1 траўня 2024, Серада, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадавачка ГУМу пра абмежаванне імпарту: Хто захоча - знойдзе

12
Прадавачка ГУМу пра абмежаванне імпарту: Хто захоча - знойдзе

Менскія крамы ў чацвер павінны абмежаваць колькасць імпартных тавараў 15 адсоткамі.

«Комсомольская правда в Беларуси» адправілася па крамах, паглядзець, як рыхтуецца гандаль забяспечыць наяўнасць 85% айчынных тавараў.

- Пакуль ціха, але вось-вось чакаем пастановы зверху, - кажа супрацоўніца ўніверсама «Цэнтральны».

Практычна ўся садавіна, нават яблыкі, прывезеныя з-за мяжы. Гішпанія, Італія, Нідэрланды, Польшча, Турцыя, ПАР... Праз цэтлікі можна вывучаць геаграфію.

У агароднінным аддзеле з беларускага - свежыя баклажаны, капуста, зеляніна, перцы, кабакі... Тое, што паспела вырасці ў новым сезоне. Часнык, сельдэрэй, таматы - імпартныя. Нават бульба - з Македоніі.

- Беларуская таксама ёсць! І новага ўраджаю, і старога, - абнадзейвае прадавачка.

Кіля свежай македонскай бульбы - буйной, чыстай, без вочак - каштуе 9900. Побач ляжыць беларуская - 12 000. Свая, родная, але дробная і брудная. Пакупнікі ў кошык кладуць македонскую.

- Увосень брала беларускую гародніну і садавіну, а ўзімку іх не было, - кажа сталая пакупніца Ірына. - Гародніну і садавіну захоўваць не навучыліся, у выніку кормім імпарцёраў.

- Вельмі спадзяемся, што імпартная садавіна застанецца. Толькі ад гісторыі з півам адысці паспелі, а тут новая хваля! - уздыхае прадавачка.

У аддзеле з касметыкай і парфумерыяй ГУМа пакупнікі ахвотна бяруць беларускую прадукцыю. Ды і на прылаўках яе больш за ўсё.

- Я нават дачцэ ў Нямеччыну нашую касметыку высылаю. Яна і ад нямецкай, і ад французскай адмовілася! - ахвотна дзеліцца досведам Таццяна.

- Шампуні і гелі для душа ў нас яшчэ нічога. Але сродкі для догляду за скурай і дэкаратыўная касметыка нікуды не вартыя, - не згаджаецца Дар'я. - Калі застанецца толькі нашая, буду ездзіць у Літву і Польшчу. Чыноўнікі хочуць аддаваць грошы суседзям? Калі ў Беларусі імпартную прадукцыю забароняць, людзі паедуць па яе за мяжу.

- А што мы будзем рабіць без замежнай парфумы? - абураецца жанчына поруч. - У нас жа такой не робяць. Чым пахнуць будзем, мылам?

Журналісты падышлі да вітрын з туалетнай вадой і парфумай. Сапраўды, усё імпартнае.

- Думаю, што да крайнасцяў зусім не дойдзе, - разважае прадавачка. - Нешта, можа, пакінуць... Раней наогул без імпартнай жылі, і нічога! 15% - яшчэ можна жыць. Хто захоча, той знойдзе.

У ЦУМе большасць лядоўняў, пралак і газавых пліт - беларускай вытворчасці.

- Кошты нашай тэхнікі даступныя, а вось у якасці сумняваюся, - кажа Пётр, ён з жонкай выбірае лядоўню. - Баюся, выйдзе са строю лядоўня, як яе беларуская папярэдніца. Думаю даплаціць і купіць замежную. Яе і размарожваць не трэба, і звонку сімпатычная. Але выбар іх невялікі, пару мадэляў - гэта няправільна. Калі наважылі замяніць імпартны тавар беларускім, дайце людзям годную альтэрнатыву. Мы гэта ўжо праходзілі, у савецкія часы тэлевізар можна было з цяжкасцю дастаць! I ўжо ўсё аднно было які. Вяртацца да такіх часоў не хочацца. Падтрымліваць айчыннага вытворцу трэба, але - годнага. Ёсць добры прыклад - малочныя прадукты ў нас выдатныя! Вось будзе тэхніка такая ж, будзем браць.

І мужчына адправіўся шукаць імпартную лядоўню.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках