Аланд абнавіў склад урада Францыі
1- 27.08.2014, 9:48
- 2,958
Пры гэтым большасць міністраў захавалі свае пасады.
Пра гэта паведамляе Agence France-Presse, піша Lenta.ru.
У новым урадзе засталіся міністры замежных спраў Ларан Фабіюс, абароны Жан-Іў Ле Дрыян, унутраных спраў Бернар Казнеў, фінансаў Мішэль Сапен. Таксама свае пасады захавалі кіраўнікі міністэрства экалогіі і энэргетыкі Сегален Руаяль і міністэрства юстыцыі Крысціян Табіра.
Змены закранулі міністэрствы адукацыі і эканомікі. Кіраўнікамі гэтых устаноў сталі Эмануэль Макрон, які раней працаваў у адміністрацыі прэзідэнта і Наджат Вала Бэлькасэм адпаведна.
25 жніўня ўрад Францыі на чале з прэм'ер-міністрам Мануэлем Вальсам падаў у адстаўку. Аланд задаволіў просьбу, пры гэтым Вальс захаваў сваю пасаду. Яму было даручана сфармаваць новую каманду «ў адпаведнасці з тым курсам, які прэзідэнт вызначыў для Францыі».
Адстаўка ўрада рушыла следам праз дзень пасля заявы міністра эканомікі Арно Монтэбура. 24 жніўня ён рэзка раскрытыкаваў эканамічную палітыку ЕЗ, якую вызначае Нямеччына, і заявіў, што Парыж не мае намеру больш ісці на повадзе ў Бэрліна. Са слоў Монтэбура, палітыка жорсткай эканоміі, якую Бэрлін навязаў Еўропе, вядзе да росту беспрацоўя.