27 красавiка 2024, Субота, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕАБР: Беларусь праваліць эканамічныя паказчыкі за год

6
ЕАБР: Беларусь праваліць эканамічныя паказчыкі за год

Еўразійскі банк развіцця адзначае трывожныя тэндэнцыі ў эканоміцы Беларусі і прагназуе невыкананне ключавых паказчыкаў.

Абмежаваць выдаткі

Як адзначаецца ў «Макромониторе СНГ», падрыхтаваным аналітычным упраўленнем Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), зніжэнне золатавалютных рэзерваў да ўзроўню 2010 года абмяжоўвае магчымасці беларускіх уладаў па падтрыманню эканомікі, пішуць «Белорусские новости».

«Падзенне міжнародных рэзерваў Беларусі да узроўняў, супастаўных з тымі, якія назіраліся ў канцы 2010 года, паказвае на абмежаванасць рэсурсаў, даступных для падтрымання эканомікі на цяперашняй траекторыі», - мяркуюць эксперты ЕАБР.

Эканамісты Еўразійскага банка развіцця нагадваюць, што ў мінулым годзе на фоне адносна павольнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты («рубель умацаваўся на 4% у тэрмінах рэальнага эфектыўнага курсу па выніках мінулага года») адбывалася зніжэнне золатавалютных рэзерваў, якія скараціліся з 2,5 да 1,5 месяца імпарту. У бягучым годзе зніжэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі працягнулася, канстатуюць эксперты.

Разам з тым, паводле ацэнак ЕАБР, у першыя месяцы бягучага года беларуская эканоміка «пачала дэманстраваць прыкметы абмежаванага ўмацавання плацёжнага балансу». Эканамісты звяртаюць увагу, што на фоне паляпшэння сітуацыі ў знешнім гандлі памер знешняга дэфіцыту Беларусі ўдалося знізіць.

«У далейшым знешняя ўстойлівасць эканомікі будзе залежаць ад правядзення ў жыццё мер, накіраваных на стрымліванне росту крэдытавання, выдаткаў бюджэту і росту заробкаў», - мяркуюць эканамісты Еўразійскага банка развіцця.

Як паведамлялася раней, з мэтай абмежавання ўнутранага попыту і забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці Нацыянальны банк у пачатку бягучага года абвясціў аб узмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі.

Цэнтральны банк Беларусі ў гэтай сувязі рэкамендаваў камерцыйным банкам у першым квартале абмежаваць тэмпы росту крэдытавання эканомікі на ўзроўні 0,7% у месяц.

Інфляцыя можа перавысіць афіцыйны прагноз

У 2014 годзе інфляцыя ў Беларусі можа перавысіць афіцыйны прагноз у два разы, лічаць аналітыкі ЕАБР.

«Зыходзячы з месячных тэмпаў росту індэкса спажывецкіх коштаў, якія назіраюцца ў першыя месяцы года, існуе небяспека прыблізна двухразовага перавышэння інфляцыяй мэтавага значэння ў выпадку захавання Нацбанкам грашовай палітыкі ў бягучым стане», - лічаць эканамісты Еўразійскага банка развіцця.

Спажывецкія кошты ў красавіку выраслі на 1,6%. За студзень-красавік інфляцыя ў Беларусі склала 6,6%. Між тым афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на бягучы год прадугледжвае зніжэнне інфляцыі да 11% у параўнанні з мінулым годам (у 2013-м спажывецкія кошты ў Беларусі выраслі на 16,5%).

Кіраўніцтва Нацыянальнага банка ў красавіку ўжо заяўляла, што прагнозны параметр па інфляцыі ў бягучым годзе наўрад ці будзе выкананы. Згодна з красавіцкай ацэнкай Нацбанка, інфляцыя ў бягучым годзе ў Беларусі можа скласці 16-17%.

Разам з тым, нягледзячы на больш высокія тэмпы інфляцыі ў параўнанні з афіцыйным прагнозам, Нацбанк у красавіку гэтага года знізіў стаўку рэфінансавання з 23,5% да 22,5%. На думку экспертаў, на гэты крок грашовыя ўлады пайшлі пад ціскам ўрада, які настойвае на змяншэнні кошту крэдытных рэсурсаў для прадпрыемстваў.

Прагноз па росце ВУП выкананы не будзе

Рост ВУП Беларусі на 2013 год на ўзроўні 3,3%, прадугледжаны афіцыйным прагнозам беларускіх уладаў, малаверагодны. Такая ацэнка прыводзіцца ў «Макромониторе СНГ», падрыхтаваным аналітычным упраўленнем Еўразійскага банка развіцця.

«На працягу 2014 года тэмпы росту ВУП у Беларусі будуць вызначацца дзеяннем разнанакіраваных фактараў. Перш за ўсё, неабходнасць кансалідацыі ўнутранага попыту з мэтай аднаўлення ўстойлівасці плацёжнага балансу краіны азначае, што гандаль і будаўніцтва могуць унесці адмоўны ўклад у агульны рост у бягучым годзе», - лічаць эканамісты ЕАБР.

Згодна з прагнозам экспертаў, негатыўны ўплыў на паказчыкі эканамічнага росту ў бягучым годзе перастануць аказваць нафтаперапрацоўка і хімічная прамысловасць - у гэтых галінах знікне эфект высокай базы 2012 года, калі беларускія ўлады займалася «растваральнікавым» бізнесам.

«Нявызначаны характар носяць перспектывы экспарту - яго дынаміка ў вялікай ступені залежыць ад развіцця сітуацыі ў расейскай эканоміцы», - адзначаюць эксперты ЕАБР.

Эканамісты нагадваюць, што ў першыя месяцы бягучага года ў Беларусі назіралася адмоўная дынаміка ВУП.

«У далейшым паказчыкі росту ВУП павінны палепшыцца, хаця дасягненне мэтавага паказчыка на ўзроўні 3,3%, прадугледжанага ў афіцыйным Прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, здаецца цяжкай для выканання задачай», - мяркуюць эканамісты ЕАБР.

Урад Беларусі на 2014 год вызначыў прагноз па росце ВУП у памеры 3,3%, былі зацверджаныя паквартальныя заданні дасягнення гадавога параметру.

У студзені-лютым 2014 года ў Беларусі было зафіксаванае зніжэнне ВУП на 1,6%, а па выніках першага квартала - рост гэтага паказчыка на 0,5%. Эканамічны рост, зафіксаваны па выніках студзеня-сакавіка, здаўся Аляксандру Лукашэнку штучным.

«Мы ведаем, адкуль гэты паказчык: «Беларуськалій» трохі заварушыўся, зарабіў, нейкую турбіну вам, Сямашка, на трыльён, якую ў мінулым годзе пабудавалі, а вы сёння ў залік увялі. Я гэта не сцвярджаю, мы разбярэмся, гэта інфармацыя пакуль з адной крыніцы», - заявіў беларускі кіраўнік у красавіку, выступаючы са штогадовым пасланнем у парламенце.

«Калі вы такім чынам вырашылі выконваць ВУП... Ну, хлопцы, тады нам не па дарозе», - дадаў Лукашэнка. «Старыя хваробы эканомікі нікуды не падзеліся, і мы іх бачым», - сказаў ён.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках