29 красавiка 2024, панядзелак, 0:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ВНУ абвесцяць дадатковы набор

11
Беларускія ВНУ абвесцяць дадатковы набор

14 чэрвеня будзе прынятая пастанова аб правядзенні дадатковага набору ў беларускія ВНУ на дэфіцытныя спецыяльнасці.

Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1" вечарам 13 ліпеня паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, піша open.by.

"Міністэрства адукацыі атрымае інфармацыю з ВНУ і звароты або хадайніцтвы галін, якія сапраўды маюць патрэбу ў кадрах. І разам з урадам, з камісіяй кантролю за ходам уступных выпрабаванняў прыме пастанову: там дзе сапраўды мы ўбачым, што зніжэнне прахаднога бала на 5 для ўдзелу ў конкурсе не адаб'ецца на якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, будзе прынятая пастанова аб дадатковым наборы, як выключэнне", - расказаў міністр.

Што да вынікаў падачы дакументаў, то, са слоў Маскевіча, у большасці ВНУ наборы адбыліся. "Прычым, прыемна, што ў многіх ВНУ гэта не толькі наборы на прэстыжныя спецыяльнасці (сярод асаблівых прыярытэтаў сёння інфармацыйныя тэхналогіі), але ёсць універсітэты і класічнага тыпу, напрыклад, у Гарадзенскім універсітэце можна сказаць, што адбыўся набор на ўсе спецыяльнасці. І ў шэрагу іншых універсітэтаў, згодна з аператыўнай інфармацыі, набор адбудзецца", - паведаміў Маскевіч.

Ён распавёў, што дзякуючы магчымасці ў гэтым годзе паступаць медалістам на педагагічныя, навукова-педагагічныя спецыяльнасці без здачы цэнтралiзаванага тэставання, істотна павялічылася колькасць моцных абітурыентаў у педагагічных ВНУ. "У разы", - канстатаваў міністр.

Што да вынікаў тэставання, міністр паведаміў, што будзе прапаноўваць карэктаванне навучальных планаў і вучэбных праграм у школах, бо вынікі, якія паказваюць выпускнікі школ у фізіцы і матэматыцы значна ніжэйшыя, прыкладна на 20 балаў, чым вынікі выпускнікоў гімназій.

Беларускія ВНУ тым часам закончылі прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтныя месцы.

Як паведамляе сайт Міністэрства адукацыі, "першыя вынікі паказваюць, што эканамічныя і IT-спецыяльнасці набралі сваіх абітурыентаў, таксама добра праведзеная ўступная кампанія ў ВНУ культуры і МНС".

Высокія конкурсы на ўсе спецыяльнасці будаўнічага і энэргетычнага накірункаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта (БНТУ) - ад 230 і вышэй балаў. Больш за 300 балаў трэба было мець пры паступленнi на большасць спецыяльнасцяў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта (БДЭУ) і Белдзяржуніверсітэта (БДУ). Сярэдні бал у медыцынскія ВНУ вагаецца ад 250 да 300 і вышэй.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце (БДПУ) ім М.Танка на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці конкурс складаў два чалавекі на месца. Абітурыенты таксама актыўна падавалі ў БДПУ заявы на завочнае аддзяленне: да канца апошняга дня прыёму дакументаў, 12 ліпеня, на 400 бюджэтных месцаў было 630 заяў (конкурс склаў паўтара чалавека на месца).

Прэс-служба Мінадукацыі нагадвае, што з гэтага года ў Беларусі вызначаны пералік з 22 педагагічных спецыяльнасцяў, на якія медалісты і пераможцы алімпіяд могуць паступаць без экзаменаў. Для паступлення гэтыя катэгорыі абітурыентаў павінны толькі заручыцца падтрымкай і рэкамендацыяй педагагічнай рады ўстановы адукацыі, якую яны скончылі. У пералік увайшлі востра дэфіцытныя спецыяльнасці - дашкольная і пачатковая адукацыя, гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны, біялогія, хімія, геаграфія, матэматыка, інфарматыка, фізіка, тэхнічная творчасць, беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, тэхнічная і абслугоўваўвальная праца, выяўленчае мастацтва, лагапедыя, сурдапедагогікі, тыфлапедагогіка і інш.

Папярэдні аналіз паказаў, што без экзаменаў дакументы ў БДПУ падаў 71 чалавек, з іх 65 - медалісты. Самую высокую суму балаў у БДПУ прынесла абітурыентка на факультэт матэматыкі - 352 балы.

Да 14 ліпеня ВНУ падвядуць канчатковыя вынікі набору на бюджэтныя месцы, а ў абітурыентаў застанецца яшчэ магчымасць паступіць у ВНУ на платнай аснове, паведамляе прэс-служба Мінадукацыі.

Дакументы на платныя аддзяленні ў вочнай (дзённай) або завочнай формах навучання ў Акадэміі МУС, Магілёўскім вышэйшым каледжы МУС, Камандна-інжынерным інстытуце МНС, Гомельскім інжынерным інстытуце МНС і Інстытуце памежнай службы будуць прымацца да 28 ліпеня.

Гэтыя ж тэрміны вызначаныя для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Для іншых дзяржаўных і прыватных ВНУ тэрміны падачы дакументаў устаноўленыя да 31 ліпеня (для завочнай формы сельгаспрофілю - да 30 лістапада).

Усяго ў гэтым годзе ў Беларусі набор абітурыентаў праводзяць 54 ВНУ на 382 спецыяльнасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках