжах ён упаў і цяжка траўмаваў галаву, у медыяпрасторы з'яўлялася мноства прысвечаных яму паведамленняў, якія потым былі абвергнутыя.

У пачатку лютага лекарам бальніцы ў Грэноблі, у якую Шумахер быў дастаўлены пасля няшчаснага выпадку і ў якой ён знаходзіцца да гэтага часу, прыйшлося абвяргаць паведамленні ў сацыяльных сетках аб смерці 45-гадовага былога гоншчыка. На той момант Чырвоны Барон працягваў знаходзіцца ў штучнай коме і не быў здольны рэагаваць на знешнія раздражняльнікі.

Некаторы час афіцыйныя паведамленні аб стане Шумахера абмяжоўваліся скупымі словамі аб тым, што ў яго выздараўленні не назіраецца прагрэсу. На іх фоне брытанская газета Daily Mail паведаміла, што жонка гоншчыка пераабсталюе пад шпіталь яго швейцарскі асабняк і перавязе свайго мужа туды для працягу лячэння. Праз некалькі дзён з аспрэчваннем гэтай навіны прыйшлося выступаць Кім.

У красавіку нямецкі часопіс Stern апублікаваў здагадку, што да несуцяшальнага стану Шумахера прывялі памылкі медыкаў, якія аказвалі яму экстраную дапамогу на месцы трагедыі і суправаджалі яго да Грэнобля. Са слоў журналістаў, яны неабгрунтавана здзейснілі прыпынак у лякарні горада Муцье. Пазней само ж выданне распаўсюдзіла заяву лекараў, што затрымка ў гэтым горадзе была вымушанай і дапамагла захаваць Шумахеру жыццё.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках