29 красавiка 2024, панядзелак, 17:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Іларыёнаў: Пуцін ва Украіне разгромна прайграў

35
Андрэй Іларыёнаў: Пуцін ва Украіне разгромна прайграў

Масавым удзелам у датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах украінцы сарвалі план Пуціна.

Пра гэта ў сваім блогу напісаў былы дарадца прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і прэзідэнт Інстытута эканамічнага аналізу Андрэй Іларыёнаў.

«Самы галоўны вынік украінскіх прэзідэнцкіх выбараў - гэта не тое, што прэзідэнтам абраны Парашэнка. І не тое, што ўпершыню ўкраінскі прэзідэнт абраны ў першым туры. І нават не тое, што Цімашэнка панесла сур'ёзнае паражэнне, якое ставіць пад сумнеў яе шанцы на далейшы ўдзел у палітычным жыцці Украіны на першых ролях.

Самы галоўны вынік учорашніх прэзідэнцкіх выбараў - гэта фармальна-юрыдычная смерць пуцінскага міфа аб т.зв. «расколе» Украіны на заходне-цэнтральную і паўднёва-усходнюю часткі, на «западэнцаў» і рускамоўных, на «Бандэраўшчыну» і «Новаросію».

Гэта пахаванне пуцінскага плана па падзеле Украіны. Гэта канчатковае завяршэнне 20-гадовага перыяду «ўкраінізацыі», важнага этапу на шляху вестэрнізацыі і еўрапеізацыі Украіны, прая якія гаворка ішла тут.

Упершыню за два дзесяцігоддзі выбараў у незалежнай Украіне кіраўнік дзяржавы абраны не галасамі жыхароў Усходу Украіны супраць галасоў жыхароў яе Захаду і не галасамі жыхароў Захаду супраць галасоў жыхароў яе Усходу.

Упершыню прэзідэнт Украіны абраны галасамі ўсёй Украіны, галасамі жыхароў усіх буйных украінскіх макрарэгіёнаў.

Больш за тое, першыя чатыры кандыдаты ў прэзідэнты Украіны па колькасці атрыманых імі галасоў на цяперашніх выбарах (П. Парашэнка, Ю. Цімашэнка, А.Ляшко, А. Грыцэнка, незалежна ад дэталяў іх праграм і персанальных асаблівасцяў) палітычна ўяўляюць сабой Захад і Цэнтр Украіны, не яе Усход і Поўдзень. Па сумарнай колькасці атрыманых імі галасоў (прыкладна 83% - па дадзеных экзіт-полаў) гэта азначае абсалютную перамогу нацыянальнага выбару ўкраінскімі грамадзянамі заходняга варыянту развіцця адзінай Украіны. Колькасць галасоў, атрыманых найбольш папулярным кандыдатам, якога можна разглядаць у якасці кандыдата «Усходу», С. Цігіпкам (4,8%), а таксама найбольш папулярным пуцінскім кандыдатам М.Добкіным (2,1%), азначае, што праекты Пуціна па захопу Украіны, па ўстанаўленні кантролю над Украінай, па падзеле Украіны пацярпелі поўнае паражэнне.

Іншымі словамі, прамежкавым вынікам дзесяцімесячнай пуцінскай вайны супраць Украіны - нягледзячы на неаднаразовыя заявы пуцінскіх прапагандыстаў пра нібыта яго неверагодныя «поспехі і перамогі» - апынуўся татальны крах планаў Пуціна ва Украіне.

Украіна не стала «бандэраўскай». Або антырасейскай. Або антырускай. Украіна, практычна ўся Украіна, стала антыпуцінскай. І арыентаванай на інтэграцыю ў заходні, г.зн. у сучасны, свет.

Нашы віншаванні братэрскаму народу!» - напісаў ён.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках