29 красавiка 2024, панядзелак, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Згоншчык самалёта «Белавія» патрабаваў ляцець у Рым

5

Пасля арышту грамадзянін Грузіі паспрабаваў аджартавацца і прадставіць сітуацыю як няўдалы розыгрыш.

Вызваляць захопленыя самалёты беларускім спецслужбам і байцам спецпадраздзяленняў да гэтага часу даводзілася толькі ў рэжыме вучэнняў. Раніцай 10 чэрвеня набытыя навыкі прыйшлося правяраць практыкай.

З Кутаісі самалёт авіякампаніі «Белавія» CRJ-100 вылецеў па раскладзе - у 4:20 мясцовага часу. На борце было 36 чалавек - 32 пасажыры, у тым ліку адно дзіця, і чатыры члена экіпажа - два пілота і дзве сцюардэсы, піша БелаПАН.

Прыкладна за сорак хвілін да пасадкі адзін з пасажыраў перадаў праз бортправадніцу запіску пілотам. У запісцы змяшчалася патрабаванне змяніць курс і ляцець у Рым, у адваротным выпадку аўтар запіскі пагражаў падарваць самалёт.

Як распавёў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі Артур Стрэх, запіску камандзір экіпажа атрымаў, калі самалёт знаходзіўся ў 200 кіламетрах ад Менска.

Потым пасажыр пачаў мяняць пункты прызначэння, называючы іншыя еўрапейскія гарады. Пілоты прапанавалі ўсё ж сесці ў Менску для дазапраўкі, на што згоншчык самалёта пагадзіўся. У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» рэйс 731 прызямліўся у 6:50.

На зямлі ўжо чакалі прадстаўнікі контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ і групы «А». Яны падняліся на борт авіялайнера і ўступілі ў перамовы з асобай, якая перадала запіску. Ім аказаўся 41-гадовы грамадзянін Грузіі Гела Сахелашвілі.

У выніку перамоваў згоншчык пагадзіўся пакінуць борт самалёта і ў 8:10 добраахвотна здаўся супрацоўнікам КДБ. Грамадзянін Грузіі паспрабаваў аджартавацца і прадставіць сітуацыю як няўдалы розыгрыш, паведамляе ОНТ. Аднак размова з «жартаўніком» працягнулася ўжо ў следчым ізалятары КДБ, следчыя якога будуць разбірацца, навошта грамадзянін Сахелашвілі хацеў скрасці беларускі самалёт.

У дачыненні да грамадзяніна Грузіі распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 311 (крадзеж альбо захоп з мэтай згону паветранага судна) КК Рэспублікі Беларусь. Падазраванаму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках