19 сакавiка 2024, aўторак, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Расея ўступіла ў фазу паўраспаду

44
Зміцер Бандарэнка: Расея ўступіла ў фазу паўраспаду

Але ніхто не будзе падтрымліваць беларусаў, якія сядзяць на кухнях.

Пра гэта ў інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Мы гаворым пра момант узмацнення супрацьстаяння паміж Расеяй ды Ўкраінай. Відавочна, што вайна скончыцца не заўтра. Якое месца Беларусі ў гэтым канфлікце?

- Вайна паміж Расеяй і Ўкраінай павінна была пачацца ў 1991-1992 гадах, як на Балканах паміж Сербіяй і Харватыяй. Таму што Савецкі Саюз быў яшчэ больш штучным утварэннем, чым Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія. Тады толькі дзякуючы генію Ельцыну і ягонаму асяродку той вайны ўдалося пазбегнуць. А можа быць, таму што Расея як ядро СССР была тады надзвычай слабая. Цяпер у нашым рэгіёне здарыліся Балканы-2.

Беларусь разглядаецца, як часткай «саюзнай дзяржавы». І калі Расея сёння вядзе вайну з Украінай і Захадам, то ціхія, «памяркоўныя» беларусы сталі ўдзельнікамі гэтай вайны, хоць ім гэта пакуль не патлумачылі.

Гэта адзін аспект. Другі аспект - на ўсёй тэрыторыі памежжа Еўрапейскага Звязу, ад Марока да Калінінграда, адбываецца Вялікая антыалігархічная рэвалюцыя. Ідуць войны ў Лібіі, Сірыі, Палестыне, Ізраілі, Расеі і Ўкраіне. Нестабільна ў Турцыі, Тунісе, Егіпце. Гэта сапраўдны глабальны геапалітычны «землятрус». І спадзявацца на тое, што ў Беларусі ўсё застанецца, як раней, вельмі наіўна.

Памятаеце, як у разгар апошняга сусветнага эканамічнага крызісу беларуская прапаганда вяшчала, што гэта не закране Беларусь, а потым раптам у грамадзян зніклі ашчадкі ў банках, а іх заробкі і пенсіі абрынуліся ўтрая.

Сёння галоўны беларускі алігарх зноў спрабуе перавесці стрэлкі, але гэтым разам сысці ад адказнасці яму не ўдасца.

- Сёння мы назіраем некаторыя парадоксы. З аднаго боку, усім відавочна, што Лукашэнка – хаўруснік Крамля. З іншага, ён прысутнічае на інаўгурацыі новага прэзідэнта Ўкраіны і спрабуе весці палітыку «і нашым, і вашым».

- Зноў жа нічога новага. У момант, калі Сербія зазнала бамбаванне з боку авіяцыі NATO за бязмежжа ў Босніі і Косаве, яе хаўрусніца па Югаславіі Чарнагорыя нажывалася на гэтай вайне. Дзейнічалі санкцыі ў дачыненні да Мілошавіча, а ў дачыненні да Чарнагорыі не. І прэзідэнт Джукановіч у той час зарабіў не толькі палітычны капітал.

Магчыма, Лукашэнка ў хітрасці Джукановічу і не саступае. Але ёсць адно галоўнае адрозненне. Джукановіч заўсёды ўважаўся за празаходняга палітыкам, і нацыянальнай валютай Чарнагорыі спачатку была нямецкая марка, цяпер - еўра. А Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка - апошні дыктатар Еўропы, персона нон грата ў цывілізаваным свеце. Да таго ж, як надоечы вельмі дакладна заўважыў Станіслаў Шушкевіч, Лукашэнка - раб Пуціна.

Не будзе Пуцін глядзець спакойна, як яго васал робіць гешэфты, грэючы рукі на расейскіх праблемах. Ад Лукашэнкі ўжо патрабуюць поўнага паслушэнства ў вайсковай сферы і эканоміцы.

- З размоваў з украінскімі палітыкамі вышэйшага рангу я зразумела, што яны не давяраюць Лукашэнку. Чаму пры гэтым прадаўжаюцца гэтыя «танцы з ваўкамі»?

- Сёння Ўкраіна і паводле насельніцтва, і паводле эканамічнага патэнцыялу, і паводле тэрыторыі, і паводле міжнароднай увагі абавязаная станавіцца рэгіянальнай дзяржавай. Яна павінна паводзіць сябе, як рэгіянальная дзяржава, праводзіць актыўную палітыку ў Беларусі, у Еўропе, на Каўказе.

Але палітычныя эліты ва Ўкраіне сёння - гэта, пераважна, людзі бізнэсу, гэта алігархі, якія думаюць вельмі своеасабліва. На словах кажуць, што Ўкраіна - рэгіянальная дзяржава, але ў першую чаргу думаюць аб сваёй кішэні. І ў гэтым асноўная праблема нашых суседзяў.

- Калі жорстка выказвацца на адрас украінскага кіраўніцтва з нагоды беспрынцыповых стасункаў з Лукашэнкам, часта сутыкаешся з рэакцыяй, маўляў, нельга іх асуджаць, паколькі ў гэтай цяжкай сітуацыі Ўкраіне патрэбныя ўсялякія хаўруснікі, нават такія ненадзейныя, як Лукашэнка.

- Такім чынам маскуюцца асабістыя бізнэс-інтарэсы, бо гаворка ідзе пра дзесяткі і сотні мільёнаў даляраў. Вось і ўсё.

Аднак мы бачым, што падчас вайны, а дагэтуль падчас Майдана, ішло фармаванне новай украінскай нацыі. Я б сказаў, сёння ідзе вайна ўкраінцаў з хахламі. Нараджаецца новая Ўкраіна, нараджаюцца новыя палітычныя эліты, і мы на іх баку.

Там ёсць людзі, якія разумеюць, што не можа быць свабоднай і незалежнай Украіны без свабоднай незалежнай Беларусі, і ўсведамляюць, хто з'яўляецца іх сапраўдным хаўруснікам.

- Вы сказалі пра бізнэс-інтарэсы, якія відавочна прысутнічаюць у шэрагу ўкраінскіх алігархаў і палітыкаў у Беларусі. З паведамленняў апошніх навінаў: экспарт беларускіх цыгарэт ва Ўкраіну вырас у 40 разоў, экспарт алкаголю - у восем. Няўжо гэта толькі гарэлка і цыгарэты?

- Каму вайна, а каму маці родная. Пра гэта нядаўна добра напісала «Новая газета»: украінскія танкі запраўляюцца беларускай саляркай з расейскай нафты. Бо ў Расеі, нягледзячы на тое, што ва ўладзе знаходзяцца спецслужбы, квітнее карупцыя. І напрыклад, кіраўнік «Раснафты» Сечын праз нейкую там вайну не хоча пазбавіцца некалькіх мільярдаў даляраў. Гэта праўда жыцця.

Але логіка вайны ўжо прымушае ўлады Расеі і Ўкраіны думаць па-іншаму. Вайна немінуча распаўсюдзіцца і на эканоміку, і гэтая пасрэдніцкая лаўка для Лукашэнкі таксама закрыецца.

Мы ўжо бачым цяпер напружанне ў беларуска-ўкраінскіх стасунках. Расейцы будуць патрабаваць ад Лукашэнкі паўнавартаснага ўдзелу ў вайне і супраць Украіны, і супраць Захаду.

- Дарэчы, з нагоды Захаду. Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі зноў падмацоўваюць нейкія дзіўныя надзеі на Лукашэнку - нібыта яго можна будзе «адарваць» ад Расеі. І нягледзячы на тое, што гэта дыктатар, забываючы пра палітвязняў, пра 19 снежня 2010 года, аб падпісанні ім дамовы аб Еўразійскім саюзе, адбываецца змякчэнне еўрапейскай палітыкіў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Ці ўдасца яму зноў падмануць ЕЗ?

- У свой час мяне шакавала фраза Збігнева Бжэзінскага ў яго вядомай кнізе «Вялікая шахматная дошка», што, па сутнасці, ЕЗ з'яўляецца пратэктаратам Амерыкі. Бо Еўрапейскі Звяз у паўтара разы большы за ЗША паводле насельніцтва, мае большы сумарны ВУП... Але шмат у чым амерыканскі стратэг меў рацыю, бо ЕЗ не мае сваіх узброеных сіл, у блоку NATO ільвіную долю ўсіх вайсковых расходаў нясуць ЗША, еўрапейцы не маюць сваёй транспартнай авіяцыі і паўнавартасных сіл хуткага рэагавання.

У ЕЗ большыя эканамічныя ўтварэнні, якія дагэтуль не маюць свайго палітычнага цэнтра. І таму еўрабюракраты мяркуюць: калі мы створаныя для эканомікі (то бок для прыбытку), то будзем з гэтых пастулатаў і зыходзіць. Не стае стратэгічнага мыслення і рашучасці. І ЗША пры адміністрацыі Абамы, магчыма, свядома адышлі ад Еўропы, каб ЕЗ стаў геапалітычным гульцом і нёс сваю дзель адказнасці за бяспеку хоць бы ў сваім рэгіёне. Гэтым сыходам і наважыла скарыстацца Расея. Амерыцы як краіне, якая адказвае за глабальную бяспеку, давялося тэрмінова вяртацца і дапамагаць паплечнікам.

Кіраўніцтва ЕЗ да збітага «Боінга» прадаўжала паводзіць сябе інфантыльна. Нягледзячы на злёгку «прыпудраную» расейскую агрэсію супраць Украіны, еўрапейскія лідэры заклікалі Парашэнку пачаць наўпроставыя перамовы з тэрарыстамі. І дзякуй Богу, што Пётр Аляксеевіч мае галаву на плячах і каманду рашучых сілавікоў.

Пасля страты Крыма кіраўніцтва Ўкраіны добра разумее, што трэба быць суб'ектам палітыкі, а не аб'ектам, у адрозненне ад большасці кіраўнікоў беларускай апазіцыі, якія з гатоўнасцю трымаюцца парад трохрадных заходніх клеркаў. Нацыянальныя інтарэсы Беларусі часта не супадаюць з інтарэсамі еўрапейскіх чыноўнікаў, якія з паталагічнай настойлівасцю спрабуюць перавыхаваць беларускага дыктатара. І беларускім дэмакратам не варта быць статыстамі ў чужой гульні.

Сёння Еўразвяз спрабуе наладжваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі без уліку меркавання беларусаў. Часткова віна за гэта ляжыць на самой апазіцыі. Грамадзяне маюць магчымасць уплываць на лідэраў дэмакратычных сіл, патрабуючы ад іх паслядоўнасці і прынцыповасці.

- Вы казалі пра нестабільнасць на межах Еўразвязу, справакаваную яго ж згодніцкай палітыкай у дачыненні да дыктатараў. Але калі прытрымлівацца іх логікі, дыктатура ў Беларусі - гэта стабільнасць. Часам прыкметна нежаданне еўрапейскіх чыноўнікаў мець справу з тымі беларускімі палітыкамі, у якіх ёсць рэальныя сцэнары змены сітуацыі ў краіне. Як нам самім дамагчыся гэтых зменаў? Ці ёсць надзеі на падтрымку звонку?

- Сённяшняя палітыка ЕЗ нейкі час будзе інфантыльнай, пакуль там не з'явіцца моцны лідэр. Можа быць, Радаслаў Сікорскі, можа быць, яшчэ нехта. Таму што ні Кэтрын Эштан, ні Ван Рампэй такімі моцнымі лідэрамі не сталі.

Не скажу нічога новага. Толькі самі беларусы могуць узяць адказнасць за змяненне сітуацыі ў сваёй краіне.

Першае. Трэба расплюшчыць вочы і зразумець, што адсядзецца ў бульбе, як спявае гурт "Крама", не атрымаецца. Беларусам давядзецца ваяваць на тым ці на іншым баку. І пакуль гэта не наш выбар, таму што лукашэнкаўская Беларусь, як частка «саюзнай дзяржавы», дэ-факта ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны і вайне супраць Захаду.

Другое. Альтэрнатыўныя эліты павінны аб'яднацца і стаць палітычным суб'ектам, які будуць паважаць і ўлады, і Расея, і Захад, а самае галоўнае - падтрымліваць актыўныя беларусы.

Трэцяе. Мы ўсе павінны разумець, што за сваю свабоду і незалежнасць трэба змагацца. За гэта давядзецца плаціць, магчыма, вельмі сур'ёзны кошт. Іншага шляху няма. Размовамі, што еўрапейскія чыноўнікі дрэнныя, справе не дапаможаш. Захад будзе падтрымліваць толькі таго, хто з'яўляецца рэальным гульцом і валодае рэальнай сілай. Калі мы хочам быць народам, мець сваю дзяржаву, то павінны быць гатовыя ваяваць, быць гатовымі да ахвяр, мець моцных міжнародных паплечнікаў і не прапусціць момант вызначальнай бітвы.

Ніхто не хацеў падтрымліваць украінцаў, якія без бою здалі Крым. Сёння свет на баку народа Ўкраіны, якая змагаецца супраць расейскай агрэсіі. Ніхто не будзе падтрымліваць беларусаў, якія сядзяць на кухнях.

- Наколькі маральна заклікаць да ахвяраў з эміграцыі?

- Ні я асабіста, ні мае паплечнікі ў «Зубры» і «Еўрапейскай Беларусі» ніколі ў кустах ні адседжваліся, сядзелі ў турмах, неслі страты і заўсёды знаходзіліся ў авангардзе Супраціву. Мяркую, што беларусы, якія вымушана апынуліся за мяжой, беларускія арганізацыі за мяжой (у першую чаргу, медыя) з'яўляюцца агульным капіталам дэмакратычнай Беларусі. Дрэнна сабе ўяўляю, як можна супрацьстаяць лукашэнкаўскай і расейскай прапагандзе без СМІ, якія працуюць, у прыватнасці, з Польшчы. Шмат хто кажа, што сёння Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй, а штабы знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі не могуць.

Галоўная праблема беларускай апазіцыі і сакрэт 20-гадовага існавання дыктатуры ў нашай краіне палягае ў тым, што мы не здолелі заручыцца рэальнай падтрымкай цывілізаванага свету. Цяпер ідзе глабальнае сутыкненне еўразійскай імперскай Расеі і дэмакратычнага свету. Мы не павінны дазволіць выкарыстоўваць беларусаў, як гарматнае мяса для ўсходняй дэспатыі.

Дэмакратычны свет сёння - гэта ЗША, Японія, Канада, Аўстралія, Еўрапейскі Звяз. Гэта свет, у якім людзі жывуць годна і іх правы абароненыя. Мы павінны стаць часткай гэтага свету. Толькі ў гэтым выпадку ў Беларусі будзе нармальная будучыня.

- Вы самі часта жорстка крытыкуеце беларускую апазіцыю, заяўляючы, што сёння многія яе прадстаўнікі падкантрольныя беларускім спецслужбам. Я ведаю, што нават у Польшчы, дзе існавала наймацнейшы рух «Салідарнасць», некаторыя яе лідэры, як сведчаць звесткі архіваў, супрацоўнічалі з уладамі. Але гэта не зашкодзіла зменам у Польшчы. Што можа прычыніцца да дэмантажу лукашэнкаўскай дыктатуры?

- Так, дэмантаж камуністычнай сістэмы ў Польшчы пачаўся ў выніку кантактаў спецслужбаў, дэмакратычнай апазіцыі і польскага касцёла. Да моманту круглага стала 1989 у Польшчы не было магутнага дэмакратычнага руху і акцый пратэсту. У грамадстве панавала расчараванне як уладамі, так і апазіцыяй. Больш за мільён палякаў эмігравалі з краіны...

Але, як мы ведаем, маленькая дыктатура існуе толькі да тых часоў, пакуль існуе дыктатура вялікая. Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз валодаў больш, чым мільённай акупацыйнай арміяй у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, СССР саступіў у эканамічным спаборніцтве Захаду, што і стала штуршком да рэформаў у Польшчы.

На мой погляд, гісторыя цяпер паўтараецца. Самым бліжэйшым часам Расея сутыкнецца з такімі праблемамі, якія прымусяць яе забыцца пра імпэрскасць. Па сутнасці, ужо сёння там падае ВУП і няма чым выплачваць пенсіі. РФ сама нарвалася на сектаральныя санкцыі з боку Захаду, якія папросту разваляць яе энэргетычную і фінансавую сістэму.

У 2014 годзе амерыканцы выйдуць з афганскай «пасткі». Мала хто ведае, што вялікая частка вайсковай тэхнікі і абсталявання краін NATO сёння выводзіцца праз тэрыторыі Расеі і Беларусі на чыгунцы ў балтыйскія парты, таму што так танней, чым праз Пакістан. Калі амерыканцы канчаткова выйдуць з Афганістана, праблема стабільнасці ў Сярэдняй Азіі і супрацьстаяння агрэсіўнаму ісламу ляжа на кволыя плечы Расеі.

Яшчэ адной кропкай нестабільнасці для Расеі стане Каўказ. У Чачні і Інгушэціі расейцаў ужо практычна няма. Сёння быць расейцам у Дагэстане ў сто разоў горш, чым быць расейцам на Ўкраіне. Ідзе папросту іх выцісканне з Дагэстану. Амаль 50 адсоткаў моладзі ў рэспубліках Паўночнага Каўказа спачуваюць вахабітам. Сяброўства з «вялікім» Кітаем як альтэрнатыва стасункам з «бездухоўным» Захадам паскорыць страту Расеяй Далёкага Ўсходу і Сібіры.

Гэтыя працэсы маглі разгортвацца досыць доўга. Крымская авантура Пуціна паскорыла іх у некалькі разоў. Расея ўступіла ў фазу паўраспаду. Як і ў канцы 1980-х, Маскве ўжо няма чым падтрымліваць сваіх дыктатараў-сатэлітаў.

У гэты момант значная частка кіраўніцтва беларускіх сілавікоў успомніць свае карані і ўсвядоміць, што іх асабістыя інтарэсы і будучыня могуць быць звязаныя толькі з незалежнай Беларуссю. Калі пачнуцца гэтыя трансфармацыі, яны немінуча адаб'юцца на структурах, якія сёння знаходзяцца пад кантролем сілавікоў.

Нават тыя людзі, якія знаходзяцца пад кантролем спецслужбаў, не з'яўляюцца поўнымі марыянеткамі - іх прымусілі працаваць праз шантаж, пагрозы сем'ям і праз фізічны прымус. Многія з іх з'яўляюцца беларускімі патрыётамі, проста яны патрапілі ў такую ​​сітуацыю.

Такім чынам падзеі развіваліся не толькі ў Польшчы, але і ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Расея ж у гэты час вымушаная будзе засяродзіцца на сваім сепаратызме, пацвярджаючы вядомую ісціну пра капанне ямы.

- Ці не занадта аптымістычны сцэнар?

- Іншы сцэнар. Расея ўсё ж такі пачынае поўнамаштабнае ўварванне ва Ўкраіну, што яшчэ хутчэй аб'яднае супраць Пуціна ўвесь свет, а ад беларусаў запатрабуе яшчэ большай рашучасці.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках