1 траўня 2024, Серада, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафсаюзы: Хутка ў беларусаў наогул забяруць пашпарты, каб не выязджалі

22
Прафсаюзы: Хутка ў беларусаў наогул забяруць пашпарты, каб не выязджалі

Замест драконаўскіх мер уладам варта было б задумацца пра паляпшэнне ўмоваў працы на вёсцы.

Пра гэта заявілі praca-by.info прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў.

27 траўня Лукашэнка паабяцаў увесці «прыгоннае права» на вёсцы. Паводле яго слоў, падрыхтаваны дэкрэт, які забароніць работнікам АПК звальняцца.

- Я стаўлю жорстка пытанне таму, што на стале дэкрэт, пра які я казаў раней. Учора мне яго паклалі на стол з нагоды, скажам прама, «прыгоннага права». Мы закрываем на губернатараў усё. Ты не звольнішся і не пяройдзеш - памятаеце, я казаў у пасланні, - заявіў Лукашэнка.

Дэкрэт будзе супярэчыць Канстытуцыі

Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка нагадаў пра ўжо наяўныя прэцэдэнты. У снежні 2012 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №9, якім увёў забарону на звальненне работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія вядуць інвестыцыйныя праекты па рэканструкцыі вытворчасці. Згодна з ім датэрміновае скасаванне кантрактаў па ініцыятыве работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка.

На думку Леаніда Судаленкі, калі новы дэкрэт прымуць, то ён будзе супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам Беларусі права на выбар прафесіі, роду заняткаў і працы, і забараняе прымусовую працу.

Улады могуць сутыкнуцца з негатыўнымі наступствамі

Кіраўнік прававой службы Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Алена Яськова назвала магчымае рашэнне аб прыняцці дэкрэта незаконным.

- Вядома, гэта рашэнне незаконнае. Беларусь з'яўляецца членам Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) і ратыфікавала шэраг канвенцый, у тым ліку супраць прымянення прымусовай працы. А забарона на права звальняцца і ёсць не што іншае, як прымусовая праца. Такім чынам, у наяўнасці найгрубейшае парушэнне не толькі нормаў заканадаўства нашай краіны, але і міжнародных прававых нормаў, - адзначыла Алена Яськова. - Я б сказала, што гэта дыскрэдытацыя краіны і яе прававой сістэмы. З аднаго боку, кажуць, што мы - сэрца Еўропы. А з другога, вядуць размову аб прыгоне. Пасля гэтага павінна быць сорамна за сваю краіну.

Кіраўнік прававой службы БКДП не выключае, што пасля прыняцця новага дэкрэта ўлады могуць сутыкнуцца з негатыўнымі наступствамі.

- У 2007 годзе Беларусь была пазбаўленая гандлёвых прэферэнцый у Еўропе за парушэнні правоў рабочых і прафсаюзаў, - нагадала яна.

Акрамя таго Алена Яськова адзначыла:

- Беларусь - адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, не кажучы ўжо пра дэмакратычныя краіны, дзе асноўнае працоўнае заканадаўства ігнаруецца больш значнымі па юрыдычнай сіле актамі прэзідэнта, якія грубейшым чынам парушаюць працоўныя правы і тым самым правы чалавека.

Дэкрэт не ўтрымае людзей ад змены працы

Лідар прафсаюза работнікаў РЭП Генадзь Фядыніч мяркуе, што замест драконаўскіх мер уладам варта было б задумацца пра паляпшэнне ўмоваў працы на вёсцы.

- Чаму Аляксандар Лукашэнка загаварыў пра падрыхтоўку дэкрэта? У многіх вёсках працаваць практычна няма каму, насельніцтва старэе, а маладыя з'язджаюць. Трымацца толькі за аграгарадкі, дзе ёсць сучаснае абсталяванне, добрыя надоі і, адпаведна, добрая зарплата. Але такіх месцаў няшмат, - сказаў praca-by.info Генадзь Фядыніч. - Але нельга сёння толькі жахахі наладжваць стасункі ўлады і народа. Варта было б разабрацца, чаму народ сыходзіць, чаму на вёсцы не створаныя ўмовы, каб людзям было цікава працаваць. Стварайце ўмовы, і тады не трэба будзе закручваць гайкі!

Пры гэтым лідар прафсаюза работнікаў РЭП упэўнены, што новы дэкрэт не ўтрымае людзей ад змены працы.

- Гэта рашэнне не спрацавала ў дрэваапрацоўцы, і тут яно таксама не спрацуе.

З дэкрэтам прапануюць змагацца

Старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў лічыць, што з новай драконаўскай мерай трэба змагацца.

- Трэба, каб абураўся народ. Калі ён будзе маўчаць, так хутка ўвогуле прывяжуць кожнага да зямлі і забяруць пашпарты, каб не выязджалі, як гэта было ў савецкі час, - сказаў Аляксандр Бухвостаў. - У АПК ёсць вялікі прафсаюз, трэба паглядзець, як ён будзе рэагаваць на дэкрэт. У БКДП аграрны сектар практычна не прадстаўлены, але і нам трэба выступіць супраць дэкрэта. Трэба змагацца.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках