4 траўня 2024, Субота, 18:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

9 траўня для беларусаў і расейцаў: свята, якое скралі

84

Вядомыя беларусы распавялі, што для іх значыць дзень 9 траўня.

Сайт charter97.org спытаў у грамадскіх, палітычных і культурных дзеячаў нашай краіны, што для іх значыць Дзень Перамогі, і як змянілася іх стаўленне да гэтага свята ў сувязі з падзеямі ва Украіне і выкарыстаннем тэмы Другой сусветнай вайны афіцыйнай прапагандай у сваіх мэтах.

Юрый Хашчавацкі, рэжысёр-дакументаліст:

- Мой бацька вярнуўся з вайны з узнагародамі. Будучы хлапчуком гадоў пяці я апранаў Ордэны Славы і медалі «За адвагу» і выходзіў на двор. У гэты дзень мае родныя і суседзі збіраліся пад абрыкосам у адэскім дворыку ў цэнтры горада каля Новага рынку, і кожны прыносіў тое, што мог. Усе садзіліся за стол, трохі выпівалі і ўспаміналі, як яны выратаваліся і выжылі. І для мяне свята Перамогі заўсёды было звязана менавіта з гэтым.

А потым гэтае свята скралі. Скрала чэкісцкая хунта. Вахтанг Кікабідзэ распавядаў мне, што яго бацька, які быў амаль сляпым, пайшоў добраахвотнікам на фронт і загінуў пад Керччу. Ён распавядаў гэта з горыччу, тлумачачы мне, што ён адчуваў, калі расейскія самалёты бамбілі Горы. На Ордэнах Славы майго бацькі георгіеўская стужка, але зараз я не магу бачыць гэтыя стужачкі. Гэты сімвал спаскудзілі падонкі, якія скралі ў ветэранаў перамогу і ўмеюць толькі хлусіць і красці».

Марына Лобава, маці палітвязьня Эдуарда Лобава:

- У мяне заўсёды было неадназначнае стаўленне. З аднаго боку, гэта вельмі добра - перамога над нацысцкай Германіяй, але з іншага, пасля гэтай перамогі многія краіны, у тым ліку і Беларусь, не атрымалі свабоды як такой, а проста перайшлі з рук нацысцкіх захопнікаў у рукі камуністычных. А ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне пачуццё перамогі наогул знікла, і стаўленне да гэтага стала хутчэй негатыўным.

Сёння ў гэты дзень у Расеі нагнятаецца патрыятызм і ўсхваленне захопніцкіх ідэй Пуціна. Яна проста вывярнула Дзень Перамогі навыварат. Смешна выглядаюць людзі з георгіеўскімі стужачкамі, таму што іх выкарыстоўвалі расейскія войскі, якія ваявалі на баку Гітлера. Расея, якая зрабіла вялікі ўклад у перамогу, сама стала агрэсарам і захопнікам і плюнула ў твар Украіне, чыё насельніцтва таксама ваявала разам з рускімі супраць немцаў.

Павел Севярынец, сустаршыня па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»:

- Дзень Перамогі над фашызмам ва ўсёй Еўропе святкуецца 8 траўня. Таму мне здаецца, што гэта сапраўды было б правільна. А святкаваць Дзень Перамогі 9 траўня - гэта хутчэй палітычнае рашэнне кіраўніцтва Савецкага Саюза, каб падкрэсліць ў гэтай вайне і перамозе ролю СССР. 9 траўня - гэта свята са слязамі на вачах, таму што радавацца ў гэты дзень нельга. Мільёны людзей аддалі свае жыцці, таму што два крывавых рэжыму - адзін гітлераўскі, а другі сталінскі, распалілі гэта вайну і рвалі ўсю Еўропу і свет у смяротнай бітве. Таму, у першую чаргу, гэта дзень памяці вялікай трагедыі, у тым ліку і беларускага народа.

Таму чаго б мне не хацелася бачыць 9 траўня ў Беларусі, дык гэта георгіеўскіх стужачак. Яны ўжо сталі сімвалам акупацыі, і проста непрыемна, калі бачыш, як людзі чапляюць іх на антэны машын і гэтак далей. Гэта адразу ж выклікае паралелі з Крымам, Данбасам і расейскай акупацыяй. Беларусам трэба адмаўляцца ад гэтага знака, таму што ён сведчыць цяпер толькі пра расейскія імперскія памкненні.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

- Сённяшні дзень - свята майго бацькі, маіх старэйшых сваякоў, якія перажылі акупацыю прайшлі вайну ў партызанах і ў шэрагах Узброеных Сіл. Гэта іх свята ў першую чаргу. У маім жыцці так атрымалася, што я быў савецкім патрыётам да канца 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, а потым стаў беларускім патрыётам, калі даведаўся праўду пра гісторыю сваёй краіны і свайго народа. Як патрыёт Беларусі, ведаю, што былі і іншыя перамогі маёй краіны, пра якія таксама трэба памятаць. Як патрыёт Беларусі, разумею, што няма вечных супернікаў і вечных саюзнікаў. У двух сусветных войнах саюзнікамі Расеі былі англічане і амерыканцы. Сёння яны самыя вялікія ворагі Расеі - па крайняй меры, пра гэта гаворыцца насельніцтву. Калі быў савецкім салдатам, амерыканцы і НАТА былі галоўнымі ворагамі. Сёння для мяне ЗША і Атлантычны Альянс - гаранты свабоды і дэмакратыі ў свеце.

Трэба зыходзіць з таго, што ў беларусаў свае святы, у расейцаў - свае. У чымсьці яны могуць перасякацца, але стаўленне да іх рознае. Напрыклад, для расейцаў вялікім святам з'яўляецца 4 лістапада, калі Мінін і Пажарскі выгналі «палякаў» з Крамля, хоць кожны гісторык скажа, што тымі «палякамі», якія акапаліся ў Маскве, былі беларусы -літвіны і запарожскія казакі. Для расейцаў гэта сваё свята, а для нас і ўкраінцаў - сімвал таго, што нашы народы мелі магутную армію, якая ў свой час заваявала Маскву.

8 - 9 траўня для мільёнаў людзей ва ўсім свеце - свята Перамогі саюзнікаў над фашызмам. Але толькі рэжымы ў Беларусі і ў Расеі выкарыстоўваюць 9 траўня ў сваіх карыслівых прапагандысцкіх мэтах - для таго, каб утрымацца ва ўладзе, для таго, каб людзі не задумваліся, адкуль у простых хлопцаў, як Лукашэнка і Пуцін такія велізарныя капіталы. Па дадзеных міжнародных экспертаў, багацце Лукашэнкі ацэньваецца ў 9 мільярдаў даляраў, а багацце Пуціна - у некалькі дзесяткаў мільярдаў даляраў.

Сёння Расея вядзе чарговую захопніцкую вайну. Імперскі пуцінскі рэжым - галоўная пагроза для фізічнага існавання нашай дзяржавы і выжывання беларусаў як народа. Лукашэнка па загадзе з Масквы на працягу апошніх 20 гадоў знішчаў беларускія школы, мову, культуру, пераследваў беларускіх патрыётаў. У 21 стагоддзі ў Беларусі няма ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай выкладання, зачынены адзіны беларускі ліцэй... Мэта Расеі простая - выкарыстоўваючы метады прапагандысцкай вайны захапіць нашу краіну і ператварыць беларусаў у рускіх. Так зрабілі з беларусамі Смаленшчыны. Нашчадкаў гордых крывічоў беларускага Смаленскага княства сёння называюць насельніцтвам Нечэрназем'я. Апошнія падзеі ва Украіне сведчаць пра вяртанне пагрозы з Усходу. Беларусы разам з украінцамі і ўсім цывілізаваным светам павінны гэта нашэсце спыніць.

У кожнага пакалення - свая вайна і свая перамога. Для нашых бацькоў гэта Айчынная вайна і перамога над нямецкім фашызмам, для нас гэта барацьба за незалежнасць і свабоду Беларусі, за вяртанне нашай дзяржавы ў Еўропу.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках