5 траўня 2024, Нядзеля, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакат Лэйлы Юнус: Стан маёй падабароннай дайшоў да крытычнага парогу

1
Адвакат Лэйлы Юнус: Стан маёй падабароннай дайшоў да крытычнага парогу

У Азербайджане абаронцы Лэйлы Юнус, дырэктара Інстытута міру і дэмакратыі, б'юць трывогу з нагоды стану здароўя палітзняволенай.

Адвакат Эльчын Гамбараў 23 верасня заявіў, што не быў дапушчаны да яе ў СІЗА, як і днём раней яго калега Халід Багіраў.

"Сёння я прыбыў у следчы ізалятар у Кюрдаханы для сустрэчы з Лэйлай Юнус, але прадстаўнік СІЗА сказаў, што яна хворая і не можа сустрэцца з адвакатам. Я папрасіў, каб яна пісьмова апавясціла мяне пра гэта. Мне даставілі запіску, напісаную яе почыркам. У ёй было сказана: "Я захварэла, не магу рухацца", - распавёў учора "Каўказскаму вузлу" адвакат Гамбараў.

З ягоных слоў, яму не далі магчымасці пагаварыць з Лэйлай Юнус па тэлефоне. Тады ён звярнуўся за тлумачэннямі да начальніка СІЗА Азера Сеідава. "Я сказаў, калі Лэйла Юнус хворая, то павінна быць пераведзеная ў медычную частку. Азер Сеідаў пры мне патэлефанаваў па селектары лекару санчасткі і спытаў аб стане Лэйлы Юнус, на што атрымаў адказ, што яна "цалкам здаровая", - кажа ён.

Эльчын Гамбараў выказвае трывогу за здароўе і лёс Лэйлы Юнус. "З поўнай адказнасцю заяўляю, што фізічны і маральны стан маёй падабароннай дайшоў да крытычнага парогу. Выстаяць перад напорам дзяржаўнай машыны не кожнаму мужчыну дадзена. 60-гадовая, змучаная хваробамі, стрэсамі і турэмным рэжымам доктар навук Лэйла Юнус, выяўляючы нязломную волю да супраціву, фізічна знясіленая", - гаворыцца ў заяве Эльчына Гамбарава, распаўсюджанай з гэтай нагоды.

На яго погляд, далейшае знаходжанне ў турэмным зняволенні непазбежна прывядзе Юнус да смерці.

"У сітуацыі, якая склалася, пакуль не позна, неабходна змяніць меру стрымання Лэйлы Юнус. Няхай ёй на рукі і ногі надзенуць па бранзалету, няхай кватэра, дзе яна будзе пад хатнім арыштам, знаходзіцца пад самым жорсткім наглядам, няхай адключаць тэлефон і інтэрнэт, толькі б была магчымасць паўнавартасна аднавіць здароўе і рыхтавацца да судовага працэсу", - адзначае ён.

Раней пенітэнцыярная служба неаднаразова адмаўляла ва ўціску на праваабаронцу і парушэнне яе правоў, заяўляючы, што ўмовы ўтрымання Лэйлы Юнус адпавядаюць прынятым нормам.

З заклікам вызваліць Лэйлу Юнус з-пад варты выступілі праваабарончыя арганізацыі Human Rights Watch, Нарвежскі фонд "Дом правоў чалавека", Amnesty International і Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў.

Лэйла Юнус неаднаразова выступала з крытыкай рэжымаў Аліева і Лукашэнкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках